Мужнасць ваяроў і талент артыстаў: рыцарскі турнір на LIDBEER-2019

08 Сентября 2019 1024

IMG_1925.JPG
Рыцарскія баі на рысталішчы, штурм замка і спектакль вандроўнага тэатра, сярэднявечныя музыка і танцы, шоу хадулістаў і фаер-шоу… Адным з самых відовішчных мерапрыемстваў у рамках святкавання Дня горада Ліды стаў рыцарскі турнір “Меч Лідскага замка”, арганізаваны раённым цэнтрам культуры і народнай творчасці і народнай студыяй рыцарскіх мастацтваў “Dies Magna”, якая дзейнічае пры названым цэнтры.

Ва ўрачыстым адкрыцці турніру “Подых стагоддзяў”, якое праходзіла з піратэхнічным фэнтэзі-шоу, прынялі ўдзел рыцары і калектывы-ўдзельнікі турніру. Сёлета для ўдзелу былі запрошаны вядомыя ў Беларусі і за яе межамі мінскія калектывы: вандроўны вулічны тэатр “Вір”, які прадставіў шоу хадулістаў і тэатральны перфоманс, гурт сярэднявечнай музыкі “Літы Талер”, тэатр сярэднявечнага танца “Фламея”. Навіной рыцарскага турніру гэтага года стала рэканструкцыя падання аб штурме замка “Паводле падання аб мужнасці ваяроў” з масавымі бугуртамі рыцарскіх клубаў Беларусі, а таксама з разбурэннем часовых умацаванняў – мантыльетаў.

На працягу ўсяго турніру працавалі танцавальныя майстар-класы ад тэатра гістарычнага танца “Фламея”, анімацыйныя пляцоўкі клуба гістарычнай рэканструкцыі “Шатландская пяхота” (Маладзечна). Апошні прадставіў свае гістарычныя анімацыі як у замку, так і ля яго муроў. Дарэчы, “Шатландская пяхота” – адзіны ў Беларусі клуб гістарычнай рэканструкцыі, дзе рэканструююць побыт шатландскіх наёмнікаў XVI стагоддзя, якія ваявалі ў Еўропе, у тым ліку і на тэрыторыі Беларусі. У турніры “Меч Лідскага замка” названы клуб удзельнічае трэці год запар. Удзельнікі клуба “Шатландская пяхота” ў сваіх паказальных выступленнях пускалі ў ход не толькі шатландскія клінкі, але і кісцяні, пішчалі. Прычым нараўне з мужчынамі зброяй карысталіся жанчыны. IMG_2235.JPG
І, канешне, на працягу ўсяго дня гледачы маглі ўбачыць сапраўднае рыцарскае шоу – захапляючыя поўнакантактныя баі на рысталішчы, у якіх удзельнічалі рыцары з розных беларускіх клубаў гістарычнай рэканструкцыі: “Люцэрн”, “Белы тур”, “Веруш”, “Цюрых”, “Паходня”, “Ордэн Паўночнага храма”, “Дружына Патрыка”. Гэта былі

масавыя бугурты рыцараў “Ваўчарня, ці ўсе супраць усіх”, індывідуальны рыцарскі турнір “Меч-бастард”, пешы камандны турнір пяцёрак. Падбадзёрвалі байцоў музыканты з гурта сярэднявечнай музыкі “Літы Талер”. Варта адзначыць, што нараўне з рыцарамі-мужчынамі ў баях на рысталішчы ўдзельнічала апранутая ў цяжкія даспехі жанчына – як яе прадставілі, валатоўна Вікторыя з клуба “Люцэрн”. У масавых бугуртах “Ваўчарня” Вікторыя нават стала пераможніцай. Вызначаўся сярод іншых байцоў сваёй магутнай камплекцыяй і высокім ростам татарскі батыр Булат з Ліпнішак.

Як мы ўжо адзначалі, вандроўны вулічны тэатр “Вір” прадставіў гледачам тэатральны перфоманс з шоу хадулістаў. За аснову свайго выступлення артысты тэатра ўзялі карціну мастака эпохі Адраджэння Іероніма Босха “Карабель дурняў”. Акрамя шоу хадулістаў, публіцы былі паказаны акрабатычныя і танцавальныя нумары з элементамі гумару, фокусы.

– Увогуле, спектаклі, стылізаваныя пад эпоху Сярэднявечча, не асноўны накірунак дзейнасці нашага тэатра, – адзначае ў інтэрв’ю для “Лідскай газеты” ўдзельнік тэатра “Вір” Аляксандр Трызна. –. Але для рыцарскага турніру мы падрыхтавалі менавіта гэты спектакль. Як вы заўважылі, у ім ёсць элементы цырка (цыркавое мастацтва ў эпоху Сярэднявечча было зліта з тэатральным), а гледачы нечакана могуць стаць удзельнікамі спекткаля (што таксама характэрна для тэатра той эпохі). У спектаклі ўдзельнічае шэсць чалавек. Усяго ж у нашым тэатры восем чалавек. Рэжысёра як такавога ў нас няма – творчасць у нас калектыўная, кожны прыўносціь нешта сваё. У вашым горадзе мы выступілі ўпершыню. Удзельнічаючы ў турніры “Меч Лідскага замка”, назіраючы за святам горада і фестывалем “LIDBEER”, мы ў думках правялі паралель з Ганзейскімі днямі, якія праводзяцца ў Пярну. І там, і тут адчуваецца атмасфера Сярэднявечча, а зрабіўшы ўсяго некалькі крокаў (напрыклад, пакінуўшы Лідскі замак), трапляеш з горада Сярэднявечча ў сучасны горад.

– Агульны накірунак дзейнасці нашага калектыву – сярэднявечная музыка і спевы розных народаў Еўропы, – расказвае кіраўнік гурта сярэднявечнай музыкі “Літы Талер” Дзяніс Шматко. – З інструментаў выкарыстоўваем беларускую дуду, гуслі, скрыпку, сапелку, ірландскі

бузукі, барабан. Плануем асвоіць колавую ліру. Выступаем не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Толькі ў гэтым годзе пабывалі ў дзесяці краінах. У Лідскім замку выступаем не першы раз – удзельнічалі тут пару гадоў назад у дабрачынным канцэрце. І вось цяпер упершыню прынялі ўдзел у турніры “Меч Лідскага замка”. У ліку выконваемых намі падчас турніру музычных кампазіцый – і творы з нашага альбома “Дуднік”, які выйшаў у мінулым годзе. Хачу сказаць, што падобных замкаў у Беларусі зусім няшмат. Гэта выдатнае месца як для выступленняў рыцарскіх клубаў, так і для канцэртаў сярэднявечнай музыкі.

Уразілі гледачоў і грандыёзная вогненна-піратэхнічная шоу-праграма студыі агню “ZHARA” і фаер-спектакль “Ignis Vestae” тэатра “Вір”. Спецыяльна для турніру ў Лідзе фаершчыкі падрыхтавалі яркія, маштабныя вогненныя нумары. Завяршальным акордам усяго свята ў гонар нашага горада стала дыскатэка ў замку “Zamok Dance”.



















Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться