У мінулую нядзелю ў Сяльцы ладзілася народнае свята «Траецкае гулянне – для ўсіх замілаванне!» (фота)

22 Июня 2016 2377

Не толькі не забываюць, але і крок за крокам адраджаюць на Лідчыне старадаўнія беларускія традыцыі. Вось і ў дзень святкавання Тройцы адна з жыхарак Ганчарскага сельсавета для ўсіх астатніх стала «кустом». Прыгожы, незвычайны і вельмі маляўнічы абрад, без якога сто гадоў таму ў нашых продкаў не абыходзілася ні адно святкаванне Тройцы, у Ганчарскім Доме культуры рэканструявалі яшчэ ў мінулым годзе. Спачатку «абкаталі» ў аграгарадку, а сёлета прывезлі ў Сялец.

Удзельнікі аматарскага аб’яднання «Ульяніца» разгарнулі перад гледачамі сапраўдную тэатральную дзею: да гаспадароў у імправізаваную хату прыйшло спачатку цэлае дзявочае «войска», а ў цэнтры шэсця – «дзяўчына-куст», шчодра ўпрыгожаная бярозавымі галінкамі. Вакол яе вадзілі карагод, выконвалі абрадавыя песні. Калі прытрымлівацца традыцыі дасканала, то «куст» трэба было б правесці праз усю вёску, зазірнуць на кожны падворак. Нашыя продкі верылі: у тых, каго ён наведаў, цэлы год павінна быць усё добра ў гаспадарцы. Але сучасны «куст» далей аграсядзібы не пайшоў: дабрабыту, шчасця і здароўя ганчарскія прыгажуні жадалі гледачам. Большасць якіх, дарэчы, пра існаванне гэтай старой беларускай традыцыі даведалася ўпершыню.

Адкрыццём для жыхароў вёскі і тых, хто прыехаў сюды на адпачынак, стаў і абрад завівання бярозак і кумлення.

– Некалі маладыя дзеўкі з песнямі хадзілі ў лес, – патлумачыла загадчыца Ганчарскага Дома культуры Ганна Булай. – Яны выбіралі там маладыя бярозкі і завівалі іх паміж сабой стужачкамі, каб атрымаліся вароцікі. Праходзячы праз іх, дзяўчаты і жанчыны куміліся, цалаваліся – гэта значыць, даравалі ўсё дрэннае, станавіліся добрымі сяброўкамі. Даследчыкі таксама кажуць, што праход праз вароцікі для незамужніх – архаічны сімвал таго, што жанчына ўступае ў шлюбны ўзрост і тым яднаецца з прыродай, паказвае сусвету, што яна ўжо гатовая пайсці замуж і нараджаць дзетак.

Ганна Мікалаеўна расказала, што не абыходзілася на Сёмуху і без варажбы. Удзельніцы фальклорнага аматарскага аб’яднання «Ульяніца», як некалі нашыя прабабулі, стаўшы вакол бярозы, загадвалі жаданне і кідалі вяночкі. Лічылася, чый вянок утрымаецца на галінках дрэва – у таго жаданне споўніцца.

У фінале абраду была адмысловая святочная яечня. Частаваць ёю гаспадары павінны былі кожнага, хто завітаў да іх на Сёмуху.

…Народнае свята «Траецкае гулянне – для ўсіх замілаванне!», якое адбылося ў мінулую нядзелю ў вёсцы Сялец, – гэта частка маштабнага праекта «Абрады маёй краіны» Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Дарэчы, з траецкімі абрадамі ў мінулую нядзелю таксама пазнаёміліся жыхары Мінойт і Дворышча.

1

1

11

1

11

111

11

1

1

11

1

1

1

11

1

1

11

1

111

11

1

1

1

111

139

404142

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться