У Лідзе можна здзейсніць падарожжа адразу па 100 каталіцкіх, праваслаўных і пратэстанцкіх храмах Беларусі

06 Апреля 2016 2889

Выставу “Вялікі Дзень”, якая адкрылася ў аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры (былы цэнтр “Спадчына”), можна смела назваць выставай рэлігійнага турызму. Наведаўшы яе, вы здзейсніце падарожжа адразу па 100 каталіцкіх, праваслаўных і пратэстанцкіх храмах Беларусі.

Большая частка карцін – 68 – належыць пэндзлю вядомага беларускага мастака, мінчаніна Анатоля Наліваева (на здымку, фота з хатняга архіва мастака). У сілу ўзросту і здароўя – майстру амаль 85 – ён не змог прыехаць на вернісаж. Таму карэспандэнт «Лідскай газеты» звязаўся з Анатолем Аляксандравічам па тэлефоне, каб даведацца, якія ўражанні ў яго пакінула Ліда (сярод работ ёсць выява касцёла Узвышэння Святога Крыжа (Фарнага)).

– Вельмі прыгожы, каларытны і ўтульны горад, з цікавай архітэктурай, – нягледзячы на тое што па нашых вуліцах ён блукаў у пачатку 60-х гадоў, Анатоль Наліваеў адразу ўспомніў, якой Ліда паўстала перад ім. – Я быў тут праездам, і, на жаль, у мяне не было з сабой фотаапарата, каб “занатаваць” іншыя будынкі, – нават касцёл я маляваў па памяці, ужо вярнуўшыся дамоў.

Дарэчы, так былі «народжаны» ўсе творы мастака. Справа ў тым, што Анатоль Аляксандравіч у пасляваенныя часы працаваў у раз’язной малярнай брыгадзе – адсюль такая шырокая геаграфія яго карцін (прадстаўлена кожная вобласць). Ад некаторых намаляваных ім храмаў засталіся толькі імёны, іншыя – зведалі рэстаўрацыю. Таму выстава з’яўляецца фактычна рэестрам рэлігійных помнікаў, якія існавалі ў сярэдзіне мінулага стагоддзя. Цікава, што ў гэтага “рэестра” ёсць нават захавальнік – ксёндз Ян Пяцюн з касцёла Святога Юрыя (вёска Асава Воранаўскага раёна). Менавіта ён прывёз гэтую калекцыю ў Ліду.

– Такое падарожжа карціны здзейснілі ўпершыню, – расказаў святар. – Да гэтага яны былі “безвыязнымі” і выстаўляліся толькі ў былой плябаніі пры касцёле. Іх захавальнікам я стаў тры гады таму, калі вернік і добры сябар самога мастака падарыў карціны прыходу. Я вельмі задаволены, што калекцыю пабачаць лідчане. Магчыма, гэта стане першым крокам на шляху доўгага падарожжа храмаў па Беларусі. Асобная радасць, што выстава адкрылася акурат напярэдадні вялікага свята – каталіцкага Вялікадня.

1011

Карціны Анатоля Наліваева займаюць хоць і значную частку экспазіцыі, але не ўсю. Побач – работы лідскіх мастакоў, выхавальнікаў нядзельнай школы пры Свята-Георгіеўскім храме. Наогул, «Вялікі Дзень» – гэта калейдаскоп адразу з некалькіх выстаў. Так, з мастацкімі творамі ўдала суседнічаюць вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Амаль усе яны – экспанаты маладзёжнага фестывалю-выставы «Велікодны куліч», якую штогод праводзіць ГА «БРСМ». Сёлета ўдзел у ёй прынялі не толькі вучні школ, сярэдніх спецыяльных, прафесійна-тэхнічных навучальных устаноў Лідчыны, але і працоўны калектыў ГВФ “Ліда”.

1415

– Мы ўпершыню аб'ядналі не толькі розныя канфесіі, але і розныя напрамкі мастацтва, – адзначыла куратар выставы, малодшы навуковы супрацоўнік аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Марына Савіцкая. – Гэта чыстай вады эксперымент, які аказаўся ўдалым. 

13

Прысутны на вернісажы благачынны Лідскай акругі протаіерэй Расціслаў Салаўёў звярнуў увагу, што адкрыццё выставы напярэдадні каталіцкага Вялікадня невыпадковае. Невыпадкова і тое, што працягнецца яна да Вялікадня праваслаўнага. Такім чынам славяцца не проста даты, а вялікія святы ў жыцці хрысціян.

56

4

242728

16

17

1

2221

23

8

1819

25

12

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться