Вянок малюнкаў у гонар славутага паэта (фота)

02 Марта 2016 2674

Бягучы год – Год культуры – праходзіць і пад знакам 125-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча, адной з ярчэйшых зорак на небасхіле беларускай паэзіі. Не абышлі ўвагай гэтую дату і ў Лідскай дзіцячай мастацкай школе – правялі раённы конкурс дзіцячых малюнкаў “Вянок санетаў”. У конкурсе прынялі ўдзел дзеці рознага ўзросту, прычым прадстаўнікі не толькі Лідскай дзіцячай мастацкай школы, але і Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, Бярозаўскага Цэнтра дзіцячай творчасці і Бярозаўскай дзіцячай школы мастацтваў. Усяго на конкурс было прыслана больш за пяцьдзясят работ.

А днямі ў памяшканні мастацкай школы адбылася цырымонія ўзнагароджання аўтараў лепшых малюнкаў.

Непасрэдна перад узнагарожданнем дзеці чыталі вершы Максіма Багдановіча, перад імі выступілі навуковы супрацоўнік гісторыка-мастацкага музея, кіраўнік літаб’яднання “Суквецце” пры рэдакцыі “Лідскай газеты” Алесь Хітрун і беларускамоўны бард Сяргей Чарняк. Алесь Хітрун зачытаў урыўкі з успамінаў бацькі вялікага паэта, крыху расказаў аб музеі Багдановіча ў Гродне, адкрыла які, дарэчы, наша зямлячка Данута Бічэль. Сяргей Чарняк выканаў пад гітару некалькі песень на словы класіка беларускай паэзіі.

Затым адбылося ўласна ўзнагароджанне аўтараў лапшых работ медалямі, зробленымі з гэтай нагоды ў мастацкай школе. Лепшыя былі вызначаны ў мностве намінацый (“Партрэт”, “За арыгінальнасць”, “Рамантычны малюнак” і г. д.), асобна быў вызначаны дзясятак лепшых работ (іх аўтары – Валерыя Швакель, Ева Рудой, Юлія Баброва, Арына Д’як, Ганна Здонец, Ксенія Шылко, Вольга Сініцкая (дзіцячая мастацкая школа), Яўгенія Янч (Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі), Дар’я Пікта, Уладзіслаў Шапуцька (Цэнтр дзіцячай творчасці г. Бярозаўкі)). Вышэйшай жа ўзнагароды – “залатога медаля” – удастоілася васьмігадовая Сафія Алейнік, якая займаецца ў Лідскай дзіцячай мастацкай школе, у настаўніка Анастасіі Урублеўскай. Работа Сафіі “Мае песні” была створана пад уражаннем ад шырока вядомага верша Максіма Багдановіча “Па-над белым пухам вішняў…”.

Застаецца толькі дадаць, што лепшыя работы па выніках конкурсу сталі яркімі ілюстрацыямі да падрыхтаванай мастацкай школай кнігі вершаў Багдановіча, якая будзе захоўвацца ў названай установе.

1

1

1

1

1

1

1

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться