Трыумф лідскіх музыкантаў у Ланчыяна

18 Октября 2017 868

Музычная восень-2017 – шчодрая для навучэнцаў і выкладчыкаў Лідскага дзяржаўнага музычнага каледжа. У канцы верасня музыканты прынялі ўдзел у ХХVI Міжнародным конкурсе «CITTA DI LANCIANO» (“Прэмія Ланчыяна”), што праходзіў у аднайменным італьянскім горадзе Ланчыяна. Талент і майстэрства лідскіх музыкантаў былі прадстаўлены ва ўсёй паўнаце. Як вынік – лаўрэатамі другой ступені сталі навучэнцы каледжа Яўген Вадэйка і Віялета Жэгждрынь (выкладчык – Ала Догілева), а творчыя калектывы каледжа – заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь “Народны аркестр рускіх народных інструментаў” і ансамбль народных інструментаў “Крынічка” (абодва калектывы – пад кіраўніцтвам Алены Сячко) – прызнаны лаўрэатамі першай ступені.

Чарговы трыумф лідскіх музыкантаў на прэстыжнай музычнай пляцоўцы стаў магчымы дзякуючы вялікаму прафесіяналізму выкладчыцкага складу музычнага каледжа. Пацвярджае гэта і той факт, што шэраг з іх нядаўна быў адзначаны ўзнагародамі на высокім узроўні. За прафесіяналізм, творчую дзейнасць і значны асабісты ўклад у развіццё і прапаганду беларускай культуры Ганаровымі граматамі Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама ўзнагароджаны выкладчыкі Ала Догілева і Святлана Бойка. Высокіх узнагарод удастоена дырэктар установы адукацыі Алена Серакова – яна ўзнагароджана Ганаровай граматай Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму, а таксама Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться