У мінулую суботу вёска Буцілы Пескаўскага сельсавета была напоўнена атмасферай радасці – тут ладзілася свята (фота)

24 Июня 2015 1616

На падворку былой настаўніцы Дануты Мосевіч маляўніча размясцілася выстава народнай творчасці: саматканыя ручнікі і пакрывалы, вышытыя сурвэткі. “Зала” напоўнілася мясцовымі жыхарамі: яны – і гледачы, і галоўныя зоркі. Зайграла музыка. Хвіліна-другая – і мерапрыемства пачнецца… А пакуль плыве беларуская песня, трэба сказаць, што буцілаўцы сёлета першымі ў Пескаўскім сельсавеце адзначаюць свята вёскі.

Нягледзячы на тое, што населены пункт – адзін з самых аддаленых у Лідскім раёне, пасля аграгарадка Пескаўцы ён з'яўляецца другім па колькасці жыхароў: тут зарэгістравана 127 чалавек (для параўнання, у Пескаўцах парадку 350). На фоне гэтага радаснага факту засмучае толькі тое, што большая частка сяльчан – жанчыны (84 чалавекі). Але адразу абнадзейвае іншае: сёння ў Буцілах сваё шчасце будуюць дзве шматдзетныя сям'і, усяго выхоўваецца 16 дзяцей.

…Аднак песня скончылася, таму давайце вернемся на свята. Да таго ж вядучая з павагай назвала імя самага сталага жыхара Буцілоў – 93-гадовай Леакадзіі Ланкевіч. Дружна віталі людзей, якія пакінулі добры след у гісторыі вёскі, хто аддана працаваў на яе карысць, хто нарадзіў і выгадаваў сумленных дзяцей. Шчырыя словы прызнання прагучалі ў адрас ветэранаў вайны, былых настаўнікаў, заслужаных работнікаў сельскай гаспадаркі, старасты вёскі Марыі Макарэвіч, прадаўца мясцовага магазіна Наталлі Лукіян. З цеплынёй і падтрымкай гаварылі і аб адзінока пражываючых людзях, апякунскіх сем’ях – бадай, не было ніводнага вяскоўца, які б не пачуў у свой адрас добрае слова. 

Для ўсіх і кожнага, хто прыйшоў на свята вёскі, гучалі ў той дзень і песні. Іх шчыра дарылі ўдзельнікі хору ветэранаў з Бярозаўкі “Крыштальныя крыніцы”, культарганізатар Пескаўскага Дома культуры Галіна Сафонава, выхаванка гуртка сольнага спеву Елізавета Зыкава.

…Вяскоўцы былі вельмі ўдзячныя арганізатарам свята. Не часта такія мерапрыемствы ладзяцца ў вёсцы, ды і яе жыхары больш прывыклі да працы, чым да гулянняў. Але калі такая хвіліна настае, адпачываюць шчыра і весела. Як гэта было і ў суботу.

1

1

1

1

1

1

1

1

1

1

1

1

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться