У Лідзе прайшла штогадовая выстава «Жанчына-чараўніца»

08 Февраля 2019 1727
Кажуць, рукадзеллем займаюцца людзі захопленыя і натхнёныя. І гэта яшчэ раз даказала штогадовая выстава «Жанчына-чараўніца», якая адбылася ў аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры ў мінулую суботу.

У наш час рукадзелле, нягледзячы на тое што ўсё можна купіць у краме, не рэдкасць. Навукоўцы даказалі: калі жанчына вяжа, шые, вышывае, малюе, яна ўваходзіць у гармонію са сваёй прыродай. Таму такія навамодныя захапленні, як скрапбукінг, мылаварэнне, бісерапляценне, дэкупаж, выраб лялек, – гэта не толькі творчасць, але і занятак для душы, карыснасць якога высока ацэньваецца іншымі людзьмі. І з гэтым, безумоўна, згаджаліся ў той дзень і самі віноўнікі ўрачыстасці. Іх на сустрэчу прыйшло больш за дваццаць.
 
– У Лідскім раёне нямала майстроў, якія працуюць у розных тэхніках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, – расказвае навуковы супрацоўнік аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры, куратар мерапрыемства Марына Савіцкая. – Гэта людзі, моцна захопленыя і ўлюбёныя ў сваю справу. Яны любяць тварыць і ствараць выдатныя рэчы, эксклюзіўныя вырабы, карціны, прадметы інтэр'еру, цацкі, адзенне для сябе і сваіх блізкіх. Прычым многія з іх ідуць у нагу з новымі тэндэнцыямі і валодаюць адразу некалькімі тэхнікамі. Таму мэта праекта – не толькі сабраць нашых гераінь разам, каб кожная жанчына змагла паказаць, на што яна здольная, але і даць глебу для сумеснага дыялогу, магчымасць убачыць работы іншых захопленых майстроў, выслухаць іх аповеды пра сябе.

Да тонкасцей і сакрэтаў ручной працы, пра якія не прачытаеш у кнігах і якія не знойдзеш у Інтэрнэце, змог далучыцца і карэспандэнт «Лідскай газеты» і, між іншым, адразу стаць пастаянным прыхільнікам некаторых тэхнік. У экспазіцыі можна было ўбачыць арыгінальныя вырабы, нібы намаляваныя пэндзлем мастака, вышытыя карціны, работы з саломкі, дэкаратыўных лялек. Кожная, без сумнення, маленькі шэдэўр, створаны з дапамогай палёту фантазіі і тэхнічных здольнасцей.

– Вось, напрыклад, вельмі цікавыя работы лідчанкі Тамары Жамойцінай, – яшчэ да пачатку мерапрыемства праводзіць экскурсію Марына Савіцкая. – Вышыўка іконы заўсёды лічылася цяжкай. На яе трэба шмат часу і сіл. Асноўная задача майстра – правільна падабраць колер і адценне. І з ёй лідскі майстар спраўляецца. 

У сваіх работах мясцовыя майстрыхі выкарыстоўваюць розныя матэрыялы, часам нават незвычайныя. Ацэнка кожнай – самая высокая. Прычым у гэты дзень рукадзельніцы не толькі паказвалі сябе, але і з задавальненнем разглядалі работы аднадумцаў і радаваліся магчымасці правесці цэлы дзень сярод тых, хто падзяляе іх захапленне.

– Спадабаліся і прыйшліся па душы святочная атмасфера, яркія стэнды з цікавымі работамі маіх калег, – адзначыла Валянціна Кот. – Нягледзячы на дождж, які пачаўся бліжэй да абеду, настрой прыўзняты, таму што свет творчасці велізарны і шматгранны. Радасць, якую адчувае чалавек, калі займаецца творчасцю, ні з чым не параўнальная.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться