Горад на старых выявах. Адукацыя ў Лідзе ў першай палове ХХ стагоддзя (фота)

15 Июля 2014 3576

Працягваем цыкл пад назвай “Горад на старых выявах” аўтара Леаніда Лаўрэша. У сённяшнім выпуску – падборка, звязаная з гісторыяй адукацыі ў нашым горадзе.

У пачатку ХХ стагоддзя асноўнымі навучальнымі ўстановамі ў Лідзе былі: мужчынскае прыходскае двухкласнае вучылішча, гарадское чатырохкласнае вучылішча, жаночае вучылішча Навіцкай, пачатковае яўрэйскае вучылішча (з 1905 – іешыва з 6-гадовым тэрмінам навучання). Даведнік «Города России в 1904 году» паведамляе, што ў горадзе было 6 навучальных устаноў, у якіх вучыліся 700 вучняў (500 мужчынскага полу і 200 жаночага) і працавалі 23 настаўнікі (18 мужчынскага полу і 5 жаночага).

01

Гарадское вучылiшча, пачатак ХХ ст. Будынак знаходзiўся з паўночнага боку Лiдскага замка. У 1920-30-я гг. у iм месцiлася гарадская школа №5 імя Людвіка Нарбута. Будынак не захаваўся.

7 кастрычніка 1901 г. у Лідзе было адчынена прыватнае жаночае трохкласнае вучылішча з падрыхтоўчым класам. Арганізавала і ўтрымлівала вучылішча Марыя Канстанцінаўна Навіцкая (у дзявоцтве Снітко) – выпускніца Віленскага вышэйшага Марыінскага вучылішча. “Кур'ер Літоўскі” пісаў у красавіку 1906 г.: “Прыватная жаночая школа ў Лідзе спадарыні Навіцкай хадайнічае аб пераўтварэнні ў прагімназію”. У верасні таго ж года М. Навіцкая і М. Палу “падалі прашэнне куратару навучальнай акругі аб дазволе адкрыць у Лідзе 4-класную прагімназію”. Вучылішча пераўтвараецца ў прагімназію, але 6 лістапада 1908 года ад разрыву сэрца памірае стваральніца Лідскай прыватнай жаночай прагімназіі Марыя Канстанцінаўна Навіцкая, тым не менш назва “прагімназія Навіцкай” застаецца. 17 верасня 1910 г. “Кур'ер Літоўскі” пісаў, што “25 жніўня ў Лідзе адкрыта прыватная гімназія Навіцкай з правамі дзяржаўнай школы”. Такім чынам, у пачатку 1910-х гг. у Лідзе існуюць: жаночая гімназія, 4-класная мужчынская прагімназія М. Палу, іешыва і інш.

04

Жаночая прагімназія М. Навіцкай, 1910-я гг., пасля шэрагу перабудоў у гэтым будынку зараз знаходзіцца Лідскі ліцэй.

Пасля двух беспаспяховых спроб, у 1905 г. Лідскі равін Iсак Якаў Рэйнес пры фiнансавай падтрымцы барона Гiнзбурга засноўвае i будуе Лiдскую iешыву. Ён рэфармаваў адукацыйную сiстэму, якая існавала да яго ў iешывах. Пасля ягонай рэформы праграма iешывы стала шасцігадовай i ўключала, акрамя Талмуда, яшчэ яўрэйскую граматыку i ўсе прадметы па курсе дзяржаўнай гімназіі. Лiдская iешыва хутка становiцца агульнавядомай i набывае папулярнасць дзякуючы грунтоўнасці ведаў. 

02

Лiдская iешыва з 6-гадовым тэрмінам навучання, вуліца Школьная (зараз – Кiрава). Згарэла падчас Другой сусветнай вайны.

У 1907 г. была адчынена яўрэйская прыватная прагімназія Цыпкінай на 45 вучаніц.

У пачатку 1920-х гадоў як дзяржаўная была адноўлена Лідская гарадская гімназія, яна атрымала назву: гімназія імя гетмана Караля Хадкевіча. Галоўным корпусам гімназіі быў корпус па вул. 3-га Мая (будынак былой гiмназii М. Навiцкай). Выпуснiк гiмназii, пiсьменнiк Ежы Путрамант (1910-1986 гг.) напiсаў у сваіх мемуарах («Паўвека», т. 1-4, 1966-1969 гг.), што ў 1925 г. філіял гімназіі размяшчаўся “пры адной з кароткіх і вузкіх вулачак, якія адыходзілі ад Сувальскай і ўжо праз некалькі дамоў утыкаліся ў бліжняе балота. Быў гэта цесны двухпавярховы дом з цэглы. Класы былі невялікія, парты стаялі адна пры адной. Праходы паміж імі былі вузкія, кафедра напірала на першую з лавак, словам, нязручнасцяў было вышэй галавы. Вучыліся тут мужчынскія класы ад першага па пяты. Тры старэйшыя – агульныя – і жаночыя класы размяшчаліся ў т. зв. галоўным корпусе, на вуліцы Трэцяга Мая”. Такім чынам, месца не хапала, і будаўніцтва новай гімназіі было неабходна.

06

07

Дзяржаўная гімназія імя Караля Хадкевіча ў памяшканні былой гiмназiі М. Навiцкай, 1920-я гг.

Архітэктурны праект новай гімназіі быў распрацаваны варшаўскім архітэктарам Ежы Бэйлем (Jerzy Beill). Рэцэнзія на праект гімназіі нейкага «J. K.» з шматлікімі чарцяжамі надрукавана ў варшаўскім часопісе «Архітэктура і будаўніцтва» № 3 за 1925 г. Абапіраючыся на гэтую рэцэнзію, мы можам уявіць, якой бачыў у сваім праекце гімназію Бэйль, і параўнаць планаванае з рэальным будынкам.

Пераходзячы непасрэдна да праекта Лідскай гімназіі, аўтар піша, што ў спіс школ, знаходжанне ў якіх будзе даваць станоўчы ўплыў на інтэлект выхаванцаў, можна ўключыць гімназію ў г. Лідзе (праект архітэктара Ежы Бэйля). «Гэты праект, незвычайна ясны ў мэтах і просты для разумення, таксама настойліва падкрэслівае ўпадабанне праектантам гарманічных архітэктурных формаў, г. зн. упадабанне формаў, наскрозь прасякнутых так званым «класіцызмам». Гэтыя характэрныя формы выклікаюць у памяці старажытныя двары ў калегіумах або ліцэях, напрыклад – праектаваны ўнутраны двор гімназіі, дзе аркады дадаюць рамантыкі ўсяму будынку. У сувязі з тым што планаваная гімназія займае толькі палову пляца, плошча, прызначаная пад будаўніцтва гэтай школы, плануецца аўтарам такім чынам, каб існавала магчымасць далейшага развіцця комплексу школьных будынкаў, і таму забудова цалкам мае ярка выражаны характар гарадскога квартала». Вельмі цікавая далейшая інфармацыя рэцэнзента, адкуль бачна, якой архітэктар Бэйль і, верагодна, заказчык праекта бачылі перспектыву далейшага развіцця гімназічнага комплексу. Архітэктар паспрабаваў надаць комплексу школьных будынкаў выгляд, гарманізаваны з перспектывай навакольных вуліц. Праект прадугледжваў магчымасць таго, што на астатняй частцы пляца можа быць гарманічна пабудаваны другі будынак гімназіі, размешчаны аналагічна першаму. Будынкі дамоў для выкладчыкаў павінны былі будавацца па перыметры квартала і абмяжоўваць з усіх бакоў перспектыву школьных будынкаў, ажурныя сады жылых будынкаў, схавалі б двары і гаспадарчыя пабудовы з боку вуліцы.

08

Дзяржаўная гімназія імя Караля Хадкевіча ў новым будынку, 1930-я гг.

Рэцэнзент «J. K.» адзначае, што будынак размешчаны згодна з патрабаваннямі таго часу для школ. Ён адступае на дастатковую глыбіню ад дарог (што памяншае ўздзеянне шуму ад вулічнага руху), класы сонечныя, зарыентаваныя на ўсход ці захад, калідоры прасторныя і залітыя святлом, доступ да спартыўнай пляцоўкі вельмі добры, гардэроб распрацаваны такiм чынам, каб выключыць таўканіну, трэніровачная зала, размешчаная ў цэнтры гімназіі, блізка да навучальных класаў. «…Прастату ўнутраных інтэр'ераў адцяняюць толькі галоўная лесвіца, разлічаная на пэўны архітэктурны эфект і стварэнне перспектывы, … рамантычныя аркады ў цэнтральным двары, … павінны не толькі ўпрыгожваць, але і абараняць ад вятроў падчас халоднага надвор'я, што дазволіць маладым людзям заставацца на адкрытым паветры да позняй восені … архітэктуры будынка з усходу, поўдня і захаду характэрны прастата і сур'ёзнасць, у поўнай адпаведнасці са спецыфікай будынка».

На мой густ, гмах захаваў «смак» піярскага калегіума, выглядае гарманічна, мае строгія формы і з'яўляецца, можа, самай прыгожай пабудовай у горадзе.

Пра сур'ёзнае стаўленне бацькоў да вучобы дзяцей і да будаўніцтва новай гімназіі сведчыць зарэгістраванае ваяводскімі ўладамі 28.12.1927 г. за №8961197 як грамадскае аб'яднанне «Таварыства (кола) бацькоўскай апекі пры дзяржаўнай гімназіі ў Лідзе».У верасні 1928 г. Ваяводскае кіраванне – Дырэкцыя грамадскіх работ у Наваградку аб'явіла тэндар для будаўніцтва гмаха гімназіі, і справа перайшла ў стадыю практычнай рэалізацыі. Ужо ў 1929 г. новы будынак гімназіі па адрасе Школьная (зараз – Кiрава), 62 прыняў першых вучняў і да нашага часу выконвае функцыі выхавання і навучання моладзі нашага горада.

Першы дырэктар – гiсторык Адам Казлоўскi, з 1936 г. па 1939 г. дырэктар – гiсторык Казiмiр Мятлевiч. Гiмназiя мела 4-гадовы цыкл адукацыi. Выкладчыцай латыні была сястра пiсьменнiка Даленгi-Мастовiча, будучая жонка перадваеннага прэм'ера Польшчы Славой-Складоўскага, – Ядвiга Мастовiч. 

***

У 1920-30-я гады працавалi 5 агульнаадукацыйных школ (7-гадовага навучання).

Школа №1 iм. Габрыэля Нарутовiча, дырэктар – Юзэф Мiхневiч.

Школа №2, дырэктар – Антонi Катынскi. Зараз у будынку былых школ №1 i №2 знаходзiцца СШ №1, падчас вайны там знаходзіўся шпiталь.

11

Школы №№ 1 i 2. Зараз – СШ №1.

Школа №3, месцiлася каля касцёла Пiяраў.

Школа №4, дырэктар – Уладзiслаў Даброўны, зараз СШ №10.

Школа №5 імя Людвіка Нарбута, дырэктар – Фердынанд Оркуш. Знаходзiлася каля паўночнай сцяны замка, будынак не захаваўся.

Яўрэйская школа (iешыва), дырэктар – Хабэр.

Акрамя таго, былi 2 рамесныя школы: дзяржаўная механiчная школа (вуліца Сувальская, 182) і школа кравецкая жаночага саюза працы (вуліца Сувальская, 90).

05

Жаночая прагімназія Цыпкінай.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться