«Верасень» адкрыты і для лідскіх творцаў

04 Февраля 2015 2332

На Лідчыну перыядычна наведваюцца для сустрэч з мясцовай моладдзю вядомыя паэты з Мiнска – Эдуард Акулiн i Леанiд Дранько-Майсюк. Такiя сустрэчы адбываюцца ў рамках паездак двух творцаў па Беларусi з мэтай азнаямлення моладзi з лiтаратурна-мастацкiм часопiсам «Верасень», галоўным рэдактарам якога з'яўляецца Эдуард Акулiн.

Дарэчы, у 10-м, юбiлейным, нумары часопicа з'явiлiся i лiдскiя iмёны: у раздзеле «Паэзiя» былi апублiкаваныя вершы мясцовых маладых паэтаў Алены Сiманчык i Аляксандра Мацулевiча. З гэтай нагоды днямi ў домiку Таўлая адбылiся чарговая прэзентацыя лiтаратурна-мастацкага часопiса «Верасень» (на гэты раз без удзелу гасцей з Мiнска) i сустрэча з вышэйназванымi маладымi творцамi. Абодва мерапрыемствы прайшлi ў рамках чарговага пасяджэння лiтаратурнага аб'яднання «Суквецце» пры рэдакцыi «Лiдскай газеты». 

З гiсторыяй часопiса прысутных азнаёмiў аўтар iдэi яго заснавання – паэт, выдавец, краязнавец i грамадскi дзеяч Станiслаў Суднiк. «Верасень» выходзiць ужо шосты год (з перыядычнасцю два разы ў год), i яго можна лiчыць самым маладым лiтаратурна-мастацкiм выданнем Беларусi. На старонках даволi аб'ёмнага часопiса ёсць месца не толькi вершаваным творам, але i прозе, драматургii, крытычным артыкулам. Маладыя аўтары друкуюцца ў адным выданнi з класiкамi беларускай лiтаратуры, дзякуючы чаму адчуваюць сувязь пакаленняў творцаў, могуць чамусьцi павучыцца ў вопытных, знакамiтых майстроў слова.

IMGP9472

Пасля прэзентацыi часопiса коратка расказалi аб сабе i прачыталi асобныя свае вершы Алена Сiманчык i Аляксандр Мацулевiч.

Алена працуе ў СШ №15 па спецыяльнасцях «Лагапедыя» i «Алiгафрэнапедагогiка». Любоў да беларускай мовы I лiтаратуры перадалася ёй ад мацi – настаўнiцы адпаведных прадметаў. У хатняй бiблiятэцы Алены вельмi шмат твораў беларускiх паэтаў i пiсьменнiкаў. Прачытаныя маладой паэтэсай перад прысутнымi фiласофскiя i глыбока лiрычныя вершы поўныя роздуму, цеплынi, яркай iндывiдуальнасцi.

Аляксандр – супрацоўнiк рэдакцыi «Лiдскай газеты». Многiя яго вершы сталi вынiкам цiкавасцi да гiсторыi роднай Лiдчыны, звязаных з ёй легенд i паданняў. Некалькi вершаў на адпаведную тэму ён i прачытаў перад аўдыторыяй. Усе прысутныя павiншавалi маладых паэтаў i пажадалi iм далейшых творчых поспехаў.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться