Драўляная тумбачка, падораная Таўлаем на вяселле былому партызану, праз 75 год стала эксклюзіўным экспанатам для дома паэта ў Лідзе

21 Мая 2020 404
У свой юбілейны год (у верасні споўніцца 10 гадоў з дня адкрыцця) аб’ект ДУ “Лідскі гісторыка-мастацкі музей” Дом Валянціна Таўлая працягвае папаўняцца новымі экспанатамі, звязанымі з жыццём паэта-змагара, у гонар якога названы.

Вось і нядаўна навуковаму супрацоўніку музея Алесю Хітруну патэлефанаваў жыхар Гродна Мікалай Мікалаевіч Грабёнкін і паведаміў, што мае многа рэчаў, якія засталіся ў яго ад бацькі – удзельніка партызанскага руху на Навагрудчыне Мікалая Іванавіча Грабёнкіна, сябра Валянціна Таўлая, і гэтыя рэчы ён гатовы падарыць Дому Таўлая ў Лідзе. І днямі Дом-музей папоўніўся прадметамі, фотаздымкамі, дакументамі, газетнымі матэрыяламі, якія маюць дачыненне да перадваеннага, ваеннага і пасляваеннага часу. Усё гэта прывезла ў Ліду сям’я дачкі Мікалая Мікалаевіча – Алены Парэцкай. 

І тут варта сказаць некалькі слоў аб яе дзядулі – Мікалаі Іванавічы Грабёнкіне. Ён з’яўляўся партызанам атрада імя Катоўскага. За мужнасць і гераізм, праяўленыя ў змаганні з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, быў узнагароджаны медалямі “За адвагу”, “Партызану Айчыннай вайны” І ступені, ордэнам Чырвонай Зоркі. Баявое сяброўства паміж Мікалаем Грабёнкіным і Валянцінам Таўлаем, якое пачалося ў гады вайны, працягнулася і пасля вызвалення Беларусі. 

Сын Мікалая Іванавіча, Мікалай Мікалаевіч, скончыў журфак БДУ, з 1982 года служыў у міліцыі – інструктарам аддзела палітычна-выхаваўчай работы ўпраўлення ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама па сувязях са сродкамі масавай інфармацыі, пісаў сцэнарыі для тэле- і радыёперадач аб міліцыі, рыхтаваў для абласных і рэспубліканскіх друкаваных выданняў публікацыі прававога і прафілактычнага характару. Маёр міліцыі ў адстаўцы, аўтар серыі нарысаў па гісторыі міліцыі Гродзеншчыны, удзельнічаў у падрыхтоўцы кнігі “Міліцыя Гродзенскай вобласці” (2016). 

Сувязь з Домам Валянціна Таўлая Мікалай Грабёнкін-сын падтрымлівае з 2014 года, калі да 100-годдзя з дня нараджэння Валянціна Таўлая ён падарыў Дому-музею сцізорык, якім карыстаўся Мікалай Грабёнкін-бацька. Гэты сцізорык у канцы вайны падарыў Мікалаю Іванавічу, камандзіру групы асабістага прызначэння “Буравеснік” партызанскага атрада імя Катоўскага, на памяць баявы сябар Валянцін Таўлай з наступнымі словамі: “Гэта недарагі падарунак. Вазьмі яго. Калі захочаш завастрыць аловак – дастань яго і ўспомні Таўлая”. 

На гэты раз Мікалай Мікалаевіч перадаў шмат рэчаў, якія засталіся ад бацькі. Некаторыя з іх маюць цікавую гісторыю, звязаную з асобамі Валянціна Таўлая, Лідзіі Таўлай (жонкі паэта), Мікалая Іванавіча Грабёнкіна. 

Што менавіта было перададзена? Прыложкавая тумбачка (падарунак ад Валянціна Таўлая на вяселле Грабёнкіна-старэйшага), сталёвая лінейка, якой карысталіся Лідзія Таўлай і, магчыма, Валянцін Таўлай, партызанскае пасведчанне Грабёнкіна-старэйшага, тагачасныя карты і планы заходняй часткі Беларусі, даведкі, фотаздымкі, кнігі з дарчымі надпісамі ад Лідзіі Таўлай і Ніны Тарас, газеты і выразкі з газет, фрагмент каробкі ад абутку гумовай фабрыкі “Ардаль” (верагодна, галёшы ў такой каробцы атрымаў пясняр Беларусі Янка Купала падчас прыезду ў Ліду ў сакавіку 1940 года) і інш. 

– Валянцін Таўлай быў адным з гасцей на вяселлі Грабёнкіных у лістападзе 1945 года, – расказвае (са слоў Мікалая Мікалаевіча) Алесь Хітрун гісторыю перададзенай у дом Таўлая прыложкавай тумбачкі. – За тыдзень да вяселля Таўлай прыязджаў па вузкакалейцы з Навагрудка, дзе працаваў адказным сакратаром у раённай газеце, у Любчу і зрабіў у мясцовага сталяра заказ на выраб тумбачкі. Гэта тумбачка стала падарункам маладым у дзень вяселля. Па словах самаго Валянціна Таўлая, ён аказаў ім такім чынам пасільную дапамогу ў стварэнні хатняй утульнасці. 

Цікавая гісторыя і ў сталёвай лінейкі, якой карысталіся газетчыкі пры складанні макетаў газетных палос. Як расказаў Алесь Хітрун, гэту лінейку ўдава паэта Лідзія Таўлай падарыла ў 1974 годзе Мікалаю Грабёнкіну-малодшаму, калі той скончыў першы курс журфака БДУ і быў накіраваны на практыку ў рэдакцыю навагрудскай раённай газеты. Тады, як успамінаў Мікалай Мікалаевіч, Лідзія Сяргееўна прызналася, што гэта лінейка захоўваецца ў іх сям’і даўно, што, магчыма, карыстаўся ёю і Валянцін Таўлай, калі працаваў адказным сакратаром у навагрудскай раённай газеце, і пажадала маладому студэнту добра валодаць навыкамі афармлення газетных нумароў. 

Звяртаюць на сябе ўвагу сярод новых экспанатаў і вышываная карціна-пано (работа маці Мікалая Мікалаевіча – Марыі Кузьмінаўны), наручны гадзіннік і папка, якія насіў Грабёнкін-старэйшы, раздрукоўкі да кнігі “Лёсы абаронцаў Навагрудчыны”, якая з-за адсутнасці сродкаў так і не была выдадзена, запрашальныя білеты на літаратурныя вечарыны, прысвечаныя юбілейным датам з дня нараджэння Валянціна Таўлая, і многае іншае. 

Усе гэтыя рэчы занялі пачэснае месца ў мемарыяльным пакоі Валянціна Таўлая. Яны прыадкрываюць яшчэ адну старонку біяграфіі паэта-змагара – яго сяброўства з партызанам Мікалаем Іванавічам Грабёнкіным, чые сын і ўнучка захавалі памяць аб гэтым сяброўстве і для лідчан.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться