Узнагарода за талент

24 Января 2015 1870

Як ужо паведамляла «Лідская газета», 13 студзеня ў абласным драматычным тэатры адбылася штогадовая цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў прэміі «За творчыя дасягненні ў сферы культуры і мастацтва» імя Аляксандра Дубко. Сярод удастоеных высокага звання – мастацкі кіраўнік вакальна-інструментальнага ансамбля «Шкляры» (г. Бярозаўка) Андрэй Барыла.

Андрэй Барыла адзначаны ўзнагародай у намінацыі «Кіраўнік заслужанага аматарскага калектыву года».

– Мой поспех – гэта, безумоўна, поспех усяго калектыву, – прызнаецца карэспандэнту «Лідскай газеты» Андрэй Барысавіч. – Узнагарода падобнага ўзроўню з’яўляецца вялікім стымулам да далейшага самаразвіцця, дае добры штуршок, дапамагае тварыць. На прэмію імя Аляксандра Дубко прэтэндуе нямала таленавітых кіраўнікоў танцавальных, песенных, інструментальных калектываў, майстроў прыкладнога мастацтва, вопытных педагогаў, музейных работнікаў. Гэта сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы. І я рады, што знаходжуся ў ліку гэтых выдатных людзей. Свайго роду «Оскар» Гродзеншчыны нам уручалі старшыня аблвыканкама Уладзімір Краўцоў і ўдава Аляксандра Іосіфавіча Эма Дубко. У адрас прысутных у зале гаварыліся цёплыя словы, гучалі віншаванні ад калег. Скончылася мерапрыемства выхадам на сцэну нашага калектыву з песняй «Мая Беларусь», што для нас вельмі пачэсна.

Аб майстэрстве калектыву гавораць і іншыя шматлікія поспехі. «Шкляры» неаднаразова станавіліся лаўрэатамі міжнародных, рэспубліканскіх, абласных конкурсаў. У сваёй паўсядзённай дзейнасці артысты шмат гастраліруюць (перад Новым годам вярнуліся з Эстоніі і Латвіі). Прычым кожнае іх выступленне, у тым ліку за межамі нашай краіны, заўсёды выклікае цёплыя пачуцці.

– Сёння ў нас зноў шмат клопатаў, – прызнаецца Андрэй Барысавіч. – Наперадзе шчыльны гастрольны графік са шматлікімі канцэртамі ў розных гарадах нашай краіны і за мяжой. Але самая галоўная падзея адбудзецца ў лютым, калі мы будзем святкаваць чарговы юбілей – 45-годдзе з дня ўтварэння ансамбля. Цяпер узмоцнена рыхтуем святочную праграму. Клопатаў яшчэ шмат, а часу практычна не засталося.

Па словах артыста, юбілейны канцэрт адбудзецца напярэдадні Дня ўсіх закаханых – 13 лютага – у Палацы культуры прафсаюзаў горада Мінска. Яго дата выбрана не выпадкова. Усе песні легендарнага калектыву апавядаюць пра каханне, не пакідаючы абыякавым ні аднаго свайго прыхільніка.

IMG 1166

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться