У Лідзе адкрылася выстаўка, прымеркаваная да 140-годдзя з дня нараджэння Цёткі

22 Июля 2016 2926

У мінулую пятніцу ў літаратурным аддзеле гісторыка-мастацкага музея (доміку Таўлая) адкрылася выстаўка, прымеркаваная да 140-годдзя з дня нараджэння беларускай паэтэсы, публіцыста і грамадскага дзеяча Алаізы Пашкевіч (Цёткі), якую жыхары Лідчыны могуць лічыць сваёй зямлячкай (нарадзілася на тэрыторыі тагачаснага Лідскага павета).

З гэтай нагоды з фондаў музея ў яго літаратурны аддзел быў часова перавезены бюст паэтэсы (на здымку)работы вядомага беларускага скульптара Андрэя Заспіцкага, перададзены нашаму музею яшчэ ў 1960 годзе (дарэчы, у ліку работ згаданага скульптара – і помнік Леніну ў Лідзе, удзельнічаў ён і ў стварэнні першага ў Беларусі помніка Францыску Скарыну для малой радзімы першадрукара – Полацка). Гіпсавая Цётка як быццам адкрывае сабой выстаўку і запрашае наведвальнікаў прайсці далей, паглядзець іншыя экспанаты.

А паглядзець ёсць што. Вось, напрыклад, скрыпка, зробленая, напэўна, яшчэ ў часы Цёткі лідскім майстрам (нагадаем, што першы паэтычны зборнік Алаізы Пашкевіч называецца “Скрыпка беларуская”). Вось кніга “Цётка”, выдадзеная да 100-годдзя з дня нараджэння паэтэсы. Вось спецыяльна вырабленыя музеем да выстаўкі закладкі для кніг з партрэтам Цёткі – такую закладку можа ўзяць на памяць кожны наведвальнік…

На сценах – тэматычныя фотаздымкі, пасведчанне аб заканчэнні Алаізай Пашкевіч Аляксандраўскай жаночай гімназіі ў Пецярбургу, старонка з заліковай кніжкі Пашкевіч-студэнткі Львоўскага ўніверсітэта, малавядомыя факты з жыцця паэтэсы, малюнкі да 140-годдзя з дня яе нараджэння, перададзеныя для выстаўкі Лідскай дзіцячай мастацкай школай…

На выстаўцы таксама можна пачытаць асобныя вершы Цёткі, урыўкі з яе празаічных твораў. Як адзначыў куратар выстаўкі, навуковы супрацоўнік музея Алесь Хітрун, вершы Алаізы Пашкевіч прасякнутыя любоўю да Радзімы, ідэяй самаахвярнага служэння народу. У час адкрыцця выстаўкі вершы паэтэсы чыталі перад аўдыторыяй Алесь Хітрун, Міхась Мельнік, Алег Лазоўскі, песні на яе вершы (а таксама на вершы некаторых яе сучаснікаў) выконваў пад гітару Сяргей Чарняк.

Прысутным таксама нагадалі, што Цётка – адна з пачынальнікаў беларускай прозы, аўтар падручнікаў для дзяцей, публіцыстычных артыкулаў і нарысаў, даследаванняў па гісторыі беларускага тэатра. З маленства яна цікавілася беларускай мовай, хаця і выхоўвалася ў сям’і, дзе размаўлялі ў асноўным па-польску. У 1915 годзе Алаіза Пашкевіч прыкладвала шмат намаганняў для арганізацыі беларускіх школ у Вільні. Ёсць меркаванні, што ў тым жа го-дзе яна адчыніла беларускую школу і ў Лідзе. Цётка заўсёды імкнулася быць разам з народам, дапамагаць яму. Гэтае імкненне адлюстроўваецца ў такіх старонках яе біяграфіі, як настаўніцкая праца ў вёсцы, праца фельчаркай у Нова-Віленскай бальніцы, дапамога ў стварэнні прытулкаў, догляд хворых у тыфозным бараку і г. д.

Праца новай выстаўкі ў доміку Таўлая разлічана на доўгі час. На фоне гэтай выстаўкі запланаваны шэраг цікавых мерапрыемстваў. Магчыма, яна будзе выкарыстоўвацца і настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры для правядзення пазакласных заняткаў па творчасці Цёткі.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться