Да Года малой радзімы літаратурны аддзел Лідскага гістарычна-мастацкага музея прымеркаваў два праекты

23 Мая 2018 665

IMG023Старт абодвум быў дадзены ў мінулую сераду ў доміку Таўлая. На першым паверсе адбылося адкрыццё выставы малюнкаў да твораў лідскіх паэтаў аб малой радзіме “Выяўленчы радок пра родны куток”; на другім пачаў адлік цыкл сустрэч са знакамітымі землякамі “Любі, браток, родны куток” – адбылася сустрэча з мінскім паэтам з лідскімі каранямі Міхаілам Баранчыкам (дарэчы, ужо не першая сустрэча ў доміку Таўлая з названым паэтам).

– Мастацтва крочыць побач з літаратурай, – гаварыў на адкрыцці выставы навуковы супрацоўнік музея, кіраўнік літаратурнага аб’яднання “Суквецце” пры рэдакцыі “Лідскай газеты” Алесь Хітрун. – Дадзеную выставу літаратурны аддзел арганізаваў сумесна з Лідскай дзіцячай мастацкай школай: сталыя лідскія паэты даслалі тэксты вершаў, прысвечаных малой радзіме; юныя мастакі, выхаванцы мастацкай школы, падрыхтавалі да гэтых вершаў малюнкі. Такое атрымалася сааўтарства паэтаў і мастакоў. Дарэчы, з мастацкай школай мы супрацоўнічаем не першы год: пяць гадоў назад у доміку Таўлая дзейнічала выстаўка работ юных мастакоў “Вясёлка творчасці”. На базе выстаўкі, якая адкрылася цяпер, плануем у далейшым праводзіць майстар-класы для вучняў пачатковых, а таксама пятых і шостых класаў.

Што тычыцца другога праекта – цыкла сустрэч са знакамітымі землякамі, – то, як адзначыў Алесь, гэта будуць сустрэчы не толькі з паэтамі і пісьменнікамі, але і з мастакамі, музыкантамі, спартсменамі, навукоўцамі і г. д. Першым госцем у рамках праекта, як ужо адзначалася, стаў Міхаіл Айзікавіч Баранчык, паэт з Мінска. На сустрэчы з паэтам, акрамя сяброў літаб’яднання “Суквецце”, прысутнічалі лідскія сябры і знаёмыя Міхаіла Баранчыка.

– Мае дзяцінства і юнацтва прайшлі ў Лідзе, – гаварыў падчас сустрэчы Міхаіл Айзікавіч. – Тут я некалі вучыўся ў сярэдняй школе № 3 (цяпер гэта ліцэй № 1). Ліду і цяпер лічу сваім родным горадам, хаця даўно, з 1980 года, жыву ў Мінску. Амаль кожны год наведваю сваю малую радзіму, кожны раз прыязджаю сюды з задавальненнем. У Лідзе па-ранейшаму жыве шмат маіх сяброў дзяцінства і юнацтва. Мне заўсёды прыемна мець зносіны са сваімі землякамі, з лідскімі калегамі па пяру. У Лідзе, у адрозненне ад Мінска, ёсць такія куткі, дзе можна атрымаць асалоду ад звінячай цішыні, дзе не пачуеш шуму машын. Што значыць для мяне малая радзіма? Адказ на гэтае пытанне шукайце ў маіх шматлікіх настальгічных, прасякнутых любоўю да горада дзяцінства вершах пра Ліду.

Дарэчы, успаміны Міхаіла Баранчыка з дзяцінства леглі ў аснову яго кнігі ўспамінаў з лірычнымі адступленнямі, вершамі і фатаграфіямі Ліды 60-70-х гадоў “Все мы родом из детства” (Лиде, городу моего детства, посвящается…”). Нагадаем, што прэзентацыя названай кнігі (у электронным выглядзе) адбылася тры гады назад у Лідскім гістарычна-мастацкім музеі, у “Хрушчоўцы 60-х” (там і цяпер захоўваюцца рукапісы кнігі). Яна і зараз існуе толькі ў электронным варыянце (па прычыне мноства фатаграфій выданне кнігі – справа вельмі дарагая), але Міхаіл Айзікавіч марыць усё ж такі выдаць яе ў друкаваным варыянце.

Варта згадаць і пра зборнік вершаў паэта “Мои стихи – лишь письма в никуда…” (выйшаў у 2016 годзе), у якім таксама знайшлося месца настальгічным вершам аб малой радзіме – горадзе Лідзе, вуліцах Ленінскай і Шубіна, дворыку дзяцінства.

Многія свае вершы, прысвечаныя гораду Лідзе, Міхаіл Баранчык зачытаў у час сустрэчы ў доміку Таўлая. Паслухалі прысутныя і яго вершы з “мінскага”, “нёманскага” цыклаў (некалькі гадоў запар, кожнае лета, Міхаіл Айзікавіч сплаўляецца на байдарцы па Нёмане), вершы, напісаныя ў памяць аб Вялікай Айчыннай вайне (як даніна нядаўна адзначанаму Дню Перамогі). Прагучалі таксама аўдыязапісы песень на глыбока лірычныя вершы паэта. А яшчэ прысутныя мелі магчымасць паглядзець фатаграфіі Ліды 60-70-х гадоў, задаць пытанні Міхаілу Айзікавічу, набыць яго кнігу “Мои стихи – лишь письма в никуда…”.

У заканчэнне сустрэчы Алесь Хітрун уручыў Міхаілу Баранчыку значок-бэйджык сябра літаб’яднання “Суквецце”, якім паэт з Мінска фактычна з’яўляецца апошнія тры гады.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться