У Лідскім гісторыка-мастацкім музеі адбылася прэм’ера кароткаметражнага дакументальнага фільма «Лідскі замак»

03 Февраля 2016 1509

Студыяй “Летапіс” Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” летам і восенню мінулага года вяліся здымкі цыкла кароткаметражных дакументальных фільмаў аб замках Беларусі. Аўтарам ідэі і сцэнарыяў з’яўляецца дырэктар студыі Уладзімір Мароз. Над кожным з дзевяці фільмаў працаваў свой рэжысёр. Рэжысёр фільма пра наш Лідскі замак – Ірына Волах. Здымачная група на чале з ёй працавала ў нашым горадзе ў кастрычніку (аб гэтым тады пісала “Лідская газета”).

А днямі ў Лідскім гісторыка-мастацкім музеі адбылася прэм’ера кароткаметражнага дакументальнага фільма “Лідскі замак”, на якую былі запрошаны мясцовыя гісторыкі, краязнаўцы, проста зацікаўленыя людзі. На прэм’еры фільма прысутнічалі і яго аўтар сцэнарыя і рэжысёр, а таксама кансультант у час здымак фільма, вядомы археолаг, гісторык архітэктуры Алег Трусаў. Дарэчы, першымі раскопкамі пад кіраўніцтвам Алега Трусава як археолага былі менавіта раскопкі ў канцы 70-х гадоў на тэрыторыі нашага замка. Знаходкі тых часоў, якія захоўваюцца ў фондах Лідскага гісторыка-мастацкага музея, паказаны ў фільме. Увогуле, Алег Трусаў выступае ў фільме галоўным героем, яго змястоўныя і цікавыя аповеды пра гісторыю замка, яго архітэктурныя асаблівасці суправаджаюць фільм ад пачатку і да канца.

Яшчэ больш наглядна ўявіць мінулае старажытнага помніка архітэктуры дапамагаюць фатаграфіі, паштоўкі, малюнкі. Зразумела, паказаны і сама лідская славутасць у розных ракурсах, яе двор, галерэя, вежы. Прычым бачна, што ўнутры замка віруе сваё жыццё: праводзяцца экскурсіі, выступаюць сучасныя рыцары, дзейнічаюць гістарычныя выстаўкі (у здымках былі задзейнічаны экскурсійная група старшакласнікаў СШ №11, удзельнікі рыцарскага клуба “Залаты леў” і анімацыйнай групы “Incognito”).

музей

 На пярэднім плане – рэжысёр Ірына Волах і гісторык Алег Трусаў.

Праз увесь фільм праходзіць думка, што Лідскі замак жыў багатым на падзеі жыццём у першыя стагоддзі свайго існавання і жыве насычаным жыццём і ў нашыя дні, і тады былі, і цяпер ёсць у яго свае абаронцы. Бачна, што матэрыялу для фільма здымачная група студыі “Летапіс” выкарыстала шмат. Фільм ідзе ўсяго 13 мінут, але вельмі змястоўны і насычаны цікавай і пазнавальнай інфармацыяй. Увогуле, на думку аўтара сцэнарыя і рэжысёра, Лідскі замак, Ліда, яе людзі вартыя асобнага цыкла дакументальных фільмаў. А значыць, можна меркаваць, што візіты здымачнай групы студыі “Летапіс” у наш горад яшчэ могуць мець месца ў будучым.

У час прэм’еры фільма згадваліся імёны колішніх кіраўнікоў Ліды: Уладзіміра Логаша, які ў 70-я гады падняў пытанне аб рэканструкцыі Лідскага замка, і Андрэя Худыка, пры якім ужо ў пачатку XXI стагоддзя гэта рэканструкцыя атрымала працяг.

У музей былі перададзены два дыскі з фільмам пра Лідскі замак (адзін з іх – з цітрамі на англійскай мове, для замежных турыстаў). У сваю чаргу, гасцям на памяць аб сустрэчы былі падораны сувенірныя талеркі з выявай Лідскага замка, экзэмпляры кнігі “Этапы жыццёвых дарог” (да 100-годдзя з дня нараджэння Валянціна Таўлая), буклеты.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться