У госці да нас, то звычай вякоў, далёкіх і блізкіх завём землякоў…

08 Июня 2016 2633

Цікавае, запамінальнае, надзвычай яркае ад усмешак мерапрыемства адбылося ў Пескаўскім сельсавеце ў мінулую суботу. Жыхары Белеўцаў і Вангоў адзначылі свята адразу дзвюх вёсачак.

Не сакрэт, што і сёння на сяле жыве шмат цудоўных, шчырых і працавітых людзей. Амаль кожны з іх з’яўляецца ветэранам працы ці заслужаным працаўніком сельскай гаспадаркі. А некаторыя, як, напрыклад, Браніслава Пранюк, Генэфа Трайго, Гвідонія Івашэвіч, Вера Трайго, Антон Пранюк, Міхаіл Гардзей, Марыя Гурбановіч, і цяпер працягваюць працаваць у родным сельгаспрадпрыемстве.

– Вяскоўцы – шчырыя, добрыя людзі, – зазначыла старшыня Пескаўскага сельскага Савета Валянціна Карась. – Працаўнікі палёў, шафёры, механізатары, брыгадзіры – усе вы аддалі часцінку свайго жыцця сельскай гаспадарцы. Працавалі сумленна, не чакалі ніякіх узнагарод. За гэта мы сёння кажам вам вялікі дзякуй і шлём нізкі паклон.

Дарэчы, нізкі паклон слалі жыхарам вёсачак не толькі працаўнікі філіяла “Пескаўскі Дом культуры”. Шчырымі словамі і добрай песняй сагравалі душы і сэрцы прысутных удзельнікі народнага хору ветэранаў “Крыштальныя крыніцы” з горада Бярозаўкі. Было месца і іншым прыемным момантам. Напрыклад, памятным падарункам. Адзін з іх уручылі Ніне Заяц, якая сорак тры гады адпрацавала ў аддзеле кадраў мясцовай гаспадаркі. Не менш часу прысвяціла сваёй прафесіі і фельчар ФАПа Яніна Хрышчановіч. Жанчына працягвае лячыць людзей. Заўсёды прыветлівая, уважлівая да людзей, прыгожая і энергічная. А яшчэ з задавальненнем жыхары вёсак заходзяць у мясцовую краму, бо там працуе Ганна Пазняк.

– Параіць, што купіць, павядзе размову аб жыцці-быцці, – гавораць сяляне. – І ў краме ёсць усё неабходнае для паўсядзённага жыцця. Дзякуй ёй за гэта! А вось майстар сваёй справы Фаіна Дудзіцкая – гэта наш “сувязны” (працуе ў аддзяленні сувязі). Усё ўмее, усё ведае, хутка абслужыць, нешта параіць. І заўсёды знаходзіцца ў добрым настроі.

На жаль, сёння асноўная частка жыхароў вёсак-сябровак (а знахо-дзяцца яны побач адна з другой) – пажылыя людзі. Самы старэйшы жыхар вескі Вангі – гэта Яніна Зубель (у гэтым годзе ёй споўніўся 91 год), а ў Белеўцах – 92-гадовая Вера Даніловіч. Старажылам шчыра жадалі “больш не старэць і не хварэць”.

– На радасць усім нам, невялічкія населеныя пункты працягваюць сваё жыццё, яны на слыху, – зазначыла карэспандэнту “Лідскай газеты” культарганізатар філіяла “Пескаўскі Дом культуры” Галіна Сафонава. – І сёння, каб пагасціць, пачаставацца дарамі пладавітай зямліцы, у вёскі прыязджаюць людзі. Вангі і Белеўцы жывуць. А мы, у сваю чаргу, абяцаем, што будзем сюды наведвацца часцей і гэтае свята не апошняе!

IMG 9726

Удзячныя слухачы вёсак Вангі і Белеўцы

IMG 9741

Прыгожай, добрай песняй вітае вяскоўцаў народны хор “Крыштальныя крыніцы” Бярозаўскага Дома культуры

IMG 9781

Спонсарам свята вёсак выступіла КСУП ”Пескаўцы” пад кіраўніцтвам Тадэвуша Рахаткі

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться