У шосты раз на Лідчыне адбыўся раённы конкурс традыцыйных страў «Спазнай смак сваёй кухні»

17 Февраля 2020 2139
У шосты раз на Лідчыне адбыўся раённы конкурс традыцыйных страў «Спазнай смак сваёй кухні», які збірае не толькі калектывы клубных устаноў рэгіёна, але і шматлікіх гасцей з навакольных населеных пунктаў і іншых гарадоў. Тэма свята гэтага года – дары лесу.

З самага рання ў клубнай установе аграгарадка Беліца гучалі песні, а ля сталоў, накрытых вытканымі абрусамі і ручнікамі, завіхаліся жанчыны. Кожная прывезла з сабой незвычайныя рэцэпты страў, якія збіраліся ў вёсках роднай мясцовасці. Над глінянымі збаночкамі, патэльнямі і чыгункамі падымалася густая пара, а ад водараў, якія пранікалі ў кожны куток клубнай установы, галава ішла кругам. Хацелася паспрабаваць усё і адразу. Ветлівыя гаспадыні, рэкламуючы прысмакі, толькі распальвалі апетыт: запрашалі пакаштаваць стравы і нават крыўдзіліся, калі людзі трымаліся за жывот, таму што начаставаліся.

– За той час, які існуе праект, гаспадынькі Лідчыны гатавалі і калядныя, і велікодныя, і посныя стравы, а таксама стравы с самай галоўнай нашай гародніны – бульбы, – расказвае карэспандэнту «Лідскай газеты» куратар конкурсу, метадыст аддзела метадычнай і культурна-масавай работы ДУ «Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці» Ганна Некраш. – Не менш актуальная тэма гэтага года – дары прыроды. І невыпадкова. Лес – наша багацце, крыніца жыцця. Ён дорыць цяністую прахалоду, казачную прыгажосць траў і кветак, крыштальнай чысціні паветра, а таксама гаючы ўраджай сваіх дрэў і кустоў, траў і кветак. Дары лесу – гэта велізарны пажыўны і вітамінны ўклад прыроды ў харчовы рацыён чалавека. Як вядома, нашыя продкі спажывалі ў ежу ўсё, што было «пад нагамі», на яго цяністых сцяжынках.

Па словах Ганны Некраш, традыцыйная беларуская кухня мела пяць накірункаў: каралеўская, шляхецкая, карчомская, сялянская і гарадская. На лідскай зямлі прадстаўлены толькі тры з іх. Вясковая кухня была сытнай, простай і заўсёды свежай. А вось шляхецкая адрознівалася разнастайнасцю і экзатычнасцю. Да сталоў паноў, якія жылі ў нашай мясцовасці, часценька падаваліся вытанчаныя стравы. Якія? Пабачым і пачастуемся на свяце.

Сталы літаральна ламіліся ад арыгінальных, карысных, разнастайных, а галоўнае – простых у падрыхтоўцы страў. Галкі рыбныя, галубцы з грыбамі, яблыкі запечаныя з мёдам, салатка бурачковая, карась з крупой «залацісты», шчупак фаршыраваны, панцак, хітруны… Нялёгка прыйшлося членам журы. Кожнаму прысутнаму было прапанавана ацаніць знешні выгляд страў, паспрабаваць іх на смак, а затым зрабіць выбар. А гэта не так проста.

– Так гістарычна склалася, што наш аграгарадок з трох бакоў абкружаны лесам, – распавядалі гаспадынькі з аграгарадка Ваверка. – Апошнія хаты вуліцы Лідскай знаходзяцца практычна на адлегласці некалькіх метраў ад ляснога масіву. А лес – гэта не толькі чыстае паветра і месца прыемнага адпачынку, але і  цэлая асобная дзяржава, якая летам і восенню мае безліч прыродных пачастункаў: розныя грыбы, ягады, травы. Канешне, усё гэта наклала адбітак на традыцыі харчавання жыхароў нашага населенага пункта і навакольных вёсачак.

Лясныя дары жыхары Вавершчыны выкарыстоўвалі ў розныя часы. Іх салілі, сушылі, марынавалі, варылі для таго, каб вітамінных запасаў хапіла да наступнага ўраджаю, а значыць, продкі пакінулі велізарную колькасць рэцэптаў прыгатавання страў, многія з якіх беражліва перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Вось адна са старэйшых жыхарак вёскі Чашэйкі Камілія Станіславаўна Сядлецкая падзялілася рэцэптам прыгатавання бліннага пірага з ягадамі. Яго сакрэт, аказваецца, вельмі просты: напёкшы бліноў, клалі іх адзін на адзін, перамазваючы кожны блін варэннем з чарніц ці іншых ягад. Адным словам, смаката!

На лідскай зямлі пабудаваў сабе палац пан Дамбавецкі. Зараз у ім знаходзіцца філіял «Бердаўскі цэнтр культуры і вольнага часу», у якім працуе сям'я Парфенчыкаў. Тое, што пан Дамбавецкі любіў паесці, не легенда, а факт.

– На стале – стравы ад кухаркі Адэлі, якая працавала ў маёнтку пана, – распавядаюць Аляксандр і Інэса Парфенчыкі. – Яна вельмі добра гатавала. І Дамбавецкі заўсёды прывозіў ёй новыя рэцэпты.

Не менш цікавы стол аказаўся па суседстве. Цыбрыкі, поліўку з сушанымі грыбамі, збіцень прэзентаваў філіял «Ганчарскі Дом культуры». Рэцэпты культработнікі запісалі ў жыхарак аграгарадка Ганчары Марыі Яфрэмаўны Шут і Алы Міхайлаўны Бялецкай.

– Напой з мёду беларусы ўжывалі з даўніх часоў, – адзначыла загадчыца ўстановы Ганна Булай. – Лічылася, што найбольш проста гатавалася медавуха. Але сёння мы раскажам пра збіцень. Ён бывае як алкагольным, так і безалкагольным. Алкагольны напітак больш лекавы: валодае сагравальнымі і супрацьзапаленчымі ўласцівасцямі. Таму больш папулярны зімой. У другім выпадку яго можна ўжываць гарачым або халодным. У халодным выглядзе ён добра спаталяе смагу. Па гэтай прычыне збіцень традыцыйна пілі ў лазні ці ў спякоту.

«Падыходзьце, падыходзьце! – тут жа запрашала да свайго стала загадчыца Тарноўскага Дома культуры Святлана Антонік. Жанчына частавала гасцей свята і ў той жа час дзялілася рэцэптам запечаных яблычкаў:

– Пры гатаванні дэсерту памятайце: вялікая колькасць карыцы сапсуе густ, так што дадаваць гэтую спецыю трэба вельмі асцярожна. Вымытыя яблыкі разразаем папалам, асяродак з семечкамі выдаляем і разразаем яблычныя палоўкі на тонкія лустачкі. Раскладваем іх на засланую пергаментам бляху, прысыпаем карыцай і пячом у духавой шафе да таго часу, пакуль не стануць мяккімі. Вымаем, выкладваем на сподачак пластамі, патроху паліваючы мёдам. Тут галоўнае – каб мёд з лыжкі сцякаў тонкай ніткай. Вось такое вітаміннае частаванне.

Усяго ў свяце прынялі ўдзел чатырнаццаць сельскіх устаноў культуры. Пакуль адны госці частаваліся, запісвалі рэцэпты страў, другія прымалі ўдзел у майстар-класах. Напрыклад, па пляценні вянкоў. Вясна ўсё ж такі не за гарамі.

– Вянок – рытуальны прадмет, які ў нашых продкаў лічыўся абярэгам ад нячыстай сілы, хвароб, чарадзейства (праз яго працягвалі хворых дзяцей, працэджвалі малако), – распавядала мясцовым хлопчыкам і дзяўчынкам метадыст аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Ірына Дыдышка. – Яго плялі на Багач, Сёмуху, Купалле і на Святога Юрыя, які «адмыкаў зямлю» ад зімовага сну. Сённяшні вянок уяўляе сабой кружок зеляніны, упрыгожаны папяровымі кветкамі, стужкамі. Ён выкарыстоўваўся ў вясенніх абрадах.

Неўзабаве ўдзельнікаў мерапрыемства запрасілі заняць месцы ў глядзельнай зале. Акрамя прэзентацыі страў, госці свята мелі магчымасць пазнаёміцца з дэфіле міфалагічных беларускіх персанажаў, паглядзець канцэрт. Пасля настаў доўгачаканы момант – падвядзенне вынікаў і ўзнагароджанне пераможцаў. І калі для мяне ўсё было відавочна (усім – першыя месцы!), то меркаванні журы ў ацэнцы страў разышліся. Гарачыя спрэчкі спынілі галасаванне і колькасць набраных балаў. У выніку першае месца ў раённым фестывалі-конкурсе «Спазнай смак сваёй кухні» дасталося філіялу «Бердаўскі цэнтр культуры і вольнага часу», другое – філіялу «Першамайскі Дом культуры», трэцяе падзялілі філіял «Пескаўскі Дом культуры» і філіял «Ваверскі Дом культуры».


































Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться