У музеі СШ №8 захоўваецца сякера, якой карысталіся каля трох тысяч год да нашай эры (фота)

29 Мая 2014 452

Адзін са старажытнейшых экспанатаў, вядомых на Лідчыне, захоўваецца зараз у гісторыка-краязнаўчым музеі сярэдняй школы №8. Гэта каменная сякера, якой карысталіся нашы продкі каля трох тысяч год да нашай эры.

– Гэта традыцыйная ўніверсальная прылада для апрацоўкі дрэва або для яго высечкі, – расказвае кіраўнік музея, настаўніца гісторыі Ірына Пясецкая. – Сякера выкарыстоўвалася старажытнымі людзьмі і як зброя. 

Ірына Канстанцінаўна расказвае: “Яшчэ ў ледавіковую эпоху старажытны чалавек прарабляў адтуліны ў некаторых каменных прыладах працы. Затым было адкрыта свідраванне з дапамогай трубчатай косткі, у якую насыпаўся пясок. Поспех свідравання павялічыўся пасля таго, як трубчатая костка стала прыводзіцца ў рух лучковай цецівой (прыстасаванне накшталт лука). Цеціва абкручвалася вакол косткі, што надавала ёй вярчальны рух. Дарэчы, такое прыстасаванне у нашым музеі таксама ёсць, ім з намі падзяліўся Лідскі гісторыка-мастацкі музей.

Старэйшы навуковы супрацоўнік музея Валерый Васільевіч Сліўкін даў нам змястоўную кансультацыю. Аказваецца, наша знаходка належыць да Нёманскай археалагічнай культуры плямён эпохі неаліту, гэта каля трох тысяч год да нашай эры. Матэрыял, з якога выраблена сякера, вулканічнага паходжання – дыярыт. Вызначаецца ён высокай трываласцю. Падобнай сякерай можна было сячы нават вялікія дрэвы. Трапіла старажытная сякера да нас зусім выпадкова. Знайшла яе былая навучэнка школы Кацярына Шчурко яшчэ ў 1997 годзе, падчас летніх канікул у вёсцы Збляны. Гэтая знаходка стала пачынальніцай экспазіцыі “Ліда ў старажытнасці” ў нашым музеі. Услед за ёю ў нас з’явілася цэлая “калекцыя” старажытных прылад: рубілы, яшчэ дзве сякеры, наканечнік стралы – усё гэта прынеслі ў музей самі дзеці”.

040

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться