Дзе віншуюць жанчын – там гучаць вершы і песні

09 Марта 2015 4222

Дзве літаратурна-музычныя вечарыны адбыліся ў нашым горадзе напярэдадні жаночага свята – 8 Сакавіка. Усе, хто прысутнічаў на іх, атрымалі вясновы настрой і магчымасць дакрануцца да цудоўнага свету Паэзіі і Музыкі, якія заўсёды спадарожнічаюць вобразу Жанчыны…

Літаратурна-музычны вечар "Струны маёй душы", які адбыўся ў малой зале раённага Палаца культуры, быў прымеркаваны не толькі да Дня жанчын, але і да Сусветнага дня паэзіі, які таксама адзначаецца ў сакавіку. Арганізаваны вечар быў кіраўніком народнага аматарскага аб'яднання "МузАльянс" Рэгінай Снітко і сабраў у малой зале аматараў паэзіі. Адметнасцю вечарыны стала тое, што выступалі на сцэне паэты-жанчыны: Марыя Масла, Людміла Краснадубская, Ганна Камінская, Ірына Бараздзіна.

Добра вядомая лідчанам Марыя Масла, гаворачы аб вытоках свайго натхнення, адзначыла, што родам яна з маляўнічых, паэтычных мясцін Лідчыны – вёскі Гурыны, што недалёка ад Дворышча. "У гэтых мясцінах на вершы натхняе ўсё, – прызнавалася паэтэса. – Напрыклад, акіян жоўтага рапсавага поля – нібыта ўсмешка самаго сонейка, якое быццам спусцілася на зямлю…" Марыя Масла прачытала перад аўдыторыяй некалькі вершаў, прысвечаных жанчынам.

Вясновую песню, таксама прысвечаную жанчынам, "Жураўлі" (напісана на ўласны верш), выканала пакуль яшчэ малавядомая ў нашым горадзе паэтэса Людміла Краснадубская, якая жыве ў Лідзе нядаўна. Піша вершы і песні на іх і Ганна Камінская, урач-хірург па прафесіі. Прычым не толькі на беларускай і рускай мовах, але і на польскай. Яе вершы былі надрукаваныя ў рэспубліканскім зборніку твораў паэтаў-медыкаў, які выйшаў два гады назад. Некалькі ўласных песень Ганны Камінскай – "Матулі", "Радзіма жар-птушкі", "Молитва" і іншыя – пачулі прысутныя на літаратурна-музычным вечары.

Ірына Бараздзіна – педагог па спецыяльнасці, працавала ў Лідскім педвучылішчы (зараз – Лідскі каледж), пазней – у сярэдняй школе №11, цяпер на пенсіі. Як педагогу, ёй лёгка было завалодаць увагай аўдыторыі, чытаючы свае вершы. А вершы ў яе – на самыя розныя тэмы. Гэта і разважанні, і паэтычныя замалёўкі, узятыя з жыцця, і, безумоўна, паэтычныя радкі, прысвечаныя роднаму гораду і жанчынам. У заканчэнне свайго выступлення і ўсёй вечарыны Ірына Сямёнаўна ад імя ўсіх удзельніц імпрэзы падарыла торт яе арганізатару Рэгіне Снітко і прачытала экспромт з гэтай нагоды.

***

На другі дзень у выставачнай зале гісторыка-мастацкага музея таксама адбыўся літаратурна-музычны вечар – "Пралескі вясны", – арганізаваны навуковым супрацоўнікам музея Ірынай Швед. Публіка на вечарыне сабралася рознаўзроставая: школьнікі, навучэнцы, людзі пажылога ўзросту. Шмат было жанчын і дзяўчат – мерапрыемства праводзілася ў першую чаргу для іх. Самі выступаючыя таксама былі рознага ўзросту: дзеці, моладзь, мэтры лідскай паэзіі.

Спачатку спявалі святочныя песні і танцавалі дзеці – у асноўным выхаванцы Лідскай дзіцячай школы мастацтваў. Затым эстафета вечара была перададзена маладым выканаўцам песень і вершаў – удзельнікам творчай майстэрні "Родник" Лідскага каледжа і іншым. Дарэчы, вечарына "Пралескі вясны" стала сцэнічным дэбютам для маладой супрацоўніцы музея Інэсы Рэвякінай, якая таксама спрабуе сябе ў паэзіі.

Больш вопытныя паэты і выканаўцы выступалі ў заключным блоку мерапрыемства. Прысвечаныя жанчынам вершы чыталі паэты Міхась Мельнік і Алесь Хітрун, песні на адпаведную тэму (на словы Ларысы Геніюш, Рыгора Барадуліна і іншых) выконваў бард Сяргей Чарняк. Мастак-пастаноўшчык народнага драматычнага тэатра Лідскага РПК Алег Лазоўскі артыстычна выканаў паэтычную кампазіцыю "Гэта каханне…" (па вершах У. Маякоўскага і Ж. Прэвера, дарэчы, ва ўласным перакладзе на беларускую мову). Кранальную песню "О голубка моя…" спелі дуэтам муж і жонка Уладзімір Давідавіч і Луіза Інакенцьеўна Мільграм.

Сюрпрызам мерапрыемства стала віншаванне з надыходзячым святам ад удзельнікаў рыцарскіх клубаў Ліды, якія правялі для прысутных жанчын і дзяўчат невялікі майстар-клас па сярэднявечных танцах.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться