Беліцкія дранікі, інтрыга ад Белтэлерадыёкампаніі і экспанат № 119

25 Июля 2022 2831

Бывае так, што незапланаваныя паездкі або неспадзяваныя сустрэчы аказваюцца больш цікавымі, чым тыя, якія задоўга плануеш і да якіх рыхтуешся. 

Так адбылося і на гэты раз, калі па рэдакцыйным заданні апынулася на тэрыторыі Беліцкага сельсавета і даведалася, што ў мясцовым Доме культуры чакаюць здымачную групу Белтэлерадыёкампаніі. Канешне, рашэнне сустрэцца з гасцямі было прынята імгненна.

Чароўная нітачка

Паколькі госці да абмеркаванага часу спазняліся, Тарэса Фёдараўна Шаўлюк, загадчыца філіяла Беліцкага дома культуры ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці” правяла экскурсію па сваіх ўладаннях і расказала, чым жыве яе ўстанова.

Як толькі ўвойдзеш у фае будынка, у вочы кідаецца рознакаляровая выстава вырабаў аматарскіх аб’яднанняў: кошыкі і лыжкі; пано, сплеценыя з… папяровай лазы, і ікібаны з прыродных матэрыялаў; бутэлькі, аздобленыя тэхнікай купажу, выцінанкі, снапы, традыцыйныя беларускія лялькі… Вочы разбягаюцца ад разнастайнасці! Штосьці з гэтага хочацца доўга разглядаць, імкнучыся зразумець сакральны сэнс старажытнага майстэраства, а штосьці, як, напрыклад, куранят з нітак, хацелася памацаць як цацку-антыстрэс.

Пакуль я з захапленнем разглядала ўсю гэту прыгажосць, Тарэса Фёдараўна распавяла, што ў Доме культуры працуюць аматарскія гурткі, у якіх займаюцца белічанцы ад мала да вяліка. Самыя маленькія - у гуртку экалагічнага напрамку “Лесавічок” і рамеснага – “Павуцінка”, крыху старэйшыя займаюцца ў “Чароўнай нітачцы”. А людзі сталага ўзросту ў вольны час збіраюцца паспяваць або проста абмяняцца рэцэптамі ці ўражаннямі пра прачытанае ў кнігах, перыядычных выданнях або ўбачанае па тэлебачанні. Трэба адзначыць, што іх калектыў, які мае назву “Вяртанне да вытокаў”, ведаюць не толькі ў Беліцы -- песні ў іх выкананні гучалі на святах у Мажэйкаве і нават у Смаргоні!

Загадкавы экспанат

А далей перада мной адкрыліся дзверы святая святых – этнаграфічнага пакоя. Шчыра кажучы, звычайна такія экспазіцыі падобны адна да другой, як сёстры-блізняты. Ды і чым тут адрознівацца: конская збруя, прылады працы, бытавыя рэчы, адзежа, посуд… Нашы продкі жылі небагата, спадзяваліся толькі на сябе, таму працавалі многа і цяжка, і карысталіся, звычайна, аднымі і тымі ж рэчамі. Але і тут Тарэса Фёдараўна знайшла, чым мяне зацікавіць: 

- Вось, паглядзіце на гэтыя кашулі! Ведаеце, адкуль яны?

Я глядзела на белае, з вышытымі каўнярамі і манжэтамі адзенне, і, разумеючы, што тут ёсць нейкі падвох, на ўсялякі выпадак паціснула плячыма.  Аказваецца, у шасцідзясятыя гады мінулага стагоддзя ў Зблянах (хутары, які таксама знаходзіцца на тэрыторыі Беліцкага сельсавета) быў арганізаваны аматарскі тэатр, у якім ігралі мясцовыя жыхары. Іх пастаноўкі карысталіся поспехам не толькі ў аднавяскоўцаў, але і далёка за межамі сельсавета.

- А зараз я вам пакажу такі экспанат: ён у нас пад нумарам 119; прымянне яго ўжо мала хто памятае, хоць і датуецца ён 1975 годам, -- працягвала здзіўляць мяне гаспадыня пакоя.

Я глядзела на сваю равесніцу -- незвычайную шкляную колбу. Дно ў яе не было суцэльным, а выступала ўнутр і паралельна да сценак утварала жалабок. Гэта была … мухалоўка. У гэты самы жалабок налівалася салодкая вада або малако. Мухі, прывабленыя прысмакам, траплялі ўнутр гэтай колбы і, праз яе складаную форму, вылезці ўжо не маглі.

Далей Тарэса Фёдараўна паказала мне яшчэ адну прыладу, пра якую, скажу шчыра, я ніколі нідзе не чула і якой ніколі не бачыла: прыстасаванне для шліфоўкі верацяна, каб яно не чапляла і не зацягвала ніці. А потым мне яшчэ паказалі паўкілёўку (меру сметанковага масла), сырніцу… Наогул, я пачала разумець, што ведаю значна менш, чым была дагэтуль ўпэўнена, хоць у свой час шмат цікавілася гэтай тэмай. У мяне ўжо пачаў прабіваць свае парасткі комплекс непаўнавартасці, як, нарэшце, прыехалі госці.

Гастранамічная карта ад Белтэлерадыёкампаніі

У будынак зайшла групка мужчын, сярод якіх быў Уладзімір Богдан, вядомы тэлегледачам па праграме пра прывабныя для турыстаў мясціны Беларусі -- “Я хачу гэта бачыць”.

Па сакрэце Уладзімір нам паведаміў, што “Белтэлерадыёкампанія” запускае новы тэлевізійны турыстычны праект, у якім будзе адлюстравана гастранамічная карта нашай краіны. Зараз ідзе збор матэрыялу, здымаюцца сюжэты, якія потым лягуць у аснову перадач. 

У гэты дзень яе каманда ўжо пабывала ў Лідскім замку, Дворышчах, Цыбарах, і, на закуску (у прамым сэнсе слова), прыехала ў Беліцу на адмысловыя дранікі.

Нагадаю нашым чытачам, што ў маі бягучага года ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь уключаны элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны “Стравы з таркаванай бульбы – дранікі, бульбяныя бліны, бабка і іншыя – традыцыі прыгатавання і ўжывання”. Пра гэту падзею мы расказвалі ў нумары 49 ад 29 чэрвеня ў матэрыяле пра свята ручніка ў Ваверцы і адначасова падзяліліся з чытачамі рэцэптам ваверскіх дранікаў.

Здаецца: ну, што тут можна прыдумаць новае? Дранікі -- яны па ўсёй Беларусі дранікі! Аказваецца, не толькі ў Ваверцы, але і ў Беліцы ёсць свой адмысловы рэцэпт. І гэты рэцэпт прыцягнуў увагу нашых гасцей. Пра страву знялі цэлы сюжэт. Праўда, калі і на якім канале выйдзе перадача пра яе, не прызналіся, сказалі: “Сачыце за анонсамі!”.

А Тарэса Фёдараўна, наша шчырая гаспадыня, не толькі пачаставала нас дранікамі-запарнікамі, але і падзялілася рэцэптам іх прыгатавання. Не буду расказваць, чым яны адрозніваюцца ад традыцыйных на смак, але раю прыгатаваць!

Беліцкія дранікі-запарнікі

Бульбу таркуем абавязкова ўручную (бо не той смак будзе!). Далей запарваем (амаль даводзім да кіпення) сыроватку. Яе, канешне, лепей браць дамашняга прыгатавання, але можна купіць і ў магазіне, толькі чыстую, без смакавых дабавак. Заліваем яе ў нацертую бульбу (прапорцыя прыкладная: на пяць сярэдніх бульбін – 400 мл сыроваткі), перамешваем, даём трохі пастаяць, каб астыла, стала крыху цёплай. Дадаем у гэту сумесь цёртую цыбулю (сярэднюю галоўку), два яйкі, соль. Размешваем. Напрыканцы дадаём муку. Уводзіць яе трэба пакрыху, назіраючы за кансістэнцыяй цеста: яно павінна быць гушчыні тлустай смятаны (звычайна 5-6 сталовых лыжак). Смажыць на тлушчы або алеі. Падаваць з малаком, смятанай або цукрам – каму як падабаецца.

Смачна есці!

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться