Ад печы да стала. Якія адкрыцці чакалі ўдзельнікаў новага занятка цыкла «Згадкі з беларускай хаткі»

04 Марта 2021 508
Здзейсніць займальнае падарожжа з кута ў кут, ад печы да стала ў беларускай сялянскай хаце даўніх часоў прапаноўваюць арганізатары новага занятка з цыкла “Згадкі з беларускай хаткі” ў Лідскім гісторыка-мастацкім музеі, які так і называецца – “Ад печы да стала”.

У ходзе гэтага падарожжа ў мінулае ўдзельнікі занятка даведаюцца аб значэнні пячнога (бабінага) і чырвонага кутоў у хаце нашых продкаў, пачуюць шмат цікавага аб беларускім посудзе і беларускіх стравах, папоўняць свой слоўны запас спрадвечна беларускімі назвамі посуду і страў, азнаёмяцца з кулінарнай сістэмай мер, якую выкарыстоўвалі нашы продкі, упэўняцца, як многа цікавых адкрыццяў можна зрабіць, прайшоўшы ў суправаджэнні гасцінных гаспадынь – вядучых занятка – ад печы тых часоў да стала тых часоў. Першымі наведвальнікамі новага музейнага занятка сталі днямі госці з Брэста – члены міжнароднага грамадскага аб’яднання “Ліга славянскай кулінарыі і гасціннасці”. Тэма занятка якраз была сугучная асноўнаму накірунку іх дзейнасці – папулярызацыі беларускіх нацыянальных страў, традыцый беларускай гасціннасці. Далучыўся да групы наведвальнікаў і карэспандэнт “Лідскай газеты”.

– Гасціннасць – адна з асноўных рыс характару беларусаў, – адзначыла ў пачатку занятка куратар праекта “Згадкі з беларускай хаткі” Ірэна Клімовіч. – Сімваламі гасціннасці з’яўляюцца хлеб-соль, якія гаспадары хаты падносяць гасцям (адсюль сінонім слова “гасціннасць” – “хлебасольства”), а таксама запаленая свечка на падаконніку, якая як бы гаворыць аб тым, што ў гэту хату можна зайсці, цябе тут прымуць. Увогуле, агонь – агонь свечкі, агонь лучыны (лучніка), агонь у печы – нашы продкі лічылі жывой істотай, абярэгам, які адганяе нячыстую сілу, ачышчае прастору хаты ад злых думак, намераў. Агонь лічыўся сімвалам жыцця чалавека, святла, цяпла, здароўя. Ён асвятляў хату, саграваў, на ім гатавалася ежа. 

Спадарожнікам жывога агню ў печы быў у хаце так званы “пячны кут”, або “бабін кут” – царства гаспадыні, зона камфорту гаспадароў. Тут знаходзіліся прадметы гаспадарчага ўжытку, посуд. У гэтым куце гатавала зёлкі гаспадыня, шаптала замовы знахарка, варажылі на Каляды дзяўчаты. Імправізаваны пячны кут падрыхтавалі для наведвальнікаў вядучыя занятка – супрацоўнікі музея Ірэна Клімовіч і Лілія Леўдаровіч. 

Гасцям з Брэста прапанавалі назваць посуд і іншыя прадметы ў бабіным куце. А гэта міска, якая на Каляды ператваралася ў макатру, або макацёр (у ёй церлі мак), калатоўка (прататып сучаснага міксера), масламерка, або фармоўка (у яе закладвалі збітае масла), чыгунок, патэльня, бляха (па-руску “противень”), падобны на лыжку апалонік (па-руску “черпак”, “поварешка”) і г. д. Удзельнікі занятка паспрабавалі, наколькі “лёгкай” справай для гаспадыні было перанесці віламі ад печы да стала чыгунок з бульбай. Знайшлося ў бабіным куце таксама месца лубцы, у якую садзілі малое дзіця (прататып сучаснага манежа), “ляльцы”, якой служыла для дзяцей нашых продкаў звычайная лыжка, закручаная ў анучу. Не ўсім прысутным было зразумела, навошта ў імправізаваным пячным куце прысутнічае чучала пеўня. Аказваецца, зімой, у лютыя маразы, гаспадары запускалі ў хату курэй, і тыя да вясны жылі ў падпечку. 

А яшчэ ў бабіным куце захоўваліся сушаныя лекавыя травы. Асабліва каштоўнымі лічыліся травы, сабраныя дзецьмі. Пры зборы іх тройчы чыталі спецыяльную малітву і тройчы кланяліся травам і сонцу. Тэкст малітвы траўнікаў супрацоўнікі музея ў свой час запісалі з вуснаў унучкі вядомай траўніцы з вёскі Падбершты Шчучынскага раёна Сцепаніды Піліпаўны Васілевіч, якая, дарэчы, пражыла 105 гадоў. Гэтая малітва прагучала падчас музейнага занятка. 

Госці таксама даведаліся, што сталовы посуд у нашых продкаў атаясамліваўся з чалавекам – элементы посуду называліся гэтак жа, як і часткі цела чалавека: бакі, шыйка, горлачка, носік, вушка (або ручка). 

Прысутным прапанавалі вызначыць, дзе на стале для посуду стаіць збан, дзе – гляк, дзе – гарлач, а дзе – слой. Прысутнічаў на стале і прататып усіх пазнейшых разнавіднасцей посуду – гаршчок.

Азнаёміліся госці музея і з кулінарнай сістэмай мер (а гэта шчапотка, жменя, прыгаршня, тузін, капа, пуд); паспрабавалі адказаць на жартоўныя пытанні, якая мера самая “смачная” (па гусце), самая “абыякавая” (на вока), самая “маленькая” (кропля), самая “асцярожная” (на кончыку нажа); выпрабавалі на сабе, наколькі цяжкі той самы пуд солі, які вядомая прыказка раіць з’есці, каб пазнаць чалавека. 

Як адзначыла далей Ірэна Антонаўна, быў у сялянскай хаце яшчэ чырвоны кут, дзе віселі абразы, стаяла дзежка для замесу цеста. У чырвоны кут ставілі першы зжаты сноп. Побач стаяў стол, над якім вісеў саламяны “павук”-абярэг, што “лавіў” усе няшчасці. Гасцей запрасілі сесці за стол, і пачаўся аповед пра беларускія стравы, якія падавалі да стала. 

У кожнага саслоўя – сялян, мяшчан, шляхты, магнатаў – была свая адметная кухня, але агульным для ўсіх саслоўяў быў хлеб, які таксама атаясамліваўся з чалавекам, бо праходзіў такое ж жыццёвае кола: «зараджаўся», «рос», «старэў». 

Да хлеба ставіліся з вялікай павагай. Пакуль хлеб выпякаўся ў печы, у хаце нельга было лаяцца, брыдкасловіць, ляжаць на печы, падмятаць падлогу. Самай простай сялянскай стравай была саладуха. Пачулі прысутныя і пра бліны. Дарэчы, на суседняй Шчучыншчыне бліны былі прамавугольнай формы, выпякаліся на блясе і гэтак жа называліся – бляхі. 

Удзельнікаў занятка папрасілі сабраць карцінкі-пазлы і назваць стравы на гэтых карцінках, назваць абрадавую ежу, характэрную для таго ці іншага свята: Вялікадня, трох Спасаў, дажынак, куцці, Масленіцы, гукання вясны. Ежу да гукання вясны назваў не кожны, а гэта печыва ў выглядзе птушак – так званыя “жаваранкі”. Госці з Брэста таксама паклікалі вясну – завязалі на ўмоўным “дрэве” каляровыя стужкі. 

На памяць аб наведванні музея госці атрымалі сертыфікаты ўдзельнікаў музейнага занятка «Ад печы да стала», на адваротным баку якіх надрукаваныя рэцэпты беларускіх страў. Уручылі гасцям таксама складаныя кішэнныя кніжачкі з выявамі посуду, якім карысталіся нашы продкі.

– Музейны занятак поўнасцю адпавядае нашым чаканням, – дзеліцца ўражаннямі адна з наведвальнікаў – Кацярына Калыбская. – Карані свае трэба ведаць, і падобныя заняткі гэтаму садзейнічаюць. Многае з пачутага стала для нас адкрыццём, мы многае для сябе пачарпнулі. Хочацца таксама адзначыць, з якімі зацікаўленасцю, улюбёнасцю ў сваю справу, энтузіязмам, непадробленай гасціннасцю праводзілі музейныя работнікі гэты занятак. Такія ж уражанні засталіся і ад наведвання ў вашым горадзе аддзела рамёстваў, дзе мы азнаёміліся з традыцыямі беларускага ткацтва. У вас беражліва захоўваюць багатую спадчыну продкаў і ўмеюць зацікавіць ёй сучасных людзей.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться