У Лідскім гістарычна-мастацкім музеі працуе выстава, прысвечаная 100-годдзю камсамола

29 Октября 2018 2759

Экспазіцыя “Сустрэча пакаленняў. Арганізацыі моладзі ўчора і сёння” уключае ў сябе фатаграфіі, архіўныя дакументы, прадметы побыту XX стагоддзя – яны адлюстроўваюць гісторыю развіцця менавіта рэгіянальнай моладзевай арганізацыі, дазваляюць адчуць атмасферу той эпохі. 

Выстава цікавая ўдвайне, бо, па-першае, дасягненні, праца камсамолу прадстаўлены ў храналагічным парадку, па-другое, на фоне кожнага гістарычнага этапа можна захаваць сябе на фотаздымку – створана некалькі інтэрактыўных фотазон.  

– Наведвальнікам мы прапануем дакрануцца да гісторыі праз прадмет, – гаворыць у час экскурсіі старшы навуковы супрацоўнік музея Наталля Валынец. – Тут значкі, дакументы, граматы, фотаздымкі з прыватных калекцый мясцовых жыхароў: Генадзя Тарасава, Часлава Серафіновіча, Ніны Капец, настаўнікаў СШ № 1, гімназіі № 1 горада Ліды і іншых. Можна пабачыць і асабістыя рэчы воінаў-абаронцаў краіны, тых, хто ўдзельнічаў у аднаўленні горада пасля Вялікай Айчыннай вайны, хто асвойваў цалінныя землі. У экспазіцыі прадстаўлены сцяг Радзівонішскага сельскага Савета, які шмат гадоў праляжаў у зямлі, а нядаўна быў знойдзены сынам адной з мясцовых жыхарак і перададзены ў музей. Сучаснікам цікава будзе адказаць на пытанні анкеты, якую кожны запаўняў перад уступленнем у камсамол, пачытаць агітацыйныя лістоўкі, артыкулы “Лідскай газеты” тых часоў. Сярод эспанатаў ёсць і такі ўнікальны прадмет, як клішэ 1943 года, якое належала партызанскаму атраду “Іскра”.

Паглядзець больш дэталёва прадметы тых гадоў і акунуцца ў эпоху ўнікальнай у сусветнай практыцы моладзевай арганізацыі, якая выхавала не адно пакаленне рамантыкаў, патрыётаў, абаронцаў Айчыны, людзей, здольных па першым поклічы Радзімы падымаць цаліну, асвойваць прасторы, будаваць заводы і фабрыкі, цяпер можа кожны: выстава “Сустрэча пакаленняў. Арганізацыі моладзі ўчора і сёння” будзе працаваць для наведвальнікаў да лютага наступнага года. Як паведаміла Наталля Валынец, на базе экспазіцыі плануецца праводзіць сустрэчы з былымі камсамольцамі, актывістамі сучасных грамадскіх арганізацый.

І першая такая сустрэча ўжо адбылася. Лідары Лідскай раённай арганізацыі ГА “БРСМ” сабралі ў адной зале былых камсамольцаў, якія з задавальненнем расказалі аб ролі арганізацыі ў іх жыцці.  

Па-камсамольскі ўдарна

Камсамол сышоў у гісторыю, але памяць аб ім, як святло далёкай і яркай зоркі, яшчэ доўга будзе саграваць душу тым, хто заўсёды жыў па прынцыпе “Спачатку думай пра Радзіму, а ўжо потым – пра сябе”. Напярэдадні святкавання вялікага юбілея з’явілася алея “Якімі маладымі мы былі!”. Дружнай камандай ветэраны камсамольскага руху разам з членамі БРСМ высадзілі ў гарадскім парку культуры і адпачынку 20 ліп і клёнаў. “Сённяшняя моладзь, мы ўпэўненыя, напіша сваю слаўную біяграфію. І, пасталеўшы, стаўшы бацькамі, яны пакажуць сваім дзецям гэтыя ліпы і клёны і з гонарам скажуць: “Гэтыя дрэвы пасадзілі мы!” Такая пераемнасць і ёсць тая самая сувязная нітка пакаленняў”, – адзначылі ветэраны камсамольскага руху.

100-годдзе камсамолу ў Лідзе таксама адзначылі вялікім канцэртам “Хайпесні раскажуць, якімі мы былі”.




















Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться