Ліда на старых выявах. Замак у 1915-1918 гадах (фота)

05 Января 2013 2117

Мы працягваем цыкл публікацый пад назвай “Ліда на старых выявах”. Падрыхтаваў іх Леанід Лаўрэш, аўтар кнігі “Ліда на старых паштоўках...” Асноўныя крыніцы цыкла – старыя паштоўкі з выявамі горада. Прапануем увазе чытача наступную падборку, звязаную з нашым галоўным архітэктурна-гістарычным помнікам – Лідскім замкам напачатку ХХ стагоддзя.

Лета 1914 г. выдалася неверагодна спякотным, тэмпература паветра набліжалася да 40°. І менавіта ў гэтае спякотнае лета пачыналася Першая сусветная вайна. 28 ліпеня 1914 года Аўстра-Венгрыя аб’явіла вайну Сербіі. 29 ліпеня Расія аб’яўляе частковую мабілізацыю, у Лідзе яна пачалася 30 ліпеня. Вось як апісвае пачатак вайны адзін з лепшых знаўцаў гісторыі Лідчыны і непасрэдны сведка падзей Міхал Шымялевіч: “На вуліцы Віленскай (зараз Савецкая – Л. Л.) горада сабраліся групкамі гараджане, яны чыталі толькі што атрыманыя з цягніка газеты і, кожны на свой капыл, каментавалі бягучую сітуацыю ў свеце. Мабілізацыя яшчэ не пачалася, і агульным перакананнем было тое, што Расія толькі робіць дэманстрацыю сваёй магутнасці, а насамрэч вайны не будзе, бо ніхто яе не хоча. …Над Лідай, выконваючы вучэбны палёт, нізка кружыў аэраплан «Фарман». Ён зрабіў кола над рынкам (сучасная плошча Леніна – Л. Л.) і паляцеў на ўсход. Раптам аэраплан стаў хутка зніжацца і падаць. Натоўп зявак, думаючы, што аэраплан упадзе каля рэчкі Лідзейкі, кінуўся ў бліжэйшыя завулкі – Шкляны, Камерцыйны, Паліцэйскі (яны вялі ў бок рэчкі – Л. Л.). Але пілот выраўнаваў машыну, і яна зноў узвілася пад аблокі. Зявакі пачалі вяртацца да цэнтру, і якраз у гэты час па Віленскай вуліцы на дрожах да паліцэйскай управы імчаўся, трымаючы ў руцэ дэпешу, павятовы паліцэйскі спраўнік Гротэ дэ Буко. Адразу вуліца зразумела: мабілізацыя! У імгненне вока вуліца апусцела. Да позняй ночы горад не спаў. Кожны зразумеў, што вайна непазбежна і нікога яна не абміне”. Пасля абвяшчэння мабілізацыі замак стаў мабілізацыйным пунктам, дзе збіралі прызыўнікоў.

Пасля шэрагу цяжкіх паражэнняў расійскіх войск 10 верасня 1915 года нямецкія войскі ўваходзяць у Ліду.

Падчас акупацыі была выпушчана вялікая колькасць паштовак з выявамі горада, у тым ліку і замка. 

1. Аэраплан “Фарман” на Лідскім аэрадроме. Можа, менавіта ён кружыў над горадам у дзень пачатку мабілізацыі.

Лидский замок

2. Нямецкія войскі ідуць па вуліцы Віленскай (зараз тут магазін “Дамавіты”) у напрамку Лідскага замка.

02

3. Паўночна-заходні бок замка і ўваход у яго.

Лидский замок

4. Паўночная сцяна замка.

Лидский замок

5. Паўночна-ўсходні бок замка і калодзеж.

Лидский замок

6. Лiдскi замак у 1917 г. У 1917 г., пры нямецкай акупацыі, выйшла кніга «Лiда ўчора i сёння» з 25 малюнкамі горада.

Лидский замок

Поделиться
2Комментарии
Авторизоваться
img
Цудоўная рубрыка! Добра, што у выданні не шкадуюць месца і на вялікую колькасць фотаздымкаў. Без іх сухія факты былі б не такімі змястоўнымі. У будучым хацелася, каб аўтар расказаў чытачам і пра іншыя аб'екты. Хочацца ўбачыць як выглядала раней галоўная плошча, гарадскі парк, мікрараёны.
11:3728 Января 2013
img
plus500 jak zarabiać Пожаловаться
Cześć wszystkim. Chciałem tylko zgłosić że <br />strona co jakiś czas nie działa...
12:453 Апреля 2017