Фотавыстава літоўскага акцёра тэатра і кіно Юозаса Будрайціса (фота)

24 Декабря 2014 2585

“Маё кіно – 1970-1990” – пад такой назвай у раённым Палацы культуры адкрылася фотавыстава славутага літоўскага акцёра тэатра і кіно Юозаса Будрайціса.Вядома, што аўтар займаўся не толькі акцёрскай працай, але і выяўленчым мастацтвам. Ён заўсёды браў з сабой на здымкі фотаапарат і позіркам мастака ўспрымаў людзей побач, імкнучыся захаваць свае ўражанні ў кадры.

Перш за ўсё ўвагу прыцягваюць добра знаёмыя майстры кіно: Смактуноўскі, браты Янкоўскія, Мірашнічэнка, Глаголева, Відаў, Нахапетаў… Але потым разумееш, што не менш цікавыя партрэты простых людзей з масоўкі, фотарэжысёраў, сцэнарыстаў, рэквізітараў – тых, хто на экран трапляе рэдка.Больш за 40 работ Юозаса Будрайціса, што экспануюць у паркетнай зале, дапамагаюць гледачу ўявіць, як ствараліся вядомыя савецкія кінастужкі. Яны распавядаюць аб буднях гэтага творчага працэсу. У гледача ёсць унікальная магчымасць убачыць, як выглядала сама здымачная пляцоўка. Выдатна атрымалася перадаць настроі, думкі калег і ў здымачныя моманты, і ў перапынках паміж шматлікімі дублямі. Вось знакамітая актрыса падчас абедзеннага перапынку, а тут стомленыя акцёры проста паснулі ў рэквізітным стозе сена.

IMG 0025

Работы Юозаса вельмі шчырыя, нават з нейкім рэпартажным адценнем. У кадры няма нічога лішняга: усё лаканічна і ў той жа час красамоўна, з непаўторным прыбалтыйскім густам. У экспазіцыі пазнаюцца як прыгожыя літоўскія мясціны, так і экзатычныя краявіды. Ёсць месца ў выставе і гумарыстычным здымкам.

IMG 0019

Творчая ініцыятыва арганізаваць выставу належыць генеральнаму консульству Літоўскай Рэспублікі ў Гродне. Лідскае грамадскае аб’яднанне літоўцаў “Рута” ідэю падтрымала. “Гэту экспазіцыю можна назваць сапраўднай падарожніцай, – расказвае кіраўнік “Руты” Марына Міцюкевіч. – Яна пабывала ў многіх гарадах Расіі, дэманстравалася ў Беларусі. Мы штогод арганізуем выставы, каб знаёміць лідчан з літоўскай культурай. У бягучым годзе гэта цікавая кінематаграфічная фотавыстава. Работы ахопліваюць даволі вялікі часавы адрэзак – не адно дзесяцігоддзе, якое стала значным як для кінамастацтва, так і для асабістага лёсу аўтара. Наведаць выставу можна будзе да канца студзеня”.

IMG 0059

Культурная падзея адразу ж выклікала зацікаўленасць публікі. “Я вельмі рада, што прыйшла сюды сёння, – дзеліцца сваімі ўражаннямі наведвальніца выставы Міва Радзюк. – Тут так прыемна знаходзіцца! Гэта ж усё кіно нашай маладосці. На фота акцёры, якіх мы любілі і любім. І хоць самога аўтара няма ў гэтай зале, адчуваецца і цеплыня, і яго прысутнасць”.

IMG 0065

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться