Свята ручніка ў Ваверцы: вясельныя дранікі, полька басанож і яшчэ шмат нечаканасцей

27 Июня 2022 3120

У 2018 годзе элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны “Традыцыйнае белаўзорыстае ткацтва Панямоння” ў г. Ліда Гродзенскай вобласці ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. Яму нададзены статус катэгорыі “А”. Цэнтрам даўніх традыцый беларускага ткацтва з’яўляецца аграгарадок Ваверка. Таму менавіта там штогод праходзіць фальклорнае свята “Па ручніку, што з роднай хаты, мы пазнаем маленькую радзіму”. Але пра гэта крыху пазней.


Хто быў у Ваверцы, ведае, што па перыметры цэнтральнай плошчы размяшчаюцца адны з самых запатрабаваных для забеспячэння жыццядзейнасці аб’ектаў: сельвыканкам, кантора сельскагаспадарчага прадпрыемства, магазін, аптэка, пошта, пажарна-выратавальны пункт, а таксама дом культуры і касцёл (дарэчы, помнік гісторыі і архітэктуры). Магчыма, менавіта такое добрасуседства і выхавала ў ваверчан узаемную павагу і разумны кампраміс паміж свецкім і духоўным. Таму ў мінулую нядзелю свята распачалося адразу пасля заканчэння імшы ў касцёле.

Адзначу, што настрой святу задавалі супрацоўнікі Ваверскага дома культуры і народны калектыў “Святліца” Дзітвянскага дома культуры. Дарэчы, ільняныя вышытыя касцюмы, у якія былі апрануты гаспадары мерапрыемства, - выраб майстрыцы Валянціны Сільвановіч, якая некаторы час пражывала на тэрыторыі Ваверскага сельсавета, а цяпер працуе ў аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ “Лідскі раённы цэнтр культур і народнай творчасці”.






А пачалося мерапрыемства з пасядзелак у адной беларускай хаце, дзе гаспадар-балагур, руплівая гаспадыня і іх дачушкі - майстрыцы-весялушкі разам са сваімі гасцямі распавялі гледачам пра значэнне ручніка ў жыцці нашых продкаў. Лічылася, што на ўсё жыццё чалавеку іх патрэбна было 40 (сакральная лічба, ці не так?)! Ручнік шырока выкарыстоўваўся ў разнастайных абрадавых сітуацыях: на радзінах, хрысцінах, вяселлі, пахаванні, у каляндарных абрадах, магіі, медыцыне. Такім чынам, жыццё чалавека пачыналася з першым ручніком, якім абціралі немаўля пры нараджэнні, і канчалася з апошнімі, на якіх спускалі труну ў магілу.

Таксама было паказана, як прасавалі раней ручнікі: прасам на вуголлі або пранікам. Дарэчы, гаспадар пакпіў са свайго знаёмага, які хваліўся, што ў яго дачкі бесправадныя навушнікі: “Зато ў маёй бабулі быў бесправадны прас!”.


Такім чынам аповед пра наша мінулае арганічна перамешваўся жартамі, прымаўкамі, песнямі, гульнямі і танцамі з гледачамі. Нельга было не паддацца настрою. Таму некаторым, хто прыйшоў у гарачае надвор’е абуты ў шлёпанцы, прыйшлося літаральна разуцца і скакаць польку басанож!


Каб хапіла сіл на астатнюю частку свята, гледачоў пачаставалі адмысловымі дранікамі, вясельнымі, якія прыгатавалі па рэцэпце жыхаркі Ваверкі Тарэзы Юзэфаўны Ясюкайціс. Іх асаблівасць - дабаўленне ў натаркаваную бульбу яшцэ і мяснога фаршу (між іншым, я сама гатую менавіта такім чынам, але толькі цяпер даведалася, што ем і частую сваіх блізкіх вясельнымі дранікамі!).


Дарэчы, пад час гутаркі пра сябе жанчына распавяла, што раней працавала ў калгасе звеннявой і займалася вырошчваннем ільну. За самаадданую працу, высокія вынікі работы, яна ўзнагароджана медалём Выставы народнай гаспадаркі СССР. На пытанне, ці займаецца якім рамяством, адказала, што раней і вышывала, і вязала, а цяпер, на жаль, зрок не дазваляе рабіць дробную работу, але нядаўна з задавальненнем звязала дыванкі, дзяружку на канапу.


Сярод гасцей заўважыла Іну Бенкевіч, начальніка аддзела ЗАГСу Лідскага райвыканкама. Яна сюды прыехала на выхадныя да бацькоў, з вялікім задавальненнем акунулася ў фальклорны каларыт і заўважыла, што падобныя святы – гэта акенца, адкуль ідзе свежае паветра шчырасці, настальгіі па мінулым і жаданне рабіць свет лепшым. На прыканцы гутаркі дадала, што рэпартажы з падобных мнерапрыемстваў абавязкова павінны друкавацца ў “Лідскай газеце”.


У сваёй прамове старшыня сельвыканкама Аляксандр Іодка адзначыў, што такія мерапрыемствы ў Ваверцы будуць ладзіцца і надалей. Бо яны дапамагаюць адкрываць душы для шчырых пачуццяў, жыць у згодзе і ва ўзаемапавазе адзін да аднаго.

Падчас свята я падыходзіла да некаторых гасцей з пытаннем, ці займаюцца яны якім рамяством. Адказы крыху збянтэжылі. Мяркуйце самі.

Галіна Мікуліч, жыхарка Ваверкі:


- Я вельмі люблю гатаваць! Таму і выбрала прафесію повара, зараз працую ў Ваверскай бальніцы. А вось ткаць, вязаць, вышываць – не, не маё. Хоць ад мамы засталося шмат прыгожых ручнікоў. Захоўваю іх, як самую дарагую каштоўнасць.

Юлія Селевіч з маленькай дачкой Соф’яй пражываюць у Лідзе, у Ваверку прыязджаюць да бацькоў:


- Вельмі цікавае мерапрыемства! Шмат чаго новага даведалася. З задавальненнем паглядзела на вырабы нашых зямлячак, але сама, на жаль, такое рабіць не ўмею.

Падобныя адказы пачула і ад іншых маіх суразмоўцаў. Шчыра, гэта для мяне стала нават не лыжкай – апалоўнікам дзёгцю ў бочцы мёду свята рамяства. Няўжо гэта ўсё адыходзіць у нябыт?! Няўжо так і будуць перадавацца ад маці да дачкі, а потым унучкам вырабы, зробленыя руплівымі рукамі жанчын, якія адышлі ў іншы свет? Няўжо мы не пабачым навадзел?







Яскравым праменьчыкам надзеі, што яшчэ не ўсё страчана, быў пятачок на газоне пад туяй, дзе за кроснамі шчыравала Марыя Шылкоўская, майстар аддзела рамёстваў. А на працягу ўсяго часу каля яе круціліся дзеці, якія з захапленнем пазнавалі азы ткацтва. Самае цікавае, што найбольш зацікаўленымі аказаліся… хлопчыкі! Што ж, хай будзе так! Хай падрастаюць юныя ткачы і ткачыхі, якія, Бог дасць, падхопяць гэтую нематэрыяльную спадчыну сваіх прапрабабуль, пранясуць яе праз сваё жыццё і перададуць сваім дзецям і ўнукам.

А бусел, які з даху пошты ўважліва назіраў за падзеямі, якія адбываліся на плошчы, нібы запэўніваў нас, што ўсё будзе добра!


Катэгорыя "А" – гiсторыка-культурныя каштоўнасцi, поўная аўтэнтычнасць i дакладнасць якiх безумоўныя i нязменныя.

Катэгорыя "Б" – гiсторыка-культурныя каштоўнасцi, якiя поўнасцю або часткова адноўлены (зафiксаваны) на другасным матэрыяле ці аб’ектыўна з часам могуць змяняцца.



У маі бягучага года ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь ўключаны элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны “Стравы з таркаванай бульбы – дранікі, бульбяныя бліны, бабка і іншыя – традыцыі прыгатавання і ўжывання”. Яму нададзены статус катэгорыі “Б”.












Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться