500 год беларускага кнігадрукавання. Пяць стагоддзяў Маламажэйкаўскай царквы

29 Марта 2017 2064

Леанід Лаўрэш даўно вядомы лідчанам (і не толькі) як краязнавец, аўтар артыкулаў і кніг па гісторыі Лідчыны, заснавальнік і адміністратар гістарычна-краязнаўчага інтэрнэт-сайта “Pawet”. У бягучым годзе ў адным з гродзенскіх выдавецтваў выйшла кніга Леаніда Лаўрэша “Маламажэйкаўская царква: гістарычны нарыс” – восьмая кніга аўтара. Яна расказвае пра пяцісотгадовую гісторыю Маламажэйкаўскай (Мураванкаўскай) Багародзіцкай царквы-крэпасці – аднаго з унікальных храмаў Беларусі. Першая прэзентацыя кнігі адбылася ў Гродне, а нядаўна кніга была прэзентавана ў Лідзе – у рамках чарговага пасяджэння літаратурнага аб’яднання “Суквецце” пры рэдакцыі “Лідскай газеты”.

Карэспандэнт не прамінуў пацікавіцца, чым прыцягнула Маламажэйкаўская царква ўвагу Леаніда Лаўрэша як даследчыка.

– Гэта важны, цікавы, унікальны архітэктурны аб’ект у маштабах усёй Беларусі, – гаворыць Леанід Лявонцьевіч. – Дзякуючы такім культавым пабудовам Беларусь увайшла ў гісторыю еўрапейскай архітэктуры. Гэта рэдкі аб’ект беларускай готыкі (царква, падобная па стылі на Маламажэйкаўскую, існуе на тэрыторыі нашай краіны толькі ў Сынкавічах). Ён стылістычна блізкі да касцёлаў у Польшчы, пабудаваных у XVI стагоддзі. У Польшчы падобныя храмы будавалі італьянскія майстры. Магчыма, і Маламажэйкаўскую царкву ў пачатку XVI стагоддзя будавалі італьянцы альбо іх вучні. Будавалася яна як царква-крэпасць. Яе абарончы тып выяўлены ў вежах, у шматлікіх байніцах і ў падвеснай жалезнай браме на ланцугах, якая да нашага часу не захавалася.

Чытаючы новую кнігу Леаніда Лаўрэша, чытач прасочыць пяцісотгадовую гісторыю царквы, пазнаёміцца з уладальнікамі Мажэйкава, з чыноўнікамі, ад якіх залежаў лёс храма, са шматлікімі прэтэндэнтамі на храм і яго маёмасць, з шэрагам прадстаўнікоў духавенства, у тым ліку з настаяцелямі храма, азнаёміцца з дакументамі і матэрыяламі XVI-XX стагоддзяў, якія датычацца Маламажэйкаўскай царквы, па фотаздымках і малюнках прасочыць, як мяняўся выгляд храма, пачынаючы з XIX стагоддзя, атрымае магчымасць убачыць яго велічныя гатычныя скляпенні.

Асобны раздзел у кнізе прысвечаны настаяцелю Маламажэйкаўскай царквы айцу Льву Савіцкаму, які прысвяціў гэтай царкве 63 гады (1863-1926) з 85 гадоў свайго жыцця. Даследуючы жыццё і дзейнасць святара Льва Савіцкага, аўтар, можна сказаць, адкрыў імя яшчэ аднаго краязнаўца Лідчыны. Справа ў тым, што Савіцкі зрабіў першую спробу напісаць гісторыю Маламажэйкаўскай царквы. Яго вялізны даследчы артыкул аб гэтай царкве, надрукаваны ў 1873 годзе ў некалькіх нумарах “Литовских епархиальных ведомостей”, даў Леаніду Лаўрэшу асноўны масіў інфармацыі пры рабоце над кнігай.

– У народзе Маламажэйкаўская царква называецца яшчэ Мураванкаўскай, – заўважае аўтар кнігі. – Тут трэба адзначыць, што вёска Мураванка пачала з’яўляцца ў дакументах і на картах толькі ў канцы XIX стагоддзя, сваю назву яна атрымала з-за суседства з мураванай царквой. Назва “Мураванкаўская царква” паступова пачала прыжывацца толькі пасля 1945 года, таму што праведзеныя межы раёнаў пакінулі царкву ў Шчучынскім раёне і аддзялілі яе ад Малога Мажэйкава, якое засталося ў Лідскім раёне. У сваёй кнізе я аддаю перавагу назве “Маламажэйкаўская царква”, якая выкарыстоўваецца ва ўсіх гістарычных крыніцах.

Кніга Леаніда Лаўрэша “Маламажэйкаўская царква: гістарычны нарыс” атрымала прызнанне ў навуковым асяроддзі. Яе навуковы рэдактар – доктар гістарычных навук, рэцэнзенты – кандыдат гістарычных навук і кандыдат культуралогіі.

Леанід Лаўрэш даў прыклад і, у пэўнай меры, узор навуковага мікрагістарычнага даследавання на матэрыяле адной царквы, – піша ў прадмове да кнігі яе навуковы рэдактар, доктар гістарычных навук, прафесар Святлана Марозава. – Як будаўнік цаглінка да цаглінкі стварае будынак, так і даследчык факцік да факту будуе гісторыю адной з найславутых святынь Беларусі. Гэтыя факты, якія гадамі збіраліся ім з архіўных і апублікаваных крыніц (у тым ліку з архіваў Беларусі, Літвы, Расіі), з літаратуры і вышыхтаваныя ў лагічна-храналагічнай паслядоўнасці, ра-зам з аўтарскай аналітыкай, аргументацыяй, назіраннямі і высновамі далі ўнікальную ў сваім родзе працу… Пасля адкрыццяў, якія зрабіў аўтар кнігі, пра Мураванку можна складаць вершы і пісаць ледзь не дэтэктыўныя раманы… Мы атрымалі цэласнае даследаванне пра храм. Яно адпавядае сучаснаму ўзроўню ведаў, яно будзе цікавым і карысным гісторыкам, спецыялістам па культуры, духавенству, аматарам мінуўшчыны, прыхаджанам і гасцям гэтай шанаванай святыні”.

IMG 2712

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться