Лідчанін канкурыруе з Google

18 Февраля 2013 2520

Кожны дзень сотні наведвальнікаў з Беларусі, Расіі, ЗША, Польшчы і іншых краін заходзяць на старонку сайта “Белазар”, каб перакласці тэкст з рускай на беларускую мову ці наадварот. Але наўрад ці хто з карыстальнікаў ведае, каму менавіта ён абавязаны магчымасцю зрабіць гэта хутка і дастаткова якасна. Насамрэч стваральнікам гэтай вядомай праграмы з’яўляецца наш зямляк, лідчанін Алег Азароўскі (на здымку).

Па меркаванні самаго Алега (наладзіць кантакт з якім давялося з дапамогай Інтэрнэта), сённяшняму школьніку стаць праграмістам нашмат прасцей. У наш час нават тэлефоны маюць больш магутныя працэсары, чым тыя камп’ютары, на якіх ён у школе вывучаў інфарматыку. Так, напрыканцы 1980-х, калі Алег вучыўся ў старэйшых класах, у СШ № 6 нават не было персанальных ЭВМ. Таму на заняткі па інфарматыцы яму разам з аднакласнікамі даводзілася хадзіць у СШ №7 (цяпер – гімназія №1), дзе быў абсталяваны камп’ютарны клас. Магчымасцямі гэтай тэхнікі хлопец быў зачараваны. Алег скупляў усе кніжкі па інфарматыцы і праграмаванню, якія можна было знайсці ў нашай кнігарні. І вось так паступова далучаўся да сваёй будучай прафесіі.

Не дзіва, што пасля заканчэння школы малады чалавек мэтанакіравана паступіў на факультэт прыкладной матэматыкі БДУ. Атрымаўшы ж вышэйшую адукацыю, лідчанін працаваў у Воранаўскай мытні, дзе прымаў удзел у першапачатковай аўтаматызацыі мытнага кантролю на памежных пастах. Справа гэта была новая і вельмі цікавая. Цяпер жа Алег Іванавіч займаецца маркетынгам і часам праграмаваннем на адным з прадпрыемстваў нашага горада.

– Алег, што падштурхнула Вас да стварэння праграмы “Белазар”? – пацікавілася я ў аўтара.

– Адсутнасць у Інтэрнэце руска-беларускага камп’ютарнага перакладчыка наогул. Нейк прыкра стала. А натхніла да гэтай працы любоў да роднай мовы, якую з дзяцінства прывіла мне маці, настаўніца беларускай мовы. Адзначу, што гэта быў сапраўдны прарыў у беларускай камп’ютарнай лінгвістыцы. “Белазар” для Windows можна было сустрэць на кожным пірацкім дыску, які з’яўляўся ў продажы напачатку 2000-х гадоў.

– Цяпер гэта ўжо далёкая гісторыя?

– Так. У камп’ютарнай сферы сітуацыя хутка змяняецца – у сувязі з тым, што ўсё большае распаўсюджанне набываюць персанальныя камп’ютарныя прылады новага пакалення: разумныя тэлефоны (смартфоны), планшэты, тэлевізары з убудаваным аглядальнікам Інтэрнэта, з мабільнымі аперацыйнымі сістэмамі Андроід і iOS, якія не падтрымліваюць праграмы Windows. Такім чынам, каб мець магчымасць перакладаць беларускія і рускія тэксты на кожнай камп’ютарнай прыладзе з доступам да Сеткі, летам 2009 года была запушчана першая версія анлайн-перакладчыка “Белазар”. Дарэчы, амаль адначасова з’явіўся беларускамоўны напрамак і на вядомым серверы перакладаў Google Translate.

– Алег, ці спынілася на гэтым праца над руска-беларускім перакладчыкам?

– Не. Напачатку 2013 года анлайн-перакладчык Belazar.info значна абнавіўся: была палепшана падтрымка мабільных прылад з невялікімі экранамі, абноўлены алгарытм перакладаў. Напэўна, гэта бясконцы працэс. Слоўнікавая база “Белазара” ўвесь час пашыраецца і паляпшаецца. На сённяшні дзень яна мае 180 тысяч слоў і словазлучэнняў у беларускай частцы і 210 тысяч у рускай і ахоплівае бадай што ўсю агульнаўжывальную лексіку. Перакладчык прытрымліваецца афіцыйнага беларускага правапісу 2010 года, аднак можа перакласці на рускую мову і “тарашкевіцу”, а таксама тэкст, напісаны старым афі-цыйным правапісам, што дзейнічаў да 2010 года. Акрамя таго, наколькі гэта магчыма, у зыходным тэксце перад перакладаннем выпраўляюцца арфаграфічныя хібы.

– Але карыстальніку трэба быць уважлівым. «Белазар» таксама можа памыліцца…

– На жаль, ніводны машынны перакладчык пакуль не можа паспрачацца з якасцю працы чалавека-лінгвіста. У “Белазара” дагэтуль ёсць праблемы з перакладам назоўнікаў у спалучэнні з лічэбнікамі “два”, “тры”, “чатыры”: рускае “три стола” ён перакладае як “тры стала” (правільна – “тры сталы”). Ёсць цяжкасці з абраннем слушнага варыянта перакладу для слова ў кантэксце: напрыклад, рускае “надевать шубу” перакладаецца як “апранаць футра”, але “надевать носки” будзе перакладзена як “апранаць шкарпэткі”, у той час як правільна сказаць – “надзяваць”. Шмат якіх праблем у перакладзе можна пазбегнуць, папярэдне праверыўшы зыходны тэкст на наяўнасць памылак, скараціўшы сказы, спрасціўшы іх будову. Парады па карыстанні перакладчыкам ёсць на сайце Belazar.info.

– Ці была Ваша праца адзначана матэрыяльна?

– “Белазар” распачынаўся і дагэтуль развіваецца як цалкам бясплатны праект. Планы зарабляць грошы з дапамогай сэрвіса перакладаў ёсць, але пра гэта казаць яшчэ рана. У любым выпадку “Белазар” застанецца бясплатным для карыстальнікаў.

– Алег, якія ў Вас планы на бліжэйшы час? Ці ёсць жаданне стварыць яшчэ якую-небудзь карысную праграму?

– Планаў шмат, але, на жаль, вольнага часу на іх ажыццяўленне заўсёды не хапае. Трэба паляпшаць пераклад слоў у кантэксце сказу. Трэба больш актыўна задзейнічаць дапамогу карыстальнікаў ва ўдасканаленні слоўніка праграмы. Можна дадаць у “Белазар” элементы статыстычнага машыннага перакладу, такога, які выкарыстоўваецца на сэрвісе Google Translate. А яшчэ ёсць жаданне зрабіць асобны перакладны анлайн-слоўнік, не перакладчык.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться