Да 105-годдзя з дня нараджэння Валянціна Таўлая супрацоўнікі Лідскага музея арганізавалі інсцэніраваны аповед у мемарыяльным пакоі і выставу

14 Февраля 2019 1673
У мінулую пятніцу, 8 лютага, споўнілася 105 гадоў з дня нараджэння беларускага паэта, публіцыста, грамадскага дзеяча Валянціна Таўлая. Лідскі гістарычна-мастацкі музей не абмінуў гэтую дату, паколькі пры ім дзейнічае літаратурны аддзел – домік Таўлая па вуліцы Замкавай, 7. У гэтым будынку, як вядома, жыў паэт у 1939-1941 гадах, у перыяд сваёй працы ў газеце “Уперад” (папярэдніцы “Лідскай газеты”). Літаратурны аддзел і мемарыяльны пакой паэта тут былі адкрытыя ў 2010 годзе. 

У 2014 годзе творчая інтэлігенцыя горада ўрачыста адзначыла 100 гадоў з дня нараджэння Валянціна Таўлая, на будынках яго дома і рэдакцыі “Лідскай газеты” былі адкрытыя мемарыяльныя дошкі, выйшла дакументальная кніга навуковага супрацоўніка музея Анастасіі Каладзяжнай “Этапы жыццёвых дарог”. 

На гэты ж раз, да 105-годдзя з дня нараджэння паэта, супрацоўнікі музея арганізавалі інсцэніраваны аповед у мемарыяльным пакоі (пра перыяд пражывання Таўлая ў Лідзе) і выставу “У Таўлая пабываем”, на якой прадстаўленыя копіі рукапісаў, аўтографаў, машынапісаў, фатаграфій з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва. 

Інсцэніраваны аповед, дзякуючы якому мемарыяльны пакой паэта на некаторы час ажыў, праходзіў у форме дыялогу Валянціна Таўлая і яго першай жонкі Кіры Брант, у ролі якіх выступілі навуковыя супрацоўнікі музея Алесь Хітрун і Ганна Некрашэвіч. Дзейнічаў тут таксама чытальнік – навуковы супрацоўнік музея Ілья Пузаткін. Дарэчы, інсцэніраваны аповед аб “лідскім” перыядзе жыцця Таўлая не разавае мерапрыемства – яго плануецца праводзіць па заяўках школ, навучэнцы якіх збіраюцца наведаць домік Таўлая з экскурсійнымі мэтамі. 

Затым наведвальнікі былі запрошаныя ў памяшканне выставы. Яе куратар Алесь Хітрун нагадаў прысутным аб лідскіх старонках біяграфіі Валянціна Таўлая (яго вучобе ў пачатковай школе, працы ў газеце “Уперад”, знаходжанні ў час нямецкай акупацыі за сувязь з партызанамі ў фашысцкай турме, прыездзе ў Ліду на цырымонію адкрыцця бібліятэкі імя Янкі Купалы), азнаёміў з выставай. 

– Мемарыяльны пакой паэта будзе папаўняцца новымі рэчамі і ў далейшым, – адзначыў Алесь пазней у гутарцы з карэспандэнтам “Лідскай газеты”. – Магчыма, сюды паступяць некаторыя экспанаты з Гродзенскага дзяржаўнага гістарычна-археалагічнага музея. Запланавана паездка ў Баранавічы, у школьны музей, які, спадзяюся, таксама падзеліцца з нашым музеем экспанатамі альбо копіямі, звязанымі з жыццём Валянціна Таўлая. Сярод нядаўніх нашых набыткаў для мемарыяльнага пакоя – крэсла-качалка (па ўспамінах сястры паэта Ніны Паўлаўны, такое крэсла тут некалі было, яна, на той час малое дзіця, любіла гушкацца, седзячы ў ім). Крэсла-качалку са сваёй дачы ў Панямонцах падарыў музею лідскі паэт, былы выкладчык беларускай мовы і літаратуры Міхась Іванавіч Мельнік, за што яму вялікае дзякуй. З’явілася таксама ў мемарыяльным пакоі чучала вераб’я (“Верабейкі” – першы верш Валянціна Таўлая, і напісаны ён у Лідзе, яшчэ калі Таўлай вучыўся ў пачатковай школе). 

У час адкрыцця выставы было дадзена слова многім запрошаным. Прадстаўнікі раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы і бібліятэкі-філіяла № 6 імя Валянціна Таўлая расказвалі аб сваіх установах. Госць са Слоніма, пісьменнік, даследчык жыцця і творчасці Валянціна Таўлая Сяргей Чыгрын закрануў некаторыя загадкавыя акалічнасці з біяграфіі паэта. Госць з Дзятлава, краязнавец Валерый Петрыкевіч згадаў аб пісьменніках, якія сябравалі з яго бацькам і былі знаёмыя з Валянцінам Таўлаем. Гучалі за чашкамі гарбаты таксама вершы і песні. Вершы, прысвечаныя Валянціну Таўлаю, яго доміку па вуліцы Замкавай, зачыталі сябры літаб’яднання “Суквецце” пры рэдакцыі “Лідскай газеты” (пасяджэнні якога, як вядома, праводзяцца ў доміку Таўлая) Уладзімір Васько, Міхась Мельнік, Уладзімір Янцэвіч, Аляксандр Мацулевіч. Некалькі песень пад гітару выканаў бард Сяргей Чарняк.

– Валянцін Таўлай прайшоў няпросты жыццёвы шлях, – адзначыў у інтэрв’ю для “Лідскай газеты” Сяргей Чыгрын, – шмат часу правёў у турмах, так і не пабачыў пры жыцці, не патрымаў у руках зборнік сваіх вершаў. Пэўны адрэзак свайго жыцця паэт правёў на Слонімшчыне, у вёсцы Рудаўка. Мне часта даводзілася бываць у тых мясцінах. Недалёка ад Рудаўкі ёсць вёска Вялікая Кракотка, дзе знаходзіцца першая бібліятэка, якой было прысвоена імя Янкі Купалы. У ліку тых, хто ў свой час актыўна папаўняў кніжны фонд бібліятэкі, быў і Валянцін Таўлай. Мне вельмі прыемна, што ў вас у Лідзе ёсць дом-музей Таўлая, яго мемарыяльны пакой, што ў вас актыўна збіраюць экспазіцыйны матэрыял для гэтага пакоя. Хочацца адзначыць вялікі ўклад лідчан ва ўшанаванне памяці паэта.   
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться