У Лідскім раёне прайшло свята аграгарадка Голдава (фота)

02 Сентября 2015 2373

Шмат людзей прыйшло і прыехала на свята аграгарадка Голдава, што адбылося ў мінулую суботу. У той дзень на пляцоўцы мясцовага клуба-бібліятэкі дзейнічала выстаўка работ голдаўскіх майстроў – удзельнікаў гуртка “Чароўны куфар”, – а таксама выстаўка дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, прывезеная з Ходараўскага Дома культуры. З насычанай канцэртнай праграмай выступалі перад прысутнымі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці Голдаўскага клуба-бібліятэкі (вакальная група “Мара”, дзеці з гуртка “Пралеска” і інш.), удзельнічала ў праграме і юная салістка з Мінойт Валерыя Грушэўская. Для самых маленькіх гледачоў у час свята быў праведзены конкурс дзіцячага малюнка на асфальце “Мая вёска ў фарбах”.

Прысутнічалі на мерапрыемстве і віншавалі жыхароў і гасцей аграгарадка кіраўнікі мясцовай улады і сельгапспрадпрыемства – старшыня Ходараўскага сельскага Савета Валянціна Валюк і старшыня КСУП “Ходараўцы-Агра” Андрэй Лявон. Прыехаў на мерапрыемства і прадстаўнік раённай улады – першы намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Чаркоўскі, які сам родам з гэтых мясцін і чыя маці Лідзія Іосіфаўна шмат гадоў працавала загадчыцай мясцовага клуба (дарэчы, яна таксама прысутнічала на свяце і нават прыняла ўдзел у канцэртнай праграме). “Рады бачыць голдаўцаў у добрым здароўі, – зазначыў у сваім выступленні Сяргей Сяргеевіч. – Пакуль вы тут усе разам і плённа працуеце, і актыўна адпачываеце – Голдава будзе жыць. А ўсе ўмовы для жыцця, працы і адпачынку ў аграгарадку ёсць”.

Імёны многіх жыхароў аграгарадка з павагай гучалі ў той дзень з вуснаў вядучых святочнай праграмы. Ушаноўвалі і дарылі падарункі самаму старэйшаму (92-гадовай Марыі Іванаўне Бурак) і самаму малодшаму (Насці Анашкевіч, якой чатыры месяцы) жыхарам Голдава, мясцовым праслаўленым майстрыхам Галіне Буцан, Ніне Ярашэвіч, Марыі Калпінскай, гаспадарам лепшага падворка Аляксандру і Галіне Буцан, адзначыўшым 57 год сумеснага жыцця Віктару і Алене Гомзам і маладажонам Андрэю і Алене Банцавічам, шматдзетнай маці (11 дзяцей) Марыі Радзюк, прадстаўнікам сямейнай дынастыі механізатараў Уладзіміру і Мікалаю Гарбінам. Гучалі таксама імёны выдатных прадстаўнікоў іншых прафесій – даярак, жывёлаводаў, медыкаў, прадаўцоў, паштальёнаў, настаўнікаў, бухгалтараў, культработнікаў.

– Хачу выказаць падзяку за выдзеленыя падарункі для жыхароў аграгарадка старшыні КСУП “Ходараўцы-Агра” Андрэю Лявону і яго намесніку па ідэалагічнай рабоце Надзеі Бузюк, – гаворыць загадчыца Голдаўскага клуба-бібліятэкі Наташа Гомза, – за дапамогу ў арганізацыі свята метадысту раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Вользе Троцкай, удзельнікам мастацкай самадзейнасці нашага клуба, а таксама жыхарам аграгарадка, якія не засталіся ў баку ад падрыхтоўкі мерапрыемства.

1

1

1

1

1

1

1

1

1

1

1

1

1

1

1

1

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться