У Лідзе ў аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры днямі адкрылася выстава «Лялька як мастацтва»

09 Ноября 2017 2271

У аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры днямі адкрылася выстава “Лялька як мастацтва”, наведвальнікі якой былі прыемна здзіўлены. Аснову экспазіцыі склалі некалькі дзясяткаў лялек – абрадавых, абярэгавых, гульнявых, а таксама сучасных – тэкстыльных і аўтарскіх. Пералічваць можна доўга, але лепш убачыць усё сваімі вачыма.

Так і зрабіла, завітаўшы на выставу падчас яе адкрыцця. Сярод наведвальнікаў у асноўным школьнікі і іх настаўнікі: інфармацыі аб беларускай абрадавай ляльцы сёння няшмат, а тут яе – цэлая скарбніца.

– Гэтую выставу арганізавала мая калега – малодшы навуковы супрацоўнік Марына Савіцкая, – расказвае метадыст аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Ірына Дыдышка. – У зале прадстаўлены народныя і фальклорныя лялькі, якія прывезла ў Ліду член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, кіраўнік праекта «Папараць-кветка» па захаванні і вывучэнні традыцыйнай культурнай спадчыны беларусаў у частцы фальклорнай і шытай абрадавай і гульнявой лялькі Таццяна Трушына. Выстава пабывала ў розных рэгіёнах Беларусі, атрымала шмат добрых водгукаў. Гэта найперш гаворыць аб тым, што зацікаўленасць гісторыяй беларускай абрадавай лялькі ў апошні час узрасла як у навуковым асяроддзі, так і сярод аматараў, насельніцтва.

Як вядома, гісторыя лялькі пачынаецца ў глыбокай старажытнасці. Яна служыла абрадавым сімвалам, надзялялася магічнай сілай. І толькі з цягам часу ператварылася ў дзіцячую цацку: простую, немудрагелістую, але такую доўгачаканую, зробленую рукамі любімай матулі.

IMG 2985

– У далёкім мінулым з дапамогай лялек навучалі дзяцей працоўным навыкам, перадавалі назапашаны жыццёвы вопыт, – расказвае Ірына. – Лялька з'яўлялася своеасаблівым спосабам пазнання жыцця: у працэсе гульні дзіця далучалася да культуры свайго народа. А рабіліся яны рукамі матуль з простых рэчаў: саломы, драўляных лыжак, вяровачак, тасёмак, кавалкаў ношанага адзення. Таму і лялькі атрымліваліся не толькі мяккімі і цёплымі навобмацак, але і напоўненымі любоўю.

IMG 3043

Наведвальнікі з цікавасцю разглядалі незвычайныя экспанаты, фатаграфаваліся, бо такія ў сучасным жыцці наўрад ці сустрэнеш. З асаблівым энтузіязмам была ўспрынята ідэя зрабіць ляльку-абярэг сваімі рукамі. У выніку аказалася, што гэта нескладана і надзвычай цікава.

IMG 3047

– Пры вырабе лялькі я не карысталася ні нажніцамі, ні іголкай, – расказвае адна з прысутных дзяўчынак. – Кавалачкі тканіны я злучала паміж сабой вузялкамі і ніткамі. Спачатку не атрымлівалася так, як хацелася, але потым налаўчылася. Цяпер у маім пакоі будзе хоць і не магічны, але зроблены сваімі рукамі абярэг.

Асобны раздзел экспазіцыі – гэта работы сучасных майстроў, якія займаюцца стварэннем аўтарскіх лялек. Усе персанажы – характэрныя героі, апранутыя ў адзенне з элементамі вышыўкі і ткацтва таго ці іншага строю. У знешнім выглядзе некаторых пазнавала знакамітых людзей, напрыклад легенду беларускай музыкі Уладзіміра Мулявіна (хаця, можа, гэта і не так), у другіх – персанажаў беларускага фальклору. Час прайшоў непрыкметна. Для сябе адзначыла: было відовішчна і вельмі цікава.

IMG 3051

IMG 3058

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться