Лідскі замак на старых выявах

01 Ноября 2012 7780

У сённяшнім нумары газеты мы распачынаем цыкл публікацый пад назвай “Ліда на старых выявах”. Падрыхтаваў іх Леанід Лаўрэш, аўтар кнігі “Ліда на старых паштоўках...” Галоўнымі крыніцамі цыкла будуць старыя паштоўкі з выявамі горада. Пачынаем з малюнкаў, звязаных з нашым замкам, бо ён – сэрца і пачатак горада, галоўны архітэктурна-гістарычны помнік і гонар Ліды.

Лiдскi замак – помнiк абарончага дойлiдства 14 ст., пачатак яго будаўніцтва адносяць да 1323 г. Уваходзiў у лiнiю умацаванняў Навагрудак-Крэва-Меднiкi-Трокi. З боку гледжання архітэктуры ён спалучае рысы раманскага стылю i ранняй готыкi. Пабудаваны на пясчаным узгорку (вышэй 5-6 м) і быў абкружаны балоцістымі берагамі рэк Лiдзеi i Каменкі i ровам шырынёй каля 20 м, які злучаў абедзве рэчкі i аддзяляў замак ад горада. Пазней, у 17 ст., у сiстэму замкавых умацаванняў было ўключана штучнае возера.

Замак у плане – няправiльны чатырох-вугольнiк (бакi каля 80 м) з 2 вуглавымi вежамі. Сцены на невысокiм падмурку (70-80 см) маюць таўшчыню: унiзе – 2 м, уверсе – 1,5 м. Верхняя частка сцен з баявой галерэяй i байнiцамi вымуравана з цэглы. Вонкавыя паверхні сценаў пабудаваны з вялікіх валуноў, прамежкi памiж якiмi запоўнены каменнымi клiнамi і забудовай з дробных камянёў. У 1-й палове 14 ст. пабудавана квадратная ў плане (9х9 м) паўднёва-заходняя вежа. Другая, паўднёва-ўсходняя, вежа была пабудавана ў канцы 14- пачатку 15 ст. і мела арачны ўваход з двара i лесвiцу шырынёй 1 м. У замак вялi 3 уваходы – 2 ва ўсходняй сцяне i 1 у паўднёвай. На працягу 14-18 стст. у вынiку шматлiкiх аблог былі часткова разбураны вежы i ўнутраныя пабудовы замка, захаваліся рэшткi абарончых сцен i веж. Лідчына была крыніцай натхнення і месцам мастацкага сталення для многіх мастакоў. Цікавае гістарычнае мінулае і прырода вабілі такіх майстроў пэндзля і алоўка, як Ю. Пешка, В. Гразноў, В. Дмахоўскі, М. Кулеша, Н. Орда, Я. Драздовіч.

1. Адзін з першых малюнкаў з выявай Лідскага замка i горада належыць польска-беларускаму мастаку Юзэфу Пешку (19.02.1767, Кракаў, – 4.09.1831). Гэта каштоўнейшая акварэль паказвае замак і горад у пачатку 19 ст., на ёй бачна штучнае возера вакол маляўнічых руін замка, на поўнач ад муроў – будынак прыходскага касцёла, узведзены ў 1770 годзе на месцы старога драўлянага. Гарадской забудовы вакол замка яшчэ няма.

Лидский замок

2. “Лiдскi замак”. Малюнак Міхала Кулешы (1800?–1863). Малюнак зроблены прыкладна ў 1825 г. і быў надрукаваны ў альбоме, выдадзеным Юзафам Крашэўскім.

Лидский замок

3. “Лiдскi замак”. Напалеон Орда. Літаграфія сярэдзiны XIX cт. Мастак занатаваў у альбоме: “Вельмi cтаражытны горад. Руiны замку, пабудаванага Вялiкiм Лiтоўскiм Князям Гэдзiмiнам ў 1323 г. У гэты замак прыязджалi Вялiкiя Князі Вiтаўт, Ягайла, Аляксандр Ягелончык. Тут жыў татарскi хан Тахтамыш, лiдскiм старастам быў Хаджi Гiрэй (потым Крымскi хан). Замак разбураны шведамi каля 1710 г.”. Літаграфія зроблена ў “рамантычным” стылі і таму мае шмат недакладнасцяў.

Лидский замок

4. Малюнак з выявай замка нашага земляка Вінцэнта Дмахоўскага (1807–1862). Па заказе археолага, гісторыка і этнографа Яўстаха Тышкевіча ў 1853 г. Дмахоўскі напісаў серыю відаў руін беларускіх замкаў. Сярод іх ёсць і малюнак з выявай Лідскага замка, з якога, відавочна, зроблена добра вядомая гравюра “Разваліны замка ў Лідзе”, змешчаная ў 3-м томе знакамітай “Жывапіснай Расіі”. Серыю малюнкаў Дмахоўскага з выявамі літоўскіх замкаў успамінае Адам Кіркор у кнізе “Літоўскія старажытнасці”: “Віленская губерня – цэнтр старажытнага Літоўскаго Княства багаты на помнікі мінулага. Дзякуючы таленавітаму мастаку Вінцэнту Дмахоўскаму, нам удалося прадставіць хоць некалькі з гэтых помнікаў”.

Лидский замок

5. “Лiдскi замак” мастака В. В. Гразнова (?–12.03.1909). Мастак замаляваў замак з паўднёва-заходняга боку. Малюнак датуецца другой паловай 19 ст. Беларускі археолаг Алег Трусаў лічыць, што гэта найбольш дакладны з навуковага боку малюнак з выявай замка: “Найбольшай дакладнасцю вызначаецца карціна Васіля Гразнова, дзе паказаны асобныя дэталі забудовы, у тым ліку і адзін з данскераў на ўсходняй сцяне. На той час рэшткі вежаў ужо былі ніжэйшымі, а штучнае возера пачало зарастаць чаротам”. Выкладчык малявання Віленскай гімназіі, вядомы мастак і даследчык даўніны Васіль Васільевіч Гразноў, у час сваіх падарожжаў замаляваў шмат помнікаў Беларусі і знайшоў знакамітае “Тураўскае Евангелле”.

Лидский замок

6. 1, 2, 3. У 1929 г. беларускі мастак Язэп Драздовіч выдаў альбом “Ліда”. Ён занатаваў: “Учора і сёння меў прыемнасць аглядаць велічава прыгожыя муры, як старажытнейшы помнік нашай краёвай беларускай архітэктуры”. На апошніх малюнках бачны дзве прыгожыя сaсны, аб якiх у горадзе расказвалi легенды. Казалi, што гэта сёстры-князёўны, зачараваныя чарна-кнiжнiкам, цi што гэта два святары, забiтыя паганцамі (і сапраўды, у 1369 г. манахаў-францысканцаў пазабівалі паганцы). Казалi таксама, што пад соснамi ляжыць старажытны рыцар, якi абавязкова абудзiцца ў час вялiкай бяды і будзе баранiць наш край, цi тое, што гэтыя дрэвы будуць плакаць крывавымi слязьмi, калi наша Радзiма трапіць у бяду. Першай гэту прыгожую легенду запісала і надрукавала вядомая даследчыца – этнограф Амелія Даравінская (1863-1891), вядомая пад псеўданімам Бірута, у працы “Сосны ў Лідзе”. Потым гэтая легенда неаднаразова пераказвалася ў розных працах і мемуарах жыхароў горада.

Лидский замок

Лидский замок

Лидский замок

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться