Чвэрць стагоддзя гучаць галасы «Крэсавяц»

13 Января 2016 2762

Свой 25-гадовы юбілей урачыста адзначыў у мінулую нядзелю народны ансамбль польскай песні “Крэсавяцы” Палаца культуры горада Ліды. З гэтай нагоды ў Палацы культуры адбыўся канцэрт ансамбля-юбіляра “Песня ў нашых сэрцах”, які сабраў поўную залу аматараў польскай песні і самаго песеннага калектыву. А напярэдадні канцэртнай праграмы карэспандэнт “Лідскай газеты” сустрэўся і пагутарыў з салісткай ансамбля Ганнай Антонаўнай КОМІНЧ.

Задоўга да ўтварэння ансамбля “Крэсавяцы” будучыя ўдзельнікі песеннага калектыву марылі спяваць разам. Не раз распявалі яны ў хатнім застоллі песні дзядоў і прадзедаў, што жылі некалі на так званых “усходніх крэсах” – прымежнай з Польшчай тэрыторыі Беларусі (адсюль і назва ансамбля – “Крэсавяцы”). Патрэбнасць душы ў тых амаль забытых творах прывяла гэтых людзей да стварэння песеннага калектыву. Сцэнічным дэбютам ансамбля польскай песні “Крэсавяцы” стаў удзел дваццаць пяць гадоў назад, у канцы 1990 года, у святкаванні Каляд.

– Пачыналі мы даволі вялікім калектывам “фанатаў” песні “крэсовай”, – расказвае Ганна Комінч. – Напачатку ў нас быў не толькі харавы састаў, але і свой аркестр, і свая танцавальная група. Паступова састаў ансамбля скараціўся, калектыў пакінулі многія маладыя ўдзельнікі – хто паступіў вучыцца ў іншы горад, каго паклікала армія, а хто надумаў стварыць сям’ю…

Шмат гадоў ансамблем кіраваў мой брат Станіслаў Янушкевіч. Зараз “Крэсавяцамі” кіруюць другі мой брат, Часлаў Янушкевіч, і яго жонка Ірына Васілік. Пасля смерці папярэдняга кіраўніка састаў калектыву значна памяняўся. Сённяшнія “Крэсавяцы” – гэта, акрамя кіраўнікоў, мужа і жонкі, я і мой муж Тадэвуш Комінч, наша дачка Гражына Комінч, Вольга Цыдзік, Вольга Дарафейчык, Андрэй Скіпар, Аляксандр Арлоўскі. Як бачыце, наш ансамбль блізкі да сямейнага. Патэнцыяльнай яго ўдзельніцай можна лічыць 13-гадовую Уладу Янушкевіч, якая таксама праяўляе цікавасць да польскай песні і часам пяе з намі і іграе на фартэпіяна.

– Ведаю, што рэпертуар у “Крэсавяц” шырокі…

– Так, у нашым рэпертуары можна сустрэць песні не толькі на польскай мове, але і на беларускай, рускай, літоўскай, украінскай, нават на англійскай, лацінскай мовах. Спяваем і класічныя, і эстрадныя, і духоўныя песні, але ў асноўным – народныя “крэсовыя”. Апошнія маюць на сабе адбітак польскай, беларускай і літоўскай культур (на “ўсходніх крэсах” жа калісьці склаўся своеасаблівы фальклор пад уплывам трох нацыянальнасцей). Гэтыя песні немагчыма зблытаць з усходнебеларускімі, у іх часам “праскокваюць” ноткі паланэза, мазуркі, своеасаблівая “танцавальна-шляхецкая” мелодыя, якая адрозніваецца асаблівай лёгкасцю. Дарэчы, самае распаўсюджанае мужчынскае імя ў “крэсовых” песнях – Ясь, а жаночае – Кася.

Слухаючы нашы выступленні, гледачы заўсёды здзіўляюцца, як хор з васьмі чалавек можа спяваць так, быццам бы ў ім па меншай меры чалавек дваццаць. У Польшчы нас часта пытаюць: “А дзе ўсе астатнія з вашых “Крэсавяц”? Вас так мала – і вы так разлівіста, гучна спяваеце!” Мы звычайна адказваем: “Проста ў нашага ансамбля вельмі гучныя галасы”.

– З кім супрацоўнічаеце, дзе бываеце на гастролях?

– Ансамбль цесна супрацоўнічае з таварыствам польскай культуры на Лідчыне, з прадстаўнікамі ў Лідзе каталіцкай царквы. “Крэсавяцы” – пастаянныя ўдзельнікі фестываляў нацыянальных культур у Беларусі, выступаюць не толькі на беларускіх, але і на польскіх, літоўскіх канцэртных пляцоўках. А зусім нядаўна наш песенны калектыў гастраляваў у Санкт-Пецярбургу, у Доме акцёра (гэта была першая паездка “Крэсавяц” у Расію). У горад на Няве мы ездзілі па запрашэнні Генеральнага консульства Рэспублікі Польшча ў Санкт-Пецярбургу. Асаблівае пачуццё ахоплівала, калі выступалі на той жа сцэне, з якой некалі чытаў свае вершы Ясенін, спяваў свае песні пад гітару Высоцкі. Зала была поўная, мы спявалі дзве гадзіны, і публіка хацела слухаць нас яшчэ.

Дарэчы, што яшчэ датычыцца гастроляў у Расіі: у нас ёсць мара – выступіць з канцэртам (а магчыма, і не з адным) у Сібіры, куды некалі было саслана шмат палякаў. Мы хочам там не толькі выступіць, але і пакланіцца праху продкаў.

– Якія асноўныя дасягненні і ўзнагароды мае калектыў за 25 гадоў свайго існавання?

– Званне “народны” наш калектыў носіць з 2001 года. Мае ён таксама званне “заслужаны для культуры польскай”, што пацвярджае адпаведны медаль ад Міністэрства культуры Рэспублікі Польшча (2005). У скарбонцы нашых узнагарод – мноства дыпломаў і грамат. Найкаштоўнейшай жа ўзнагародай для сябе калектыў і па сённяшні дзень лічыць ліст-благаславенне, як знак прызнання творчасці ансамбля, ад Папы Рымскага Іаана Паўла II (як вядома, кананізаванага ў святыя), які колішні кіраўнік рымска-каталіцкай царквы прыслаў пасля таго, як асабіста праслухаў дыск з песнямі ансамбля з Ліды. А завезла дыск у Рым знаёмая з удзельнікамі ансамбля сястра-манахіня Ілона (“Крэсавяцы”, як гаварылася вышэй, спяваюць і духоўныя песні, выконваюць іх у слабадскім касцёле).

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться