Дазвольце застацца, або Як у Ёдках традыцыі пляцення кошыкаў адраджалі (фота)

28 Августа 2017 2815

Лазовыя кошыкі, што плялі на свяце ў Ёдках майстры, увабралі ў сябе цеплыню сонечных промняў і свежы подых Нёмана, ласкавы дотык ветра, вільгаць дажджу, працу рук і розум пакаленняў. Возьмеш іх (нібыта нешта роднае і дарагое) – і на душу нахлыне: такія ж лазовыя кошыкі плялі калісьці мае прадзед, дзед і нават бабуля. Колькі год прайшло, а кошыкі і сёння служаць у гаспадарцы. Дзе-нідзе з дзіркамі, але – служаць, лепш за ўсялякае вядро. Лёгкія, зручныя, для збірання грыбоў, капання і пасадкі бульбы, садавіны, гародніны, кветак, нітак і шмат чаго яшчэ. А як жа без кошыка?..

Не абыходзіцца на вёсцы без яго чалавек нават сёння, у 21 стагоддзі. А яшчэ кажуць: добрая птушка свайго гнязда не кідае, а чалавек – сваіх традыцый. Нездарма яго вялікасці Кошыку на Лідчыне прысвяцілі свята, падчас якога можна было калі і не аддацца найлепшым успамінам, то ацаніць вартасць кошыка, а магчыма, і навучыцца яго плесці – абавязкова.

Сплеценыя проста і з мудрагелістымі карункамі, круглыя, авальныя, прамавугольныя, з адной і дзвюма ручкамі, з адмысловымі накрыўкамі на лазовых завесачках, маленькія і вялізныя – не пералічыць усіх кошыкаў, якія можна было пабачыць на выставе. А побач з імі – сучасныя прадметы пляцення (праўда, не з лазы, а з паперы): кашолкі, шкатулкі, пано, кветкавыя кампазіцыі, капелюшы і многае іншае, вырабленае ў гуртках Беліцкага Дома культуры і Мінойтаўскага культурна-дасугавага цэнтра.

1

У цэнтры ўвагі заслужана – майстры лозапляцення. Адразу два такія самародкі жывуць у вёсцы Панямонцы Пескаўскага сельсавета: Фёдар Крупа і Канстанцін Дзірбук. Абодва плятуць кошыкі з дзяцінства. Фёдар Паўлавіч у сямігадовым узросце навучыўся ад бацькі, Канстанціна Канстанцінавіча прымусіла нядоля – бацька не вярнуўся з вайны, на матчыных руках засталіся чацвёра дзяцей, яму трэба было дапамагаць па гаспадарцы і ўмець рабіць усё, у тым ліку плесці кошыкі. Каля абодвух мужчын ляжалі стосікі роўных лазовых дубцоў, што адзін за адным ішлі ў работу. Лукі, уручы (скобы), перапляценне... Лаза ў руках майстроў станавілася паслухмянай, дубцы клаліся шчыльна і гладка. Кошыкі атрымліваліся прыгожыя, ладныя, акуратныя. У Фёдара Крупы – круглыя, у Канстанціна Гірбука – авальныя, прадаўгаватыя.

23

Сучаснае слова ў пляценні сказала майстрыха з вёскі Наркуны Крупаўскага сельсавета Алена Войсят. Яна асвоіла тэхніку пляцення кошыкаў з варанай лазы. У Алены Генрыхаўны сапраўды залатыя рукі: яна пляце з саломкі, паперы і іншых матэрылаў, а не так даўно з лёгкай падачы загадчыцы Крупаўскага Дома культуры Вольгі Фіясь асвоіла новую тэхніку – пляценне з варанай лазы.

45

Яркае, прыгожае, вясёлае свята ў Ёдках, якое выпала на апошнюю нядзелю лета, увабрала ў сябе ўсе яго фарбы. Весялілася і смяялася, спявала і танчыла, кружыла на каруселях, хрумсцела папкорнам і проста гулкім рэхам аддавалася ў сэрцах прысутных. Адпаведны настрой стваралі самадзейныя артысты з Ёдак і Дроздава. Канешне, у першую чаргу належнае варта аддаць гаспадарам свята – ёдкаўскім культработнікам, якія ўмеюць так арганізаваць падзею, павесяліць людзей, запаліць у іх агеньчыкі, што апошнім хочацца горача апладыраваць, падпяваць і нават танчыць. Немагчыма абысці ўвагай самадзейных артыстаў з Дроздава, якія ў якасці гасцей прыехалі ў Ёдкі і дзякуючы свайму таленту не пакінулі раўнадушным ні аднаго з гледачоў. Нават дождж, які сыпануў на пачатку свята, не сапсаваў уражанні гледачоў, а тыя, хто застаўся да канца, былі шчодра аддзячаны добрым настроем.

6

Жыхары аграгарадка Ёдкі хоць і лічаць сябе амаль гарадскімі (з-за блізкасці Ліды, ды і з-за самаго статуса населенага пункта), у сваіх дамах без кошыка не абыходзяцца. Сведчыць аб гэтым і той факт, што вырабы майстроў былі ўпадабаныя і добра купляліся. Тыя ж, хто не паспеў ці не змог гэта зрабіць, будуць мець такую магчымасць роўна праз год, на чарговым свяце кошыка. Свята набудзе пастаянную прапіску ў Ёдках і стане брэндавым для Ёдкаўскага Дома культуры. Хто ведае, магчыма, у гэтым аграгарадку хутка з’явяцца свае майстры лозапляцення. А значыць, жыць традыцыі пляцення кошыкаў, быць кошыкам у нашых дамах.

7

89

1011

13

17

1214

16

18

1920

2122

2324

25

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться