Рэспубліканскі семінар “Гісторыка-культурная спадчына як рэсурс устойлівага развіцця Гродзенскага рэгіёна” адбыўся ў Лідзе.

26 Октября 2022 2737

Рэспубліканскі семінар-практыкум “Гісторыка-культурная спадчына як рэсурс устойлівага развіцця Гродзенскага рэгіёна” адбыўся ў Лідзе. Удзельнікі мерапрыемства, якія прадстаўлялі культуру кожнага рэгіёна вобласці, наведалі два знакавыя турыстычныя аб'екты нашага горада –замак Гедыміна і аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры.


Ахінуты таямніцамі і легендамі

 Не сакрэт, што Лідскі замак (аб’ект ДУ “Лідскі гісторыка-мастацкі музей”)  – гэта не толькі архітэктурная жамчужына горада, але і краіны, нацыянальны набытак яе жыхароў. Толькі за 9 месяцаў гэтага года  яго наведалі больш за 60 тыс. чалавек.
Для стварэння турыстычнай прывабнасці супрацоўнікі музея пастаянна знаходзяцца ў пошуках новых форм работы, – заўважыла дырэктар установы Вольга Піліпчук. – Сярод турыстаў карыстаюцца неверагоднай папулярнасцю экскурсійна-турыстычныя маршруты “Гэты горад на берагах Лідзеі” і “Пяць гадзін у Лідзе», якія прадугледжваюць наведванне замка, гісторыка-мастацкага музея, экскурсію па горадзе. Вялікую цікавасць выклікаюць інтэрактыўныя прадстаўленні, гульні і забавы, якія праводзяцца ўнутры сярэднявечных сцен. Распрацаваны музейныя заняткі «Школа археалогіі», «У эпоху рыцарства» і квэсты «Ключы ад горада», «21 таямніца Лідскага замка». Працягвае працу праект “Сямейны партрэт на фоне гісторыі”, які ўключае рэгістрацыю шлюбу ў стылі сярэднявечча з правядзеннем анімацыйнай праграмы для гасцей.
Для ўдзельнікаў семінара былі праведзены экскурсіі па вежах Гедыміна і Вітаўта. Госці нашага горада змаглі пазнаёміцца з цікавымі, унікальнымі артэфактамі, якія дазваляюць раскрываць старонкі гісторыі Лідскай зямлі, а таксама зрабіць фота на памяць. Калі яшчэ сустрэнешся з сярэднявечнай гісторыяй?!

 У нас заўсёды працуюсь кросны

Самабытнасць жыхароў Лідскага краю, адданасць гісторыі і запаветам мінулага, блізкасць да прыроды з'яўляюцца важнымі складальнікамі паўсядзённага жыцця. Убачыць іх можна ва ўсім, пачынаючы з музыкі, кухні, адзення і заканчваючы прыкметамі, павер'ямі і святамі. Захаванне традыцый продкаў з'яўляецца неабходнай умовай духоўнага развіцця. Такім чынам, ствараецца нябачная, але вельмі моцная сувязь пакаленняў.
Элементы нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь “Традыцыйнае белаўзорыстае ткацтва Панямоння” былі  прадстаўлены ўдзельнікам семінара ў аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры. Гледзячы на ручнікі і посцілкі, верыцца, што гэта і ёсць сапраўдныя шэдэўры ручной працы нашых продкаў. Панямонскае белаўзорыстае ткацтва адрозніваецца ад вырабаў з іншых рэгіёнаў тым, што менш увагі надавалася каляроваму ўзору. Ён ішоў толькі па краі вырабу. Сам малюнак быў сціплы або яго магло не быць увогуле.

У нас заўсёды працуюць кросны, – зазначыла  загадчык аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Алена Шчэліна. –  Вось і сёння майстар-класс па ткацтве паказвалі сапраўдныя прафесіяналы – Валянціна Сільвановіч і Марыя Шылкоўская. Ганарымся і каштоўнай калекцыяй – адноўленымі рушнікамі па матывах старадаўніх узораў.  
Па словах кіраўніка ўстановы, сёння спецыялісты аддзела рамёстваў праводзяць вялікую краязнаўчую работу па аднаўленні традыцыйных касцюмаў Лідчыны, адраджаюць рэдкія, забытыя тэхналогіі ткацтва і актыўна вучаць рамяству моладзь, каб гэтая багатая спадчына ніколі не знікла і набыла  новы віток свайго развіцця ў сучаснай Беларусі. Умелымі рукамі майстроў аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ўжо створаны народныя касцюмы Гродзенскага рэгіёна і Лідскага раёна.

 – Сёння нашы госці і наведвальнікі цікавяцца не толькі напрамкамі работы нашай установы, але і турыстычнай дзейнасцю. Мы прадстаўляем традцыцыйную культуру (святы, абрады) і рамёствы. А ў апошні час у кожнага з іх ёсць магчымасць пазнаёміцца са спадчынай вёскі Збляны – калыскі традыцыйнай культуры Лідчыны. 
Цяжка ўявіць, колькі сіл і працы было ўкладзена спецыялістамі адзела рамёстваў і традыцыйнай культуры, каб падрыхтаваць такое запамінальнае мерапрыемства. Але выставай і майстар-класамі   па розных тэхніках ткацтва яно таксама не закончылася. Фінальным акордам сустрэчы стаў эпізод вяселля ў вёсцы Збляны пад назвай  “Завіванне маладой”.

 Народнае ткацтва было адным з багатых і старажытных промыслаў нашых продкаў. На працягу стагоддзяў яно развівалася, удасканальвалася і перадавалася з пакалення ў пакаленне. У ім знайшлі адлюстраванне векавая гісторыя народа, яго майстэрства, мастацкі густ. Спецыялісты аддзела рамёстваў гатовы і далей весці вялікую краязнаўчую работу па аднаўленні традыцыйных касцюмаў Лідчыны, адраджаць рэдкія, забытыя тэхналогіі ткацтва і актыўна вучыць моладзь гэтаму рамяству.
Асноўныя задачы нашай працы – стварэнне ўстойлівага турызму і доўгатэрміновыя ўмовы для папулярызацыі традыцыйных рамёстваў у рэгіёне, – адзначыла Алена Шчэліна. – Для гэтага ўжо сабраны вялікі пласт інфармацыі, праз якую гасцям горада адкрываецца спадчына беларускага народа ў культуры і гісторыі.





Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться