У Лідскім гістарычна-мастацкім музеі адкрылася выстава “Літва. Гарадзішчы ў фатаграфіях” (фота)

22 Декабря 2017 749

Той, хто хоча ў калядныя і навагоднія святы яшчэ больш сутыкнуцца з таямніцай, пазнаць дагэтуль нязведанае, мае такую магчымасць, наведаўшы выставу “Літва. Гарадзішчы ў фатаграфіях”, якая адкрылася 21 снежня ў Лідскім гістарычна-мастацкім музеі. Работы знакамітага літоўскага фотамайстра Альбертаса Швенчыёніса прадстаўлены на ёй у рамках міжнароднага праекта.     

Некаторы час назад выстава “Літва. Гарадзішчы ў фатаграфіях” гасцявала ў Гродне, а зараз на месяц перамясцілася ў Ліду.  Каб знаёмства лідчан на дабрачыннай аснове  з гэтым кавалачкам  літоўскай гісторыі і культуры адбылося, паспрыялі Генеральнае консульства Літоўскай Рэспублікі ў Гродне, лідскае раённае грамадскае аб’яднанне літоўцаў “Рута”. Вялікую падтрымку ў арганізацыі выставы аказаў і Лідскі райвыканкам.

Дэлегацыя літоўскага консульства на чале з Генеральным консулам Генадзіюсам Мацкялісам, прадстаўнікі мясцовай улады прысутнічалі разам з лідчанамі і на ўрачыстым адкрыцці выставы. Звяртаючыся да прысутных, загадчыца сектара ідэалагічнай работы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алена Каралевіч падкрэсліла, што адкрыццё выставы – гэта чарговая нагода сабрацца сябрам разам. Алена Аляксееўна пажадала прысутным добрых уражанняў ад знаёмства з цудоўнымі работамі фотамайстра, а таксама павіншавала ўсіх з наступаючымі святамі.

 Да  слоў Алены Каралевіч далучыўся і  Генадзіюс Мацкяліс. Генеральны консул  падкрэсліў, што арганізатары выставы рады вітаць усіх, хто наведае яе. Асобна Генадзіюс Мацкяліс выказаў падзяку Лідскаму райвыканкаму, а таксама супрацоўнікам Лідскага гістарычна-мастацкага музея, у зале якога разгорнута выстава.

“Прыемна сутыкацца з людзьмі, якія ад шчырага сэрца выконваюць сваю работу, і зрабілі ўсё магчымае, каб наведвальнікі маглі палюбавацца мясцінамі, увасобленымі ў фатаграфіі”, -- адзначыў ён.

Дырэктар гісторыка-мастацкага музея Ганна Драб да месца згадала, што музей  падтрымлівае цесныя, сяброўскія адносіны з літоўскім бокам у рамках трансгранічнага супрацоўніцтва (дарэчы, як і іншыя ўстановы культуры Лідскага раёна). І гэта  супрацоўніцтва будзе працягвацца.

Што датычыць наведвальнікаў, якія ўжо з першых хвілін адкрыцця выставы з захапленнем пачалі знаёміцца з прадстаўленымі работамі, то трэба сказаць, што ніхто з іх не застаўся раўнадушным.  Энергетыка, якая ідзе ад работ, стварае асаблівы настрой.

-- Адчуванні неперадавальныя, -- казала журналісту “Лідскай газеты”  Антаніна Андруконіс, якая прыйшла на выставу з мужам і бацькам. – У мінулым годзе мы былі ў Літве на экскурсіі па гарадзішчам. Даведаліся тады шмат цікавай інфармацыі, і сёння, дзякуючы выставе, яна зноў усплывае ў памяці. Калі закрануць выкананне саміх работ, то мне асабліва падабаюцца тыя, ракурс якіх зверху на аб’ект. Гэта прыдае ім яшчэ большую загадкавасць.

Што датычыць самаго аўтара гэтага матэрыяла, то ў яго самае найбольшае ўражанне пакінула фотаработа, на якой над курганом блішчыць яркая зорка.  Яна так і вабіць сваім цёплым, пранікнёным святлом у свет пазнання…

1

1

1

1

1

1

1

1

1

1

1

1

1

1

1

1

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться