Першыя кінатэатры Ліды. Якія яны былі?

04 Августа 2016 2840

Кінатэатр «Эдысан». Гэты дом меў адрас: Віленская, 10 – і ў ім знаходзіўся адзін з першых лідскіх кінатэатраў. Ён стаяў насупраць былога касцёла кармелітаў (прыкладна насупраць таго месца, дзе зараз знаходзіцца музычны каледж), на поўнач ад Фарнага касцёла.

Але ж гэта сапраўдная фантазія

У пачатку XX ст. кінематограф набывае папулярнасць ва ўсім свеце. У Расійскай імперыі першыя пастаянныя кінатэатры з’яўляюцца ў 1903-04 гг. пад назвамі «сінематографы», «біяскопы» або «ілюзіёны». За перыяд з 1903 па 1907 гг. у іх дэманстраваліся толькі фільмы вытворчасці французскіх фірмаў «Патэ», «Гамон» і інш. Часта ў адным сеансе паказваліся як гульнявыя, так і дакументальныя фільмы.

Паралельна з пастаяннымі кінатэатрамі існавалі і перасоўныя, якія пераязджалі з горада ў горад. Пра адзін з такіх кінатэатраў у Лідзе паведамляла прэса ў 1908 г. Газета «Кур’ер Літоўскі» змясціла заметку гараджаніна пра, магчыма, першую дэманстрацыю кіно ў горадзе: «Ліда. (Глядач.) Тэатр «Фантазія» ёсць сапраўдным адбіткам фантазій пана дырэктара кінематографа, якія зусім не стасуюцца з грамадскімі меркаваннямі. Вечарам 1 снежня ў 21-30 я з кампаніяй знаёмых прыйшоў у гэтую «Фантазію», мы купілі квіткі, якія тут не таннейшыя, чым у Варшаве, і не паспелі мы праглядзець усе 10 карцін, як раптоўна стала цёмна, і мы пачулі нейчы голас, што сеанс закончаны. Не дапамаглі пратэсты нас і яшчэ некалькіх гледачоў, нехта сказаў: «Але ж гэта сапраўдная фантазія». Тыя карціны, якія мы паспелі разгледзець, былі зроблены так дрэнна і невыразна, што часам немагчыма было зразумець іх сэнс ..., часам выявы былі як у тумане.

Смачней за цягучку «Ілюзіён»

У пачатку ХХ ст. у Лідзе жыў і вучыўся ў мясцовай яўрэйскай школе-хедары будучы выкладчык і адзін з заснавальнікаў кіназнаўчага факультэта ўніверсітэта кінематаграфіі (так званы “ВГИК”) Іосіф Далінскі (1900–1983), мемуары якога я нядаўна набыў у букініста. Менавіта ў Лідзе Далінскі першы раз убачыў тое, што потым стала ягонай прафесіяй: “Ах, Ліда, Ліда, менавіта тут я стаў гарачым прыхільнікам новага мастацтва, якое, вядома, не магло не ўздзейнічаць на маё ўяўленне, на маю фантазію. Менавіта ў Лідзе пачалася мая кінематаграфічная жыццёвая адукацыя”, – пісаў ён. Дзякуючы мемуарам былога жыхара Ліды мы трошкі ведаем пра пачаткі кіно ў нашым горадзе.

Пасля 1908 г. у Лідзе з’яўляецца кінатэатр “Ілюзіён”, але, магчыма, гэта не назва ўстановы, а проста слова, адпаведнае сучаснаму слову “кіно”, бо ў той час у Расіі кінатэатры называліся менавіта “ілюзіёнамі”. Далінскі пісаў: “Вельмі рана, не памятаю, з якіх гадоў, я пачаў наведваць кінатэатр “Ілюзіён”. У ім не было нават крэслаў, і, па меншай меры, у самых першых радах, мы, хлапчукі, сядзелі на лаўках. Каштаваў нам білет вельмі танна, усяго 5 капеек. Але як іх дастаць? Я стаў прасіць у таты, ён быў – я адчуваў – вельмі добры, на цукеркі 2-3 капейкі. Я нічога не купляў або на 1-2 капейкі цягучку і спецыяльна смактаў яе на вачах у таты, каб ён бачыў, як я марную яго грошы на прысмакі. Больш за тое, я дзяліў цягучку паміж сабой і братамі, цягучкі былі доўгія і салодкія. Астатнія грошы збіраў на “Ілюзіён”. Калі збіралася 5 капеек, я днём ішоў у кінатэатр. “Ілюзіён” мне здаваўся даволі вялікім, з шырокім калідорам, вялікай доўгай глядзельнай залай. Уваходзілі мы туды нясмела, як у сінагогу: жарт сказаць, цуд, белы экран, і на ім раптам жывыя людзі, розныя звяры, вуліцы, лес, возера і нават дзіўнае бяскрайняе мора, тады мне абсалютна невядомае”.

kino3

Будынак з кавярняй Маліноўскага, якая згарэла.

Помніць Далінскі і змест фільмаў пачатку мінулага стагоддзя: «У змесце фільмаў усё ж разбіраўся. Памятаю: бацька і сын з сабакам адпраўляюцца на паляванне. У іх стрэльбы. Але ў лесе сын адстае ад бацькі, хоча самастойна пастраляць зайца, нават ваўка, і птушак. Паляўнічыя з сабакам паглыбляюцца ў лес. Сустракаюцца птушкі, заяц, воўк – паляўнічыя і сабака шукаюць іх, але сын хоча самастойна (я яму спачуваю) пастраляць. Ён апынуўся ўжо насупраць бацькі, але бацька яго не бачыць, і сын не бачыць бацькі. Нечакана раздаецца стрэл: сын страляе ў бок бацькі, але ні ў каго не трапляе. Бацька … ужо забіў некалькі птушак ... апошні стрэл (ён думае, у зайца) трапляе і забівае насмерць сына. Страшнае ўражанне рабілі падзенне сына і момант, калі бацька паварочваецца і бачыць, што забіў яго. Гэта вельмі страшна для маленькіх гледачоў, якія ўжо разумеюць смерць: гібель чалавека ўспрымаецца як трагедыя. У мяне тады памёр дзед – бацька майго бацькі. Якая трагедыя ў маленькага гледача! Колькі перажыванняў! І нават ёсць патрэбная мараль: слухайся бацькі, а то здарыцца нешта сумнае, нават жудаснае. Запомніў і назву гэтай карціны “Трагічнае паляванне”». Фільма з такой назвай у каталогу фільмаў той эпохі няма, але вядома, што ў тыя часы адзін і той жа фільм нярэдка выпускаўся пад рознымі назвамі.

Паказваліся і камедыі: “Памятаю і камічнае: бясконцыя пагоні, кіданні нейкіх прадметаў і нават цеста адзін у аднаго, нават у твар ... памятаю, што былі надпісы, якія мы ледзь паспявалі прачытаць, але гэта было не так важна. Змест мы ведалі часам загадзя ад іншых хлапчукоў або разумелі яго з першага кадра. Гэта была велізарная асалода, нейкае асаблівае, загадкавае бачанне ... Гэты кінатэатр, як я потым даведаўся, працаваў на газе ... Потым у двары мы гулялі ў нямыя карціны: мы бегалі адзін ад аднаго або штурхаліся, і заўсёды чамусьці ўсё канчалася пагоняй ... Гэта было самае ранняе дзяцінства”.Першы лідскі кінатэатр “Ілюзіён” знаходзіўся недзе ў цэнтры горада.

Ёсць ложы, буфет і... падарожжа ў нязведанае

“Эдысан” адчыніўся ў Лідзе каля 1910 г. Ён месціўся блізка ад перакрыжавання вуліц Віленскай і Каменскай (сучасныя Ленінская і Савецкая), у старой двухпавярховай камяніцы XIX стагоддзя, там, дзе сённяшні сквер, праз адзін дом ад Фарнага касцёла, у тым жа доме, дзе і кавярня Малiноўскага (у 1930-я гг. – крама дамскай галантарэі), але з уваходам са двара. Уладальнікам і дырэктарам кінатэатра быў Натан Левін, яго супольнікамі былі М. Алькеніцкі і А. Мяснік. Гэта быў кінатэатр з балконам і буфетам.

kino1

Рэклама кінатэатра “Эдысан” у 1934 г.

Далінскі ўспамінаў: “Але вось я ўжо больш сталы. З’явіўся новы кінатэатр на галоўнай вуліцы ... Ля ўвахода буйна электрычнымі лямпачкамі назва – “Эдысан”. Такая цікавая назва здзіўляе, дзівіць нават ... Туды ўваход каштаваў 10 ці нават 15 капеек. Бацька ўжо рэгулярна дае мне па 5 капеек. Я іх збіраю і бягу, задыхаючыся, у кінатэатр. Сюды часам хаджу бясплатна разам са сваім таварышам, бацька якога – адзін з гаспадароў “Эдысана”. Тут крэслы і нават ложы. У фае развешаныя афішы, стаяць крэслы, маецца нават буфет. Фае спецыяльна для чакання: сеанс вялікі, гадзіну і больш. Мы ўваходзім у глядзельную залу ўжо не па-хлапечы, а як падлеткі. Мы абодва высокія, нас нават можна прыняць за юнакоў”.

Кінематограф паступова пераўтвараўся ў новы від мастацтва, змяняўся рэпертуар кінатэатраў: “Карціны тут (у “Эдысане”) “сур’ёзныя”: па дзве драмы, па дзве камедыі, а напачатку абавязкова пейзажныя. У іх нейкія незнаёмыя рэкі, горы, вадаспады, моры бязмежныя, у іх вялікія хвалі, хвалі...

Кінематограф захапляе, здзіўляе, кліча да сябе; у ім можна нечакана ўбачыць тое, што ніколі не зможаш убачыць: усё далёкае, дзіўнае. Мастацкія любоўныя драмы ўзбуджаюць, выклікаюць нейкія незразумелыя пачуцці. Пацалункі, абдымкі дарослых, якіх не бачыш у жыцці, вельмі халодныя, але разам з тым яны тояць у сабе нешта прыцягальнае. Потым мы, хлопцы, гуляем (бегаем, ходзім) па экранных узорах. Асаблівае ўражанне пакінула карціна “Зігамар”. Гэта ўжо не адна карціна, а серыя фільмаў, колькі – не памятаю. Але вельмі добра памятаю, што нашы гульні ў “разбойнікаў” пасля “Зігамара” напоўніліся больш канкрэтным зместам. Я нават у душы музіцыраваў, як у кіно”.

«Зігамар» (1911 г.) – гэта адзін з фільмаў знакамітай французскай крымінальнай серыі па рамане Лявона Сазі, рэжысёр – Віктор Жасэ. Фільм апавядаў пра супрацьстаянне дэтэктыва Палена Бракэ і банды крымінальнікаў «Дзета». «Зігамар» быў вельмі папулярны ў розных краінах Еўропы, у тым ліку і ў Расіі. Цікава, што на адной са старых паштовак з выявамі горада Ліды, на плоце насупраць кінатэатра “Эдысан”, якраз бачна афіша “Зігамара”.

На паштоўцы прыкладна 1916 г. бачна, што будынак з кінатэатрам і кавярняй Малiноўскага згарэў, верагодна пры ўваходзе нямецкіх войскаў у Ліду ў верасні 1915 г. Дарэчы, Міхал Шымялевіч пісаў, што ў першы дзень вайны менавіта “ў кавярні Маліноўскага (цяпер крама Бердаўскiх каля кiнатэатра «Эдысан») афiцэры Лiдскага гарнiзона пiлi каву i палiтызавалi на тэму, што «германцам следует побить морду»”. Але ўжо на паштоўцы 1918 г. бачна: будынак адрамантаваны.

Вандруй сабе ад залы да залы

Тэлефонны даведнік 1934 г. дае адрас кінатэатра «Эдысан» – Сувальская, 10.

Напрыканцы 1930-х гг. Ліда мела кінатэатры «Эдысан», «Эра» і «Маленькае», усе знаходзіліся на вуліцы Сувальскай. Кіно было галоўным месцам адпачынку і важнай культурнай з'явай. У рэпертуары пераважалі камедыі, але былі і сур'ёзныя карціны. Паказам фільмаў звычайна папярэднічаў паказ (часопіс) ПТА (Польскага тэлеграфнага агенцтва). А вячэрнім сеансам нярэдка папярэднічала рэвю (кінаагляд). У «Эдысане» паказвалі «лепшыя фільмы нашага часу з моцным гукам», праграмы мяняліся прыблізна штотыдзень. Напрыклад, 12 сакавіка – 8 красавіка 1939 г. на экране гэтага кінатэатра паказваліся фільмы «Тыран», «Вязніца без кратаў», «Каханне ў джунглях», «Таямніца Чырвонага мора».

Будучая прафесар і доктар, а ў 1930-х гг. лідская гімназістка Ірэна Стасевіч успамінала, як разам са сваім сябрам Уладзіславам Нарушэвічам яны часта рабілі вандроўку па лідскіх кінатэатрах: пачыналі з “Эдысана”, потым пераходзілі ў “Эру”. Пасля прагляду кінафільма ў “Эры” вандроўка заканчвалася ў “камерным кінатэатры, які зваўся “Маленькае”, дадам, што прыходзілася глядзець і “нямыя” фільмы пад акампанемент фартэпіяна”.

Сам жа Уладзіслаў Нарушэвіч расказаў у сваіх мемуарах сапраўдную анекдатычную гісторыю. Нейкі селянін з жонкай, пасля ўдалага гандлёвага дня, пайшлі ў кінатэатр «Эдысан». Месцы занялі на балконе ў бакавым крыле, блізка да экрана. Ішоў крымінальны фільм, у галоўны момант забівалі багатую, маладую і прыгожую жанчыну. У момант забойства жанчына была занятая чытаннем і не бачыла бандыта, які набліжаўся да яе. Калі ён ужо быў блізка каля ахвяры, жонка ўхапіла мужа за руку і пачала голасна крычаць: «Кінь у бандыта ботам, бо заб'е!» Селянін выканаў загад – зняўшы бот, кінуў яго ў экран. Экран парваўся, у кінатэатры пачалася паніка. Прэса паведамляла, што ўлетку 1937 г. ненавязаны конь з возам, пакінуты жыхаром вёскі Мастоўшчына Станіславам Снацкім, пасвіцца на вуліцы Сувальскай, выбіў шыбу ў кінатэатры «Эдысан».

Школьная моладзь мела праблемы з вячэрнімі сеансамі, бо настаўнікі не дазвалялі моладзі паказвацца на вуліцы без дарослых пасля 20 гадзін, тым больш хадзіць у кіно на вячэрнія сеансы. Толькі некаторыя смельчакі ішлі на рызыку напароцца на дзяжурнага настаўніка. Таму, каб патрапіць на вячэрні сеанс, некаторыя зухі апраналіся як дарослыя.

Месцы ў кінатэатрах не нумараваліся, купіўшы білет, пры жаданні можна было застацца ў глядзельнай зале на некалькі сеансаў. У кінатэатрах, акрамя паказу кінафільмаў, арганізоўваліся тэатральныя пастаноўкі вандроўных труп, ладзіліся танцавальныя вечары, дабрачынныя мерапрыемствы, балі-маскарады і г. д., у якіх магло прымаць удзел да 500 чалавек.

У красавіку 1937 г. лідскі стараста Міклашэўскі падчас прыватнага прагляду кіно ў кінатэатры «Эдысан» асабіста пераканаўся, што тут паказваўся не ўзгоднены са староствам і не дазволены для моладзі фільм, а моладзь якраз і складала большасць гледачоў на гэтым сеансе. Стараста прыцягнуў гаспадара кінатэатра да адміністрацыйнай адказнасці, і ў выніку той быў аштрафаваны на 30 злотых.

Будынак, дзе месціўся кінатэатр “Эдысан”, згарэў у 1941 г.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться