Да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Мікалай Дзікевіч: «Як я навучыўся чытаць і палюбіў беларускую мову»

05 Октября 2017 2243

Краязнаўцу, аўтару кніг-даследаванняў Мікалаю Дзікевічу нядаўна споўнілася 93. Нягледзячы на ўзрост, ён плённа працуе і рыхтуе да выдання чарговую кнігу. Акрамя таго, піша шмат нататак. Як ён навучыўся чытаць і як палюбіў беларускую мову? Якая кніжка была самай першай і як нараджалася, гучала, жыло беларускае слова ў вясковым асяроддзі, з якога выйшаў і ён сам – чалавек, які шмат напіша аб роднай старонцы на роднай мове? Развагі аб гэтым (і не толькі) самога аўтара будуць цікавыя чытачам і падштурхнуць да ўласных думак, а магчыма, і ўзяцца за пяро...

З вясковых падмосткаў – беларускае слова

“Мама мая, Ганна Міхайлаўна Гец, родам з вёскі Сялец, замужам была за Дзікевічам у вёсцы Дзітрыкі Беліцкай гміны. Мы часта хадзілі за 6 км у Сялец да бабулі Агаты і дзядулі Міхася (па-вясковаму Міхалюка).

У гэты складаны час у вёсцы дзейнічаў гурток Таварыства беларускай школы, які быў створаны ў 1921 годзе з вяртаннем шматлікіх сялян-бежанцаў. ТБШ вяло барацьбу за беларускую школу, дэмакратызацыю адукацыі, распаўсюджванне беларускіх газет і кніг.Гэта, так бы мовіць, статутная дзейнасць, але сябры гуртка ў асноўным ладзілі мастацкую самадзейнасць. Маладая, ба-дзёрая, не атуманеная гарэлачным чмыром моладзь без указак і патуранняў цягнулася ў згуртаванні – былі арганізаваны драматычны і харавы гурткі. Удзельнікі самадзейнасці выступалі таксама перад жыхарамі навакольных вёсак Ганчары, Дзітрыкі і іншых. У рэпертуары былі п’есы “Паўлінка”, “Збянтэжаны Саўка”, “Конскі партрэт”, “Модны шляхцюк”, “Сурдут і сярмяга”, “Колісь”, “Змагары за ідэю”, “Дзядзька ў Вільні”, беларускія і рускія песні.

Спачатку, перад рэпетыцыяй, п’есу патрэбна было ўзгадніць у пастарунку паліцыі, які месціўся ў Сяльцы, а на самім канцэрце прысутнічаў камендант або яго намеснік.

Дзівуешся: некаторыя сяляне жылі бедна і хлеба са сваёй зямлі мелі столькі, што яго не хапала да вясны, і тым не менш збіраліся па хатах і рэпетыравалі. Выступленні ладзілі вечарамі па суботах. Жыццё было цяжкім, гаротным, але бурлівым.

Мне, тады яшчэ малому, дзякуючы ўдзельніку самадзейнасці – дзядзьку Міхаілу – давялося прысутнічаць на некалькіх канцэртах, што адбываліся ў школе. Памятаю, як дзядзька Міша махаў шабляй.

«Унуча, якая прыгожая і зразумелая мова! Чытай болей!»

Маёй першай чытанкай на рускай мове была кніжачка казак у фармаце алфавіта. Я не ведаў літар рускага алфавіта і прачытаць не мог – толькі разглядаў прыгожыя малюнкі на глянцавай паперы.

У дзяцінстве ў нашай хаце гучала беларуская мова. Мама наведвала школу няпоўны год, а распісацца пры атрыманні пенсіі магла толькі крыжыкамі. Мы з братамі Ціханам і Санем навучылі яе распісвацца, але ўжо польскімі літарамі. Размаўляла яна вельмі добра. З маленства ад бацькоў мной быў набыты навык размовы на роднай мове.

Старэйшы брат Ціхан часта гасцяваў у бабулі Агаты і дзядулі Міхаіла, у цёткі Ядвісі і дзядзькі Валодзі. Паўсюдна чулася матчына мова.

Як трапляла беларуская літаратура ў Сялец? Невядома. Магчыма, яе прывозілі з Ліды. Аднак добра памятаю аповеды мамы і брата Ціхана, як дзядзька Мікалай апранаў якаснае паліто з унутранымі кішэнямі, капялюш, браў модную палку і ездзіў у Вільню. Рызыкаваў, але прывозіў агітацыйныя ўлёткі.

Напэўна, так да нас трапіла і паэма “Сымон-музыка” Якуба Коласа. Яна была прывезена з Ліды, а надрукавана ў 1928 годзе ў Вільні (перашапачаткова – у 1925 годзе ў Мінску).

Варта расказаць пра братоў... Яны раслі сіротамі. Іх бацька ў 1914 годзе загінуў у баі пад Гродна, там жа пахаваны. Брат Ціхан правучыўся ў Дзітрыкаўскай польскай пачатковай школе два гады, Саня – не больш. Мяне здзіўляла, што яны даволі добра чыталі і пісалі па-польску, а таксама чыталі па-беларуску і па-руску. А яшчэ, магчыма, дапамагалі заняткі, арганізаваныя гмінай для сялянскай моладзі. Браты наведвалі іх асеннімі і зімовымі вечарамі. Вёў іх настаўнік Васіль Пятровіч Лагонда. Дарэчы, цікавая гісторыя гэтага настаўніка. Васіль Пятровіч нарадзіўся на Брэстчыне ў сям’і святара (святаром быў і дзед). У сям’і бацькі расло сямёра дзяцей: два сыны і пяць дачок. Усе дочкі сталі настаўніцамі і выйшлі замуж за святароў. Пасля заканчэння польскай паўшэхнай школы Васіль Пятровіч вучыўся ў духоўнай семінарыі. Закончыў яе паспяхова, але святаром не стаў. Насуперак бацькоўскай волі паступіў у настаўніцкую семінарыю. Бацька ў пакаранне ўхіліўся ад вучобы сына. Невядома, з якімі вынікамі Васіль Пятровіч закончыў семінарыю, але нейкі час вечарамі працаваў настаўнікам вясковай моладзі ў вышэйзгаданай Дзітрыкаўскай і пазней у Бандарскай школах. Пасля вайны, да выхаду на пенсію, – у Беліцкай сярэдняй школе.

Цяга да ведаў у маіх братоў была вялікай. Брат Ціхан пазней нават рашаў сыну квадратныя ўраўненні, папярэдне прачытаўшы тэорыю ў падручніку. Я пераняў у іх гэты навык чытання. Восенню 1937 года з бабуляй, на цёплай печы, пры пяцілінейнай лямпе, пачынаў “бэкаць” паэму “Сымон-музыка”. Бабуля слухала ды казала: “Унуча, якая прыгожая і зразумелая мова! Чытай болей!” Напэўна, гэтыя словы былі для мяне не горш за цяперашнія настаўніцкія адзнакі.

Гучанне ў дзяцінстве роднай мовы ў хатнім асяроддзі, наведванне вясковай самадзейнасці, з’яўленне згаданай абшарпанай кніжкі, яе чытанне вызначылі накірунак майго жыцця.

Вясковы паэт Аркадзь Дэк. Можа, хто памятае, ведае?

Родная мова жыла, чулася паўсюдна ў суседніх вёсках. Успамінаю жыхара вёскі Супраўшчына Аркадзя Дэка. Неяк моладзь вёскі Дзітрыкі арганізавала вечарыну. Ігралі музыкі Урбановічы з вёскі Жомайдзі. У светлай палавіне хаты скакала моладзь. На кухні дзядзька Аркадзь у белай вышыванцы, падпяразанай сама-тканым поясам, у хадаках з белымі анучамі, акуратна заматаных вяровачкамі, расказваў уласна напісаныя жартоўныя вершы і гумарэскі. Гэта было так прыгожа і смешна на беларускай мове!Цікавы ён быў чалавек. Нарадзіўся ў 1908 годзе ў вёсцы Панікарты Дзятлаўскага раёна. Родзічы расказваюць, што быў у бежанцах дзесьці пад Масквой. Там жылі адной грамадой. Вучыўся. Вечарамі збіраліся па хатах, цёплымі – на вуліцы. Размаўлялі па-беларуску, апраналіся – таксама. Успаміналі радзіму і спявалі беларускія песні. Дзядзька Аркадзь чытаў і пісаў па-беларуску.

Хата яго была за аселіцай, каля алешніка. Месца балоцістае. Ён любіў дзяцей. Ладзіў ім арэлі і гульні.

Я вучыўся ў Ганчарскай школе (1936-1939) з яго пляменнікам. Часта заходзіў да яго ў хату. Мэбля была змайстравана дзядзькам Аркадзем з мясцовага матэрыялу: вольхі, бярозы, лазы. Памятаю крэсла з падлакотнікамі, спінкай з пруцікаў з карой і без яе, дзе сплеценых, дзе змацаваных самаробнымі цвікамі. На сядзенні ляжала падушка, напоўненая сенам.

Дзядзька Дэк – чалавек кампанейскі. Да яго цягнулася вясковая моладзь. Каля яго хаты збіраліся, бавілі час, спявалі беларускія песні.

Такая дзейнасць выклікала падазрэнне ў польскай паліцыі. Яго часта наведвалі, рабілі ператрусы па ўсіх кутах. Трапляў у пастарунак. Дапытвалі моладзь. Як ні дзіўна, ніхто з іх не выдаў дзядзьку Аркадзя, не прызнаваўся, што ў яго бачылі ці чыталі камуністычную літаратуру. А тое, што дзядзька Аркадзь і іншыя бежанцы “захварэлі” пад уздзеяннем бальшавіцкіх агітатараў камуністычнымі ідэямі, было добра вядома нават мне: чуў іншы раз размовы родзічаў-бежанцаў. Напэўна, дзядзька Аркадзь гаварыў з моладдзю аб жаданай шчаслівай долі.

Яго сястра ўспамінала, што брат бедаваў, калі паліцыя забрала тоўсты самаробны сшытак з вершамі, гумарэскамі. Цяпер не толькі суседзі – нават родзічы не памятаюць яго літаратурнай спадчыны. (Магчыма, хтосьці з чытачоў “ЛІдскай газеты” старэйшага ўзросту ўспомніць Аркадзя Дэка, самабытнага вясковага паэта, і яго вершы? Адгукніцеся: аўтар, краязнаўца Мікалай Дзікевіч шукае такія звесткі. – Рэд.) Апошні раз мне пашчасціла слухаць вершы вясковага самародка ў выкананні Якуба Буйніцкага, жыхара вёскі Дзітрыкі. Ён майстраваў нам грубку і чытаў іх на памяць.

Лёс Аркадзя Дэка склаўся трагічна. У 1940-1941 гг. ён працаваў старшынёй калгаса. У 1941 годзе немцы ці паліцаі расстралялі яго.

Была польскай – стала беларускай

Набліжаўся першы дзень верасня 1939 года. Раніцай на прыпынку каля вёскі Баравічы я не дачакаўся аўтобуса. На ўсход ляцелі самалёты трыма звёнамі, утворанымі з трох двухматорных. Чорны шлейф дыму падымаўся над горадам Лідай. Пачалася вайна.18 верасня Чырвоная Армія была ў Лідзе. А ў канцы месяца я атрымаў павестку аб яўцы ў Лідскую гандлёвую гімназію. У пачатку кастрычніка пачаліся заняткі. Урокі вяліся на польскай мове па праграме 1 класа гімназіі, толькі замест польскай мовы выкладалі беларускую і не было гісторыі Польшчы. Некалькі настаўнікаў загаварылі па-беларуску.

Не ўсе гімназісты з’явіліся на заняткі. Становішча ў класе склалася напружанае. Многае нам было незразумела. Збіраліся па інтуіцыі. Утварыліся гурткі старэйшых і малодшых, гараджан і вяскоўцаў, палякаў і беларусаў. У такіх абставінах правучыўся да Новага 1940 года. З 1 па 21 студзеня ў маім жыцці былі самыя доўгія зімовыя канікулы: настаўнікі на трохтыднёвых курсах вывучалі беларускую мову.

За гэты час прайшла рэарганізацыя школьнай сеткі. Лідская гандлёвая гімназія была пераўтворана ў сярэднюю школу №2, а нас, гімназістаў 1-га класа, перавялі ў 5-ы. Нашы веды за сем класаў польскай школы прыраўнялі да чатырох класаў беларускай школы.

Канешне, я мог бы пайсці вучыцца ў 5 клас Ганчарскай школы, але там да навучання прыступілі ў пачатку кастрычніка. Дома пагадзіліся з тым, каб я прадоўжыў вучобу ў Лідзе. Тут за кошт іншых прадметаў павялічылася колькасць гадзін на беларускую мову.Вывучэнне беларускай мовы ў пятым класе ў Лідзе пакінула прыемныя ўспаміны. Вучыла нас маладая настаўніца з Усходняй Беларусі. Яе ўдалыя чытанне апавяданняў, дэкламаванне вершаў здзіўлялі і радавалі нас. Тады ў мяне быў закладзены падмурак вывучэння беларускай мовы на ўсё жыццё. Напэўна, ніякую навуку я не вывучаў так, як граматыку беларускай мовы.

З 1 верасня 1940 года рыхтаваўся вучыцца ў шостым класе Ганчарскай школы. Веды за пяты клас у Лідзе атрымаў дастатковыя. Погляды і інтарэсы вясковых навучэнцаў былі мне бліжэй, чым погляды і інтарэсы гарадскіх хлопцаў і дзяўчат. Сярод равеснікаў-вяскоўцаў адчуваў сябе роўным сярод роўных. Вучоба ў горадзе, наадварот, ставіла мяне ніжэй гарадскіх, хоць вучыўся не горш за іншых.

Павінен сказаць, што беларускую мову ў Ганчарскай школе выкладала Зоя Іванаўна Шуціла. Яна з вясковымі настаўнікамі таксама вывучала беларускую мову на зімовых трохтыднёвых курсах. Даволі добра валодала мовай і пераказвала змест беларускіх твораў згодна са школьнай праграмай. У нашай школьнай бібліятэцы мелася па два-тры экзэмпляры кніг, атрыманых у падарунак ад вучняў Усходняй Беларусі.

Сям’я, якая ведае свае радавод і мову, не памрэ

Нядаўна знайшоў часткова згублены даваенны дзённік, у якім на беларускай мове запісваў хатнія падзеі, падзеі ў школе і падчас службы ў арміі. Почырк прыгожы, а пісьменнасць жудасная. На вокладцы двух вучнёўскіх сшыткаў напісана: “Днеўніку вучня шостага класа Ганчарскай няпоўнай сярэдняй школы №7 М. Дзікевіча”. Пачынаюцца занатоўкі 14 красавіка 1941 года і заканчваюцца 1 мая 1941 года. Далей працягу няма. І толькі ў нядзелю 29 красавіка 1945 года адноўлены запісы (па 30 красавіка 1946 г.).

Прачытаў – і нахлынулі ўспаміны. Вось я, 12-гадовы падлетак, любуюся з акна роднай хаты вясёлкай, якая раскінулася ад вёскі Жомайдзі да Сяльца і якую, бы сапраўдны паэт, назваў “вобразам вясны”. А вось стаўлю сабе першую сур’ёзную мэту – “штотыдзень самастойна праходзіць па дзве чытанкі нямецкай мовы” – і перажываю першы смутак: “з надыходам сяўбы прыйдзецца развітацца з навукай і школай”. А вось агляд самадзейнасці, на які мы, сялецкія школьнікі, развучыўшы “Песню трактористов”, «Калинку», «Краснофлотскую» і танцы – лявоніху ды гапак – прыехалі ў Лідскі раённы Дом піянераў, а я пасля гэтага пішу: “Як добра, што мы можам развіваць свае здольнасці дзякуючы партыі і ўраду...” А вось я навучэнец Лідскага педвучылішча. Дзень Перамогі. А потым – павестка з райваенкамата і служба ў арміі. Станаўленне характару, думкі, ваганні... У адно імгненне быў гатовы развітацца са сваёй марай стаць настаўнікам, але любоў да роднай беларускай мовы і жаданне дасканала вывучаць яе, несці святло людзям перамаглі, сталі маім светачам праз усё жыццё. Родная мова навучыла, адкрыла прыгажосць свету, сэнс жыцця, важныя ісціны...

Сям’я, якая ведае свой шматгадовы радавод і сваю родную мову, не памрэ, як не памрэ і яе мова. У маёй сям’і заўсёды гучыць і жыве беларускае слова. Сын, які зараз жыве ў Маскве і валодае не адной замежнай мовай (англійскай, польскай, чэшскай і інш.), тэлефануе дамоў, і першае, што кажа, – па-беларуску: “Тата, добры дзень”.

IMG 5247

P. S. А як навучыліся чытаць вы? Якая ў вас была першая кніжка? Як палюбілі родную мову? У вас таксама ёсць цікавыя ўспаміны? Тады падзяліцеся імі з намі. Пяцісотгоддзе беларускага кнігадрукавання працягваецца – ёсць нагода пра гэта расказаць. Пішыце (231300, г. Ліда, вул. Ленінская, 48) або тэлефануйце (52-96-85).

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться