Дыялог культур: дзве сястры – Беларусь і Расія... (фота)

07 Апреля 2016 2629

У пачатку красавіка ў дзвюх краінах-суседках – Беларусі і Расіі – адзначылі свята – Дзень яднання народаў. У Лідскім каледжы да гэтай даты прымеркавалі куратарскую гадзіну ў форме фестывалю культур народаў Беларусі і Расіі.

– Такі фармат мерапрыемства абраны нездарма, – адзначыла карэспандэнту начальнік аддзела выхаваўчай работы Лідскага каледжа Лена Рудзкая. – Гэта актыўная форма знаёмства з культурамі дзвюх народаў. Рускія і беларусы – гістарычна блізкія, бо выйшлі з адной славянскай сям’і. Культурныя асаблівасці краін-суседак былі блізкія не толькі нашым прашчурам і тым, хто нарадзіўся і вырас у Савецкім Саюзе, – яны і сёння знаёмыя сучаснай моладзі. Мяркуйце самі: на якіх казках яны раслі?.. На рускіх і беларускіх. Якія песні спявалі ім маці? Рускія і беларускія народныя. Якія святы адзначалі і адзначаюць зараз? Аднолькавыя для абедзвюх краін.

У фестывалі былі задзейнічаны навучэнцы другога курса ўсіх аддзяленняў: аўтамабільнага, будаўнічага, электроннага і гуманітарнага. Яны падзяліліся на творчыя гурты і ў выступленнях розных жанраў падрыхтавалі шырокамаштабнае дзейства на тэму культуры двух народаў. Але ўвага на сцэну... Адкрыў фестываль гурт “Забава” – з гульнямі з бабінага кошыка. Не абышлося тут без інтэрактыву: у працэс уключылася ўся глядзельная зала. А потым на сцэну выйшаў калектыў “Барыня” і ва ўсім харастве праілюстраваў рускую танцавальную культуру. Хлопцы з калектыву “Суседзі” густа сыпалі беларускімі прыказкамі і прымаўкамі, а калектыў “Добры молодцы” ў жывой, тэатралізаванай форме распавёў пра багацце рускай народнай кухні. Калі ж на сцэну выйшлі “Беларускія хлапчукі” ў кашулях з вышыванымі каўнярамі, то нельга было не заўважыць, як ішлі яны ім да твару! Таму і словы ў гонар беларускай вопраткі займелі самае яскравае гэтаму пацвярджэнне. Актуальна прагучала выступленне групы “Валачобнікі”, удзельнікі якой казалі пра велікодныя традыцыі, ігралі ў біткі, каталі яйкі. Імпрэза гурта “Спадчына” настройвала на лірыка-філасофскі лад: падчас яе юнакі расказвалі пра гісторыка-культурныя каштоўнасці беларусаў – слуцкія паясы, Лідскі замак і інш. Яркім і захапляльным відовішчам стаў выхад гурта “Русская ярмарка”. Фестываль заканчваўся на вясёлай, аптымістычнай ноце ў выкананні гасцей свята – ансамбля “Версалінка”.

Калі назірала за дзействам, стала зразумела: куратарская гадзіна не прайшла дарма. Упэўніцца ў гэтым можна было і па тым ажыўленні, якое панавала ў зале, і па ўсмешках на тварах гледачоў, груп падтрымкі ды і саміх артыстаў. Прыпаміналіся словы, якія казала карэспандэнту яшчэ ў пачатку дзейства Лена Рудзкая: “Не судзіце строга: механікі, аўтамабілісты не прафесійныя артысты...” – ды толькі справіліся яны і сапраўды дастойна. Галоўнае – самі ад гэтага атрымалі вялікае задавальненне.

1

1

1

1

1

1

1

1

1

1

1

1

1

1

1

1

1

1

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться