Станцыя Ліда: гісторыя даўжынёй у 130 год

30 Декабря 2014 3849

Сярод камунікацый горада Ліды асаблівае значэнне належыць чыгунцы. Днём нараджэння станцыі Ліда лічыцца 30 снежня 1884 года, калі ў строй быў уведзены Віленска-Ровенскі ўчастак Палескай чыгункі. На падставе архіўных дакументаў, атрыманых у музеі лакаматыўнага дэпо Ліда, вядома, што Ліда была станцыяй трэцяга класа і знаходзілася на 89-й вярсце Вільня-Ровенскай чыгункі. На станцыі былі ў наяўнасці: адзін пасажырскі будынак, 60 пагонных сажаняў пасажырскіх платформаў, 10 пагонных сажаняў крытых і 20 – закрытых таварных платформаў, тры стойлы паравозных будынкаў, вадаёмны і водапад’ёмны будынкі, тры жылыя дамы (I, II, IV тыпу). Былі на станцыі і службовыя памяшканні. Быў пабудаваны і першы драўляны вакзал, а каля яго ў 1897 годзе праваслаўная капліца.

Другім этапам будаўніцтва чыгункі на Лідчыне стала пракладка лініі Полацк – Сядлец, якая была здадзена ў эксплуатацыю ў 1907 го-дзе. Будынак вакзала быў перанесены на сучаснае месца. Новы цагляны вакзал ў Лідзе быў пабудаваны па тыпавым праекце для сумеснага карыстання абедзвюх дарог.

Дзякуючы чыгунцы горад атрымаў значны штуршок для свайго развіцця. Гарадская архітэктура ўзбагацілася раней невядомымі архітэктурнымі формамі: вакзальным будынкам, дэпо і чыгуначнымі майстэрнямі, воданапорнай вежай, чыгуначнымі мастамі. Разам з чыгункай з’явіліся тэлеграф і тэлефон, электрычнасць. Будаўніцтва і эксплуатацыя чыгункі прывяла да з’яўлення кваліфікаванага і арганізаванага атрада працоўнага класа – чыгуначнікаў.

З пачаткам Першай сусветнай вайны на беларускіх землях было ўведзена ваеннае становішча, якое ў першую чаргу распаўсюджвалася на чыгунку. Быў прыняты шэраг пастаноў па ўзмацненні працоўнай дысцыпліны, папярэджанні п’янства, прыцягненні мясцовага насельніцтва да аховы чыгуначнага палатна і ліній тэлеграфа і г. д. 12 чэрвеня 1914 года на вакзале станцыі Ліда з’явілася тэлеграфная аб’ява аб тым, што чыгунка здымае з сябе ўсялякую адказнасць за своечасовую дастаўку таварных грузаў. Пры адступленні рускіх войскаў з Ліды ў 1915 годзе ў горадзе быў часткова спалены будынак Лідскага вакзала і разбураны віядук на скрыжаванні Палескай і Полацк-Сядлецкай чыгунак каля сучаснай бальніцы. 

vo2

Вакзал у гады Першай сусветнай вайны.

3 18 мая па 3 чэрвеня 1916 года кайзер Германіі Вільгельм II быў у паездцы (Гамбург – Берлін – Мітава (Елгава) – Вільня – Ліда – Слонім – Гародня – Марыенбург). Захавалася паштоўка, якая адлюстроўвае знаходжанне кайзера на Лідскім вакзале.

З верасня 1915 года Ліда была акупавана кайзераўскімі войскамі. Падчас германскай акупацыі на тэрыторыі Лідскага ўезда былі пракладзены новыя вузкакалейныя чыгуначныя пуці, распачата распрацоўка тарфяных залежаў. У той жа час у Германію вывезена вялікая колькасць матэрыяльных каштоўнасцей.

3 студзеня 1919 года нямецкія войскі пакінулі тэрыторыю Лідскага павета, а праз некалькі дзён у горад увайшлі войскі Чырвонай Арміі. Былі сфарміраваны органы савецкай улады – Лідскі уездны ваенна-рэвалюцыйны камітэт, камітэты рабочага кантролю і іншыя. 

15 верасня 1920 года лідчане пазнаёміліся з новай для сябе формай савецкага жыцця – камуністычным суботнікам. У работах па ачыстцы чыгуначных пуцей і вакзальных памяшканняў удзельнічала 213 камунараў і 707 гараджан, аднесеных да беспартыйных. За тры гадзіны працы было прыведзена ў парадак 250000 сажаняў чыгуначных пуцей. На будынку чыгуначнага вакзала да пачатку 2000 года размяшчалася мемарыяльная дошка, якая сведчыла аб гэтай падзеі. Толькі ў верасні 1920 года было праведзена тры суботнікі. Рабочыя дэпо і іх сем’і займаліся ўборкай будынкаў вакзала і станцыйных тэрыторый. 

vok3

Спалены будынак вакзала.

Пасля заключэння Рыжскага мірнага дагавору (18 сакавіка 1921 года) тэрыторыя Заходняй Беларусі была ўключана ў склад Польшчы. Станцыя Ліда ўвайшла ў склад Віленскай акруговай дырэкцыі Польскіх дзяржаўных чыгунак. Чыгунка была найбуйнейшым працадаўцам у рэгіёне. Аб гэтым сведчыць наступны факт: у 1927 годзе на ўсіх прадпрыемствах Ліды працавала 338 чалавек, прыблізна столькі рабочых працавала на чыгунцы.

Па ўспамінах відавочцаў, на пачатку 1920-х гадоў, пакуль не быў адноўлены будынак вакзала, замест яго выкарыстоўвалася таварная кантора чыгункі (зараз адзін з будынкаў паліклінікі па вуліцы Труханава). Пасля аднаўлення вакзал быў пафарбаваны ў светла-крэмавы колер і пакрыты чырвонай дахоўкай.

У верасні 1939 года, пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР, пачаліся карэнныя пераўтварэнні ў сферы чыгуначнага транспарту. Стаялі наступныя задачы: перашыць усе пуці, уключаючы станцыйныя, з еўрапейскай каляіны 1435 мм на саюзную каляіну 1524 мм, замяніць зношаныя стрэлачныя пераводы і асобныя ўчасткі пуці. Да гэтых работ былі прыцягнуты, акрамя саміх чыгуначнікаў, амаль усе чыгуначныя войскі. У Ліду для правядзення аднаўленчых работ прыехала шмат сямей чыгуначнікаў з розных рэгіёнаў Савецкага Саюза: Л. П. Кукушкіна, Ф. Р. Драздова, У. П. Галоўкіна і іншыя. 

Перыяд з восені 1939 года па лета 1941 года стаў перыядам інтэнсіўных пераўтварэнняў, новых праектаў пашырэння чыгуначнай сеткі, рамонту існуючых дарог і чыгуначных станцый. У гэты перыяд узрос аб’ём перавозак – у сувязі з выкананнем гаспадарчых пагадненняў паміж Германіяй і СССР (19 студзеня 1939 г. – гандлёвае пагадненне паміж Савецкім Саюзам і Германіяй). Аднак шмат праектаў па мадэрнізацыі чыгункі не паспелі рэалізаваць таму, что пачалася Вялікая Айчынная вайна.

У першы дзень Вялікай Айчыннай вайны, 22 чэрвеня 1941 года, у Лідзе бамбардзіроўцы ў першую чаргу падвергліся аэрадром і чыгуначная станцыя. На вакзале і каля пераезда па вуліцы Свярдлова былі разбіты два пасажырскія цягнікі, у якіх аказалася вялікая колькасць забітых і параненых.

У першыя дні на станцыі было вельмі шматлюдна: пачаўся вываз насельніцтва і матэрыяльных каштоўнасцей. Служачым станцыі неабходна было не толькі вырашаць гэтыя пытанні, але і ў кароткі час ліквідаваць пашкоджанні пуцей, стрэлак, тэхнічных сродкаў і іншыя. 

27 чэрвеня 1941 года Ліда была захоплена часткамі вермахта і знаходзілася пад акупацыяй да 8 ліпеня 1944 года. Увесь гэты час нямецкае камандаванне выкарыстоўвала станцыю Ліда ў сваіх мэтах – ажыццяўлялася перавозка пасажыраў і грузаў. Аднак вядома, што ў начны час чыгунка не працавала. Рух цягнікоў пачынаўся раніцай і толькі пасля таго, як праходзіў кантрольны цягнік, які быў гружаны баластам. Гэта было звязана з тым, што праводзіліся шматлікія дыверсіі, арганізаваныя партызанамі і падпольшчыкамі. На станцыі дзейнічала некалькі падпольных груп пад кіраўніцтвам У. І. Пятроўскага, М. М. Ігнатава, А. А. Клімко, якія вялі барацьбу з ворагам.

Вызваленне БССР ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў пачалося восенню 1943 года і было завершана ў ходзе стратэгічнай аперацыі савецкіх войскаў «Баграціён» летам 1944 года. Ліда была вызвалена 8 ліпеня 1944 года. Пры адступленні немцы спалілі вакзал, разбурылі каляі чыгункі, падсобныя памяшканні. 

4 кастрычніка 2008 года на скрыжаванні вуліцы Энгельса і праспекта Перамогі быў адкрыты адзіны ў Беларусі памятны знак воінам-чыгуначнікам, якія прымалі ўдзел у вызваленні горада Ліды ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. На пастаменце змешчаны паравоз маркі Л-0563 выпуску 1956 года.

vok1

Вакзал у пачатку XX ст.

Па меры вызвалення тэрыторыі ад ворага ішло аднаўленне чыгуначных ліній і вузлоў. Адкрыццё руху цягнікоў на ўчастку Мала-дзечна – Ліда адбылося 19 ліпеня 1944 года. Аднаўленне народнай гаспадаркі адбывалася ў вельмі цяжкіх умовах: не хапала сродкаў, будаўнічых матэрыялаў, кваліфікаваных спецыялістаў, гаручага, інструментаў, механізмаў, акрамя гэтага, працягвалася Вялікая Айчынная вайна.

Праца чыгуначнікаў ускладнялася неспакойным становішчам вакол горада. Пасля вызвалення ў беларускіх лясах засталіся рэшткі бандыцкіх фарміраванняў. Яны не толькі разбуралі чыгуначныя каляі, але і рабілі замахі на жыццё службоўцаў чыгункі і членаў іх сямей.

Згодна з рашэннем VIII сесіі Вярхоўнага Савета рэспублікі, якая адбылася ў верасні 1946 года і прыняла Закон “О пятилетнем плане восстановления и развития народного хозяйства”, адраджэнне чыгункі расцэньвалася як адна з кардынальных эканамічных і сацыяльных праблем таго часу.

З верасня 1946 года станцыя Ліда ўвайшла ў склад Баранавіцкага аддзялення руху, дзе знаходзіцца да сённяшняга часу. У 1947 годзе на станцыі Ліда дзейнічалі цагельны завод, чарапічны цэх. У 1949 годзе быў адноўлены чыгуначны вакзал. З кожным годам павялічваўся і аб’ём грузавых і пасажырскіх перавозак. У верасні 1976 года на станцыі Ліда ўведзена ў дзеянне электрычная цэнтралізацыя стрэлак і сігналаў. Пабудаваны пост электрычнай цэнтралізацыі (ЭЦ) і два манеўровыя пасты – М-1 і М-2. У 80-я гады ў сувязі з усё большым грузапатокам на ўчастку Баранавічы – Вільнюс быў задзейнічаны для прыёму, адпраўлення і пропуску цягнікоў Віленскі парк станцыі Ліда. У 1982 годзе адбылася рэканструкцыя няцотнай гарлавіны Маладзечанскага парку, была пабудавана сартавальная горка.

Пасля развалу Савецкага Саюза і ўтварэння новых суверэнных дзяржаў для беларускай магістралі, як і для многіх іншых чыгунак на постсавецкай прасторы, пачаўся складаны і адказны перыяд. У новых палітычных і эканамічных умовах беларускія чыгуначнікі зрабілі ўсё магчымае, каб забяспечыць нармальнае функцыянаванне чыгуначных прадпрыемстваў, жыццядзейнасць усёй інфраструктуры магістралі і каардынацыю сумеснай працы з калегамі памежных дзяржаў.

Ішоў час, паступова рашаліся праблемы, і сёння станцыя Ліда з’яўляецца адасобленым структурным падраздзяленнем транспартнага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Баранавіцкае аддзяленне Беларускай чыгункі”. Па характары працы – участковая, а з 2013 года – пазакласная станцыя (найвышэйшы ўзровень). 

vok4

Станцыя Ліда пасля рэканструкцыі ў 2010 годзе.

З моманту ўз’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі і да нашых дзён на чале станцыі Ліда былі Д. І. Пракопаў, А. І. Рабчанка, А. І. Яргуловіч, П. М. Жыткевіч, Л. К. Нікіфараў, Л. Р. Сташкевіч, А. П. Саенка, Л. М. Лявіцкі, І. А. Гарадзецкі, Э. І. Шадура, з кастрычніка 1993 года – Аляксандр Васільевіч Хвасько. 

Сёння ў штаце станцыі – больш за 250 супрацоўнікаў. Працоўны калектыў штогод выконвае ўсе асноўныя паказчыкі прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця і сярод прадпрыемстваў горада знаходзіцца ў лідарах.

Асноўныя віды дзейнасці станцыі – адпраўленне пасажырскіх і таварных цягнікоў, апрацоўка складоў у парках станцыі, выкананне манеўровых аперацый, пагрузка і выгрузка грузаў.

На станцыі пастаянна ўкараняюцца тэхналагічныя навінкі – святлодыёдныя свяцільні, электронныя тэрміналы для грашовых разлікаў, сістэма “Экспрэс-3” і іншыя. Пасля рэканструкцыі ў 2010 годзе візітнай карткай горада стаў чыгуначны вакзал.

Усе сённяшнія поспехі станцыі Ліда – гэта вынік зладжанай працы ўсяго працоўнага калектыву і прафесіяналізму кіраўніцтва, памножаны на справы людзей папярэдніх пакаленняў.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться