У джазе – Кацярына Клімовіч

09 Июля 2016 2238

Маладую лідскую спявачку джазу Кацярыну Клімовіч апошнім часам усё часцей можна бачыць у канцэртных залах Ліды. Але не толькі: яна выступае на гарадскіх святах, удзельнічае ў міжнародных і рэспубліканскіх музычных праектах і гастралюе. Нядаўна адбыўся яе першы сольны канцэрт сумесна з народным камерным аркестрам выкладчыкаў дзіцячай музычнай школы мастацтваў з праграмнай назвай “Джаз і не толькі”. Мы запрасілі Кацярыну ў рэдакцыйную гасцёўню. Ітак, знаёмцеся: вакалістка народнага ансамбля беларускай музыкі и песні “Прынямонцы”, салістка народнага камернага аркестра дзіцячай музычнай школы мастацтваў, салістка ансамбля яўрэйскай музыкі “Шалом”, выкладчыца па класе фартэпіяна, канцэртмайстар і крэатыўная асоба.

– Кацярына, перш, канешне, хацелася б запытацца: як з’явілася ў тваім жыцці музыка?

– Я нарадзілася ў музычнай сям’і. Добра спявала бабуля, ды і многія іншыя сваякі. Мой бацька, Аляксандр Аляксандравіч Сымановіч, у мінулым выкладчык музыкі, дырыжор, ваенны музыкант, а зараз кампазітар, аранжыроўшчык. Мама – Вольга Васільеўна – педагог (што таксама знайшло працяг у маёй прафесіі). Дома ў таты былі піяніна, акардэон, кларнет, гітара і дзядзькавы барабаны. Таму падчас святаў усе нярэдка спявалі. Памятаю, як мяне ставілі на крэсла і прасілі: “Каця, давай што-небудзь – верш альбо песню!” “Музычныя гены” зайгралі ў мяне даволі рана. У шэсць год я паступіла ў музычную школу (клас фартэпіяна).

– Вучоба давалася?

– Так. І вучыцца падабалася. Хаця праблема была ў тым, што матэрыял ведала бездакорна, але, як і многія дзеці, баялася выходзіць на сцэну. У класе ўсё атрымлівалася, а на сцэне бянтэжылася і ўсё раптам “забывала”. Мая школьная настаўніца і сёння здзіўляецца, як жа я, з маім хваляваннем, стала ўсё ж такі спяваць на сцэне. У агульнаадукацыйнай школе я была выдатніцай. Між іншым, пасля яе заканчэння ўстала перад выбарам, якой прафесіі аддаць перавагу. І канчаткова вырашыла: музыцы. У 2004 годзе я паступіла ў Лідскае музычнае вучылішча на фартэпіяннае аддзяленне. Там, на шчасце, трапіла да выдатнага педагога, аспіранткі па канцэртмайстарскім класе – Ліліі Жыгангізаўны Кудрашовай.

– Гэта было фартэпіяна, а як жа з’явіўся вакал?

– Мне ўвесь час хацелася спяваць. Але, акрамя сваякоў, маіх спеваў амаль ніхто не чуў. На чацвёртым курсе вучылішча я папрасіла, каб мне далі дадатковы прадмет – вакал. Займалася, праўда, нядоўга, менш за год, у дасведчанага выкладчыка і вядомага на Гродзеншчыне спевака Міхаіла Пятровіча Булыгі. У тую ж пару выканала некалькі рамансаў. Гэта быў мой першы маленькі крок і ў вакал, і на сцэну. Паралельна з гэтым я спявала ў акадэмічным хоры Людмілы Фёдараўны Пясецкай, а потым у хоры піяністаў, якім кіраваў вялікі знаўца харавога мастацтва, кампазітар і педагог Сяргей Іванавіч Бугасаў.

– А як складалася прафесійная дзейнасць?

– Пасля заканчэння музычнага вучылішча паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, на завочнае эстраднае аддзяленне (інструментальная музыка). Тут асноўнае месца заняў джаз. Пасля размеркавання я паехала на два гады працаваць у г. Іўе. Калі ў 2010 годзе вярнулася ў Ліду, уладкавалася ў дзіцячую музычную школу мастацтваў канцэртмайстрам. У гэты ж час атрымала прапанову стаць выкладчыцай па класе фартэпіяна ў Бярозаўскай дзіцячай школе мастацтваў. Знаёмства з дырэктарам школы Вяславай Іванаўнай Сычэўскай стала маім чарговым крокам у вакальную дзейнасць.

– Якім жа чынам? Раскажы.

– У Бярозаўскай дзіцячай школе мастацтваў ёсць добра вядомы народны ансамбль беларускай музыкі і песні “Прынямонцы”. Ужо пасталеўшы, я падумала: ну колькі ж можна маўчаць? Прыйшла і сама папрасілася: “Вазьміце мяне ў ансамбль”. Неўзабаве прыйшла і ў народны камерны аркестр дзіцячай музычнай школы мастацтваў. Першай песняй з аркестрам была “Цягнік на Чатанугу”– у стылі свінгу. А гэта ўжо джаз.

– Джаз прыйшоў, і страх сышоў?

– Як ні дзіўна, але гэта так. Да таго ж я пасталела, у псіхалагічным плане загартавалася. Я б сказала: тады, у дзяцінстве, гэта быў нават не страх, а хваляванні. Спачатку яны дужа перашкаджалі, але паступова я пачала супакойвацца, разумець, як і што трэба рабіць, як сябе паводзіць на сцэне. З кожным канцэртам хваляванняў заставалася ўсё менш. Зараз засталося толькі тое канцэртнае, натуральнае хваляванне, якое патрэбна артысту. Яно спрыяе эмоцыям, экспрэсіі, бо кожную песню я не проста спяваю, а перажываю, уваходжу ў вобраз.

– Джаз – прыгожая, але і вельмі складаная музыка...

– Безумоўна. Але мне ў ёй утульна і камфортна. Мне гэта музыка па-сапраўднаму блізкая і зразумелая. А галоўнае – я ў ёй знайшла сябе.

DSC 2827-2

– Лідчане заўважылі цябе ў складзе ансамбля яўрэйскай музыкі “Шалом”. Якім чынам ты стала яго салісткай?

– Выпадкова. Папярэдняя салістка часова не змагла далей выступаць з-за таго, што пайшла ў дэкрэтны водпуск, і на сваё месца прапанавала маю кандыдатуру. Не стала перашкодай і тая акалічнасць, што па нацыянальнасці я беларуска. У “Шаломе” вельмі цёплыя адносіны паміж музыкантамі. Мне ўсё ў гэтым калектыве падабаецца. Ён невялічкі, але досыць мабільны, аператыўны. На працягу двух гадоў дзе мы толькі не гастралявалі! Былі ў Варшаве, выступалі ў Літве, Латвіі, Эстоніі. Нядаўна пабывалі з канцэртамі ў Адэсе і Кішынёве.

– Цябе можна бачыць у розных творчых праектах...

– Неўтаймоўнае жаданне спрабаваць свае сілы прысутнічала заўсёды. Сярод праектаў найбольш запомніліся прэстыжны рэспубліканскі конкурс «Белазаўскі акорд», спецыяльны завочны міжнародны еўрапейскі інтэрнэт-конкурс у Сербіі, тэлепраект СТБ “Спяваючыя гарады” (у складзе групы разам з таленавітымі спевакамі Лідчыны Галінай Піваварчык, Ірынай Саломінай, Ксеніяй Малочка, Паўлам Капыловым). Той жа групай бралі ўдзел ў “Зорным рынгу” і, дарэчы, перамаглі. З народным камерным аркестрам я ўдзельнічала ў двух джазавых фестывалях. З гордасцю хацелася б адзначыць, што сумесна з маладым і таленавітым музыкантам Міхаілам Касцюкевічам пры падтрымцы дырэктара нашай музычнай школы Алены Іванаўны Жылінскай я з’яўляюся суарганізатарам дзіцячага джазавага фестывалю “Птушка”.

– Кацярына, твой сольны канцэрт, які адбыўся ў маі, выклікаў рэзананс. Як ты сама ацэньваеш тое, што адбылося?

– Падчас канцэрта не адбылося нічога такога, чаго б не хацелася. Было выстаўлена 23 канцэртныя нумары, 21 раз іграў аркестр, 17 разоў з песнямі пад аркестр выходзіла я сама. У сцэнарыі гучалі вершы Аляксея Сымановіча. На канцэрт былі запрошаны і спецыяльныя госці: Міхаіл Дзвілянскі, Чэслаў Янушкевіч, Анжаліка Гурская. З імі я з задавальненнем спявала ў дуэтах. Мой творчы сябар Аляксандр Гаран выканаў дзве кампазіцыі на саксафоне. У складзе групы бэк-вакалу спявалі Ларыса Шабаліна, Таццяна Ігнатоўская, Кацярына Сокал. Усё, што было задумана, амаль цалкам увасобілася. І гэта – дзякуючы ўсім, хто браў удзел у канцэрце. Я вельмі ўдзячная ідэйнай натхняльніцы і адказнай выканаўцы мерапрыемства – дырыжору аркестра Ірыне Іосіфаўне Васілік, – а таксама адміністрацыі школы. Гэта сапраўднае невялічкае музычнае свята атрымалася дзякуючы цэлай камандзе: дырыжору, музыкантам, аранжыроўшчыкам, гукарэжысёрам, відэамантажорам экрана, сцэнарыстам, фатографам, відэааператарам, вядучай вечара, а таксама ўсім тым, хто прыйшоў не толькі паслухаць, але і падтрымаць мяне. А яшчэ – на мяне нахлынула пачуццё гордасці за сям’ю, за бацькоў. Я ўдзячна тату: ён не толькі аранжыроўшчык многіх маіх песень, дарэчы, як і Уладзімір Рыжэнін, але і мой умоўны “прадзюсар” і творчы натхняльнік. Хацелася б сказаць і пра брата – Аляксея. Ён філолаг. Большасць вершаў, спецыяльна падабраных і выкарыстаных у сцэнарыі, была напісана менавіта ім.

– А ці не было думкі пакласці на музыку вершы брата?

– Пра напісанне песень у нашай сям’і, вядома, думалі. Тата – кампазітар, Аляксей – паэт. Але патрэбны час. Трэба, каб нешта ”ўзарвалася”, каб натхненне надышло незвычайнае. Спадзяюся, што і сама калі-небудзь сяду за фартэпіяна, нездарма ж яго “вучыла”.

– Твой канцэрт – гэта творчая справаздача або зачын на новы этап творчай дзейнасці?

– Гэты канцэрт умоўна быў пры-свечаны маёй пяцігадовай вакальна-творчай дзейнасці з народным камерным аркестрам. Таму яго можна, канешне, палічыць своеасаблівай прамежкавай справаздачай, але не больш за тое. Гэтым канцэртам я паставіла коску – першыя вынікі падведзены, але маецца на ўвазе, што будзе і працяг. Пакуль, на дадзеным этапе свайго ўзросту і сямейнага стану, у мяне, апроч творчых, ёсць і іншыя планы. Штосьці новае абавязкова грымне ў творчым напрамку, але не цяпер, крыху пазней. Для новага этапу трэба падрасці, выспець і падрыхтавацца. На ўсё патрэбны час. Усё яшчэ толькі пачынаецца!

в шляпе

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться