Унікальныя абрусы, паясы, ручнікі варта ўбачыць на выставе, прысвечанай вёсцы Збляны

01 Декабря 2022 6558
Выдатныя людзі, таленавітыя майстры, энтузіясты, прадаўжальнікі традыцый... Усё гэта можна сказаць пра калектыў аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры, які не так даўно быў удастоены спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва.

Высокае прызнанне ён атрымаў за рэалізацыю праекта «Ад мінулага да сучаснага», прысвечанага адраджэнню ўнікальных тэхнік шматнітавога ткацтва Панямоння, і стварэнне калекцый традыцыйнага і сучаснага нацыянальнага адзення. Лідскія майстрыхі сустракаюць гасцей і заўсёды імкнуцца паказаць тое, што ў нас ёсць, чым мы адрозніваемся ад іншых краін – гэта свае культурныя карані, лакальныя асаблівасці. Для іх, як тонкіх знаўцаў этнаграфіі краю, важна, каб і жыхары краіны, і яе госці ўбачылі велізарны патэнцыял нашага рэгіёна, тое багацце, якое мы маем. А маем мы сапраўды шмат. Узяць хаця б унікальную выставу, прысвечаную вёсцы Збляны Лідскага раёна і яе жыхарам.

Так-так, тыя самыя Збляны! Вёсачка, дзе дыхаецца інакш, дзе забываюцца трывогі і мітусня. Сама атмасфера, Нёман, жамчужына лідскага краю – Свята-Пакроўская царква, гасцінныя людзі спрыяюць гэтаму. Але чым прыцягнуў даследчыкаў культурных традыцый продкаў адзін з найпрыгажэйшых сельскіх куткоў нашага краю?


Вытокі

Па меркаванні Таццяны Нікіфаравай, старшага навуковага супрацоўніка Лідскага гісторыка-мастацкага музея, гісторыя Зблянскай парафіі вядзе адлік з Х стагоддзя. Гэта адлюстравана ў гісторыі будаўніцтва і існавання галоўнага будынка мястэчка Збляны – храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы (занесены ў спіс гісторыка-культурнай каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь). Свята-Пакроўская царква ў розныя перыяды належыла праваслаўнай і грэка-каталіцкай епархіям. У 1757 годзе храм знаходзіўся ў спісе першых уніяцкіх цэркваў Лідчыны, а гэта значыць, што богаслужэнні ў ім праходзілі на беларускай мове. У 1864 годзе ў Зблянах адкрылі народнае вучылішча, якое наведвала каля ста дзяцей. Першая на Лідчыне беларуская школа адкрылася менавіта ў Зблянах (1915–1916 гг.).

З даўніх часоў у вёсцы захаваліся ўстойлівыя традыцыі ткацтва. Нават ў савецкі час, з канца 1960-х да сярэдзіны 1980-х гадоў, калі ўтылітарнай патрэбы ў вырабах ткацтва не было, майстрыхі больш як у сямідзесяці вёсках Лідскага, Шчучынскага, Слонімскага і іншых раёнаў Гродзеншчыны працавалі ў якасці надомніц на Гродзенскай і Слонімскай фабрыках мастацкіх вырабаў. Некаторыя жанчыны аж да пачатку 90-х гадоў ткалі не толькі ручнікі, але і паясы для беларускіх танцавальных калектываў.  Як кажуць, пакуль дазваляла здароўе. 

Зыходзячы з ілюстрацый палявых даследаванняў вёсак Лідскага раёна 1967-1980-х гадоў даследчыка матэрыяльнай культуры беларусаў М. Раманюка, можна адзначыць высокі мастацкі густ зблянскіх майстрых. 

Падзеі культурнага жыцця не абыходзяць і хутар Збляны: у канцы 1940-х – пачатку 1950-х гадоў тут быў арганізаваны зблянскі хор, у якім першапачаткова спявала каля шасцідзесяці чалавек. Менавіта гэты хор стаў папярэднікам усіх сучасных фальклорных гуртоў Лідскага раёна. На працягу некалькіх дзясяткаў гадоў калектыў выязджаў з канцэртамі за межы Лідчыны. Распаўся толькі па прычыне натуральнага старэння яго ўдзельнікаў.

Менавіта сукупнасць знешніх і ўнутраных фактараў, якія ўплывалі на развіццё нацыянальна-бытавых традыцый мястэчка Збляны, і знайшла адлюстраванне ў самабытным народным касцюме яго жыхароў, – падчас экскурсіі па выставе расказвае метадыст аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ «Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці» Ірына Дыдышка. –  А калі гаварыць дакладней, менавіта прырода, геаграфічнае становішча наклалі пэўны прыкметны адбітак на віды гаспадарчай дзейнасці, тыпы жылля і, безумоўна, на адзенне.  


Любоў да зямлі

Па прычыне папулярнасці вёскі Збляны і актыўнасці мясцовых жыхароў даследчая дзейнасць па зборы фальклору і інфармацыі па сялянскім касцюме вялася супрацоўнікамі ДУ «Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці» ў мястэчку доўгія гады. 

– У пачатку 2000-х гадоў была створана фальклорная група хутара Збляны, якая аб’яднала дзевяць (восем жанчын і аднаго мужчыну – былых удзельнікаў зблянскага хору) чалавек ва ўзросце ад 65 да 82 гадоў, – расказвае Ірына Дыдышка. – Яны самі пашылі сцэнічныя касцюмы, упрыгожаныя характэрнай паліхромнай вышыўкай гладдзю. Жанчыны не толькі спявалі разам, але і займаліся рукадзеллем: вышывалі і ткалі паясы. Гурт запрашалі на практычныя семінары па навучанні побытавым танцам, да ўдзелу ў культурных мерапрыемствах не толькі Лідскага раёна, але і Гродзенскай вобласці. Вашы калегі-журналісты з цікавасцю назіралі за творчасцю самабытнага калектыву і самых яркіх яго ўдзельніц паасобку.

Галіна Тадэвушаўна Едка, мастацкі кіраўнік фальклорнага гурта хутара Збляны ў 2001-2015 гг., Ганна Міхайлаўна Майніч і Станіслава Іванаўна Паповіч – удзельніцы першага складу фальклорнага гурта, Соф'я Аляксандраўна Лянцэвіч – удзельніца яго пазнейшага скл
Галіна Тадэвушаўна Едка, мастацкі кіраўнік фальклорнага гурта хутара Збляны ў 2001-2015 гг., Ганна Міхайлаўна Майніч і Станіслава Іванаўна Паповіч – удзельніцы першага складу фальклорнага гурта, Соф'я Аляксандраўна Лянцэвіч – удзельніца яго пазнейшага складу (злева направа).

З дапамогай зблянскіх жанчын у 2006 годзе супрацоўнікі лідскай дзяржаўнай установы культуры знялі відэафільм “Калі да лёну з паклонам – аддзячыць добра лён” аб традыцыйнай ручной апрацоўцы льну. Майстрыхі вельмі дакладна расказалі і паказалі ўвесь старажытны працэс вырабу льняных нітак і ткацтва палатна. Усе дзеянні былі лагічна звязаны з жыццёвымі назіраннямі, песнямі і абрадамі, якія перадало ім старэйшае пакаленне.

Мудрасць і вопыт

Чвэрць стагоддзя зблянскія жанчыны шчыра дзяліліся вопытам у ткацкім рамястве, захавалі фальклор, выявілі свой непаўторны нязменны сцэнічны стыль у адзенні па традыцыях сваёй мясцовасці. Створаны вобраз сцэнічнага касцюма гурта прайшоў невялікую па часе трансфармацыю ад традыцыйнага да сучаснага стылізаванага адзення і варты аналізу спецыялістаў як узор народнага мастацтва Лідскага раёна другой паловы ХХ стагоддзя.

Галоўная каштоўнасць работы па вывучэнні спадчыны Зблян пачатку ХХ стагоддзя ў тым, што мною і маімі калегамі здзейснена сапраўдная вандроўка ў мінулае не толькі праз этнаграфічную калекцыю хатняга тэкстылю, гарнітуру, прадметаў побыту, але і праз думкі і жыццёвыя лёсы людзей. Жанчыны расказалі нам пра сваю маладосць, працоўныя будні, адпачынак і творчасць. Была выкарыстана рэдкая магчымасць даведацца ад носьбітаў культуры пра традыцыйную выпечку і афармленне святочнага стала, запісаць вершы і песні ад былой фальклорнай групы хутара Збляны.

Сапраўды, фальклор гэтай мясцовасці ажыўляе прадметы, пагружае ў атмасферу таго часу, пранікае ў душу, робіць тое, што называецца сапраўдным цудам, – акрыляе і заварожвае. Так, дзякуючы рэжысёру Наталлі Шчалканогавай запрошаныя на творчую сустрэчу жыхаркі хутара Збляны ацанілі эпізод вяселля, якое ладзілі ў іх мясцовасці па традыцыях першай паловы ХХ стагоддзя. Супрацоўнікі аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры выступілі ў рэпліках (камлектах) вясельнага і святочнага адзення, створанага па фондах энтаграфіі вёскі і хутара Збляны, праігралі песенны і вусны рэпертуар, абрадавыя дзеянні, адноўленыя паводле слоў мясцовых жыхарак і літаратурных крыніц. Пасля прагляду жанчыны дапоўнілі дзеянні і этыкет паводзінаў на вясельным свяце па ўспамінах сваёй маладосці. 

Вялікі дзякуй Станіславе Іванаўне Паповіч, Ганне Міхайлаўне Майніч, Галіне Тадэвушаўне Едка (мастацкаму кіраўніку фальклорнага гурта хутара Збляны), Соф'і Аляксандраўне Лянцэвіч і тым людзям, хто іх суправаджаў. Пра кожную з гэтых унікальных жанчын хацелася б расказаць падрабязней у наступных выпусках “Лідскай газеты”, бо дзякуючы гэтым жанчынам папоўнена скарбонка звестак пра лакальныя абрадавыя традыцыі на Лідчыне, – у канцы размовы зазначыла Ірына Дыдышка. – А яшчэ хочацца звярнуцца да жыхароў нашага раёна, каб яны пры магчымасці пабачылі нашу выставу, а калі ёсць жаданне, то і расказалі пра свіх продкаў – носьбітаў цікавага этнаграфічнага матэрыялу. Бо толькі людзям з глыбокімі этнічнымі каранямі наканавана захаваць вопыт пакаленняў і любоў да сваёй зямлі. А такіх людзей на лідскай зямлі яшчэ шмат. 

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться