Дубчык да дубчыка. Жыхарка адной з вёсак Лідскага раёна стварае дзіўныя вырабы з лазы

10 Апреля 2020 1344
Толькі ўявіце: пры пляценні з лазы ў сярэднім на невялікi кошык ідзе больш за 300 дубцоў, а іх жа трэба не проста знайсці, прынесці, а яшчэ і ачысціць, вымачыць. Прычым далёка не кожны дубец пойдзе ў справу – толькі доўгія і маладыя парасткі.

Але, як сцвярджае жыхарка вёскі Наркуны Крупаўскага сельсавета Алена Войсят, справа майстра баіцца. Галоўнае – учапіцца за нітачку, улавіць усе тонкасці незвычайнага рамяства.

– Заўсёды займалася рукадзеллем – вязала, вышывала, – распавядае карэспандэнту «Лiдскай газеты» гераіня артыкула. – Але аднойчы ў часопісе знайшла цікавы спосаб майстраваць кошыкі з дубчыкаў вярбы. Вырашыла паспрабаваць сплесці падобны выраб. Вочы баяліся, а рукі рабілі. Але мне здаецца, што ў людзей, якія выраслі ў вёсцы, якія бачылі, як іх продкі самі плятуць кошыкі, гэта ўжо на інтуітыўным узроўні. У выніку загарэлася.

І гэты агонь гарыць i цяпер, настолькі Алена прыкіпела душой да новага захаплення. Спачатку пляла толькі для сябе. Як гаворыцца, набiвала руку. Потым вырашыла, што прыгожыя вырабы павінны бачыць і іншыя людзі. Па словах майстра, галоўныя вартасці плеценых вырабаў – экалагічнасць і трываласць. А яшчэ колер: лаза ў вырабе мае ўласцівасць на працягу трох гадоў набываць бурае адценне. Пры асцярожным абыходжанні вырабы не губляюць сваіх уласцівасцей доўгія гады.

– На жаль, сёння рэдка сустрэнеш майстроў, якія займаюцца пляценнем вырабаў з лазы, – гаворыць жанчына. – Але калі ёсць жаданне, можна паспрабаваць сплесці самому, на свой густ. Пляценне вярбовымi стужкамі даступна і школьнікам, і людзям сталага ўзросту. Не патрабуе вялікіх выдаткаў і нарыхтоўка матэрыялаў, паколькі прырода заўсёды забяспечыць патрэбнай сыравінай. Неабходныя дубцы можна знайсці каля рэчкі, сажалкі. Вярба ў вялікай колькасці расце ўздоўж дарог, у садах, каля хат. Словам, сыравіна заўсёды пад рукамі. Дык чаму б не прыступіць да справы?

За любімым заняткам жыхарка невялiчкай вёсачкi можа праседжваць цэлымі вечарамі. Калі нешта запала ў душу або з’явіліся новыя ідэі, то ад увасаблення сваіх задум ужо не адыходзіць. Гадзіна-паўтары – і вось ужо на стале цешыць вока новы выраб, які не ідзе ні ў якое параўнанне з гатовымі кошыкамі, што прадаюцца ў краме.

– Нарыхтоўку сыравіны пачынаю з восені, – кажа майстрыха, – а затым цэлую зіму раблю кошыкi, каб ужо да светлага свята Вялікадня ў мяне іх было не адзін і не два дзясяткі, а куды больш.

Алена Войсят сцвярджае: яе незвычайнае захапленне толькі на першы погляд здаецца нескладаным заняткам. На справе гэта карпатлівая і няпростая праца. Рукі стамляюцца. Але затое колькі задавальнення могуць прынесці плеценыя кошык, ваза, хлебніца, вулічнае кашпо. Лаза дзіўным чынам здольная ўпрыгожыць і ажывіць любы інтэр'ер.

– Ніколі не думала, што любімы занятак можа дастаўляць такую ​​радасць, – кажа Алена Генрыхаўна. – Але яшчэ большае шчасце – гэта магчымасць дарыць людзям цяпло сваёй душы. Як і многія рамеснікі, я шавец без ботаў. Толькі спляту вазачку або паднос, падстаўку для кветак, глядзіш – ужо і след іх прастыў. Проста ў дом прыйшлі госці, сябры, блізкія людзі. Але гэта мне дастаўляе вялікае задавальненне. Цяпер я ведаю, што мае вырабы будуць радаваць іншых людзей. I гэта цудоўна.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться