У сваім краі, як у раі. Чарговай кветкай з чароўнага вянка святаў вёсак стаў аграгарадок Ходараўцы

23 Августа 2022 2557

І хоць час жніва і нарыхтовак на зіму не дазволіў прыйсці да Ходараўскага дома культуры ўсім жадаючым, урачыстасць адбылася.

Першае, што кінулася ў вочы, – вялікая колькасць дзяцей, ад немаўлят да школьнікаў. Пры гэтым не толькі сярод гледачоў, але і на сцэне.

Варвара Дзікевіч і Саіда Цярноўская падчас гутаркі падзяліліся сваімі захапленнямі. Варвара вельмі любіць маляваць, займацца музыкай, англійскай мовай. Саіда – гатаваць, асабліва тарты і іншую салодкую смакату. А ў будучым хацелі б калі не на прафесійным, дык на аматарскім узроўні займацца арганізацыяй і правядзеннем падобных святаў, можа, нават працаваць у Доме культуры. Тое, як у іх спрытна атрымлівалася і танцаваць, і спяваць, паказвала, што ўсё можа адбыцца…

Між тым на свята падышлі Аляксандр, Вольга, Максім і Кіра Камінскія. Аказалася, што ў Ходараўцы Вольга трапіла ў сельгаспрадпрыемства па размеркаванні, тут і сустрэла свой лёс: пазнаёмілася з Аляксандрам, які працаваў там жа вадзіцелем. Ад гаспадаркі атрымалі кватэру, зараз гадуюць дзетак.

Яшчэ адна маладая пара прыцягнула ўвагу. Паколькі іх дачушка Дар’я салодка спала ў калясцы, маладыя бацькі Андрэй і Кацярына Гук вымушаны былі назіраць тое, што адбывалася на сцэне, крыху наводдаль. Аказалася, што яны жывуць ў Бярозаўцы, а сюды прыязджаюць адпачыць, бліжэй да прыроды, на малую радзіму Кацярыны, дзе захавалася хата яе бацькоў.

Пакуль размаўляла з маладымі бацькамі, на сцэну запрасілі пару, якая сёлета адсвяткавала каралавае вяселле, – Віктара і Ганну Дзядзяевых. Пазней, падчас гутаркі, высветлілася, што іх таксама звязала праца. Ганна (сама са Шчучынскага раёна) трапіла сюды працаваць у калгас бухгалтарам, а Віктар на той час працаваў памочнікам брыгадзіра ў гэтай жа гаспадарцы. Пажаніліся, выгадавалі дачку і сына. Маюць трох унукаў. Зараз галава сям’і працуе майстрам лесу ў Жалудоцкім лясніцтве, а Ганна – начальнікам паштовага аддзялення сувязі ў Ходараўцах.

Між тым у цэнтры увагі аказалася найстарэйшая жыхарка аграгарадка – Марыя Нікадзімаўна Ляпеша, а таксама юбіляры гэтага года: Ірына Вітко, Марыя Арлоўская, Эрыка Зянкевіч і Зоя Роўбуць. Ад арганізатараў свята ўсе яны атрымалі кветкі і падарункі.

Падчас свята ўсе яго ўдзельнікі маглі падсілкавацца смачнай юшкай, якая была прыгатавана тут жа, на вуліцы. Афіцыйная частка мерапрыемства перацякла спачатку ў дзіцячую, а потым у дарослую дыскатэку.

А я, яшчэ раз акінуўшы вокам дзіцячыя чародкі, іх гарэзлівыя забаўкі, са спакойнай душой села ў рэдакцыйную машыну: у Ходараўцаў ёсць будучыня!


























Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться