20 грошаў з выявай відэльца і лыжкі. У асноўны фонд музея прыняты 45-тысячны прадмет

12 Июня 2022 1953

Не так даўно ў Лідскім гісторыка-мастацкім музеі адбылася прыемная падзея: у асноўны фонд прыняты 45-тысячны прадмет. Манету 77-га пяхотнага палка г. Ліды з надчаканкай відэльца і лыжкі наміналам у 20 грошаў перадаў навуковым супрацоўнікам мясцовы жыхар Аляксандр Рыгоравіч Кошар. У чым яе адметнасць?

– 77-ы пяхотны полк – аддзел пяхоты польскага войска ІІ Рэчы Паспалітай. Полк быў створаны 16 снежня 1918 года ў Замброве з ковенскай і жмудскай моладзі ў складзе літоўска-беларускай дывізіі. Полк меў афіцыйную назву “Полк ковенскіх стралкоў” да часу агульнай нумерацыі польскай арміі. Для падтрымкі сувязі палка з роднай зямлёй афіцэрам і радавым было дазволена насіць на нарукаўніках замест нумароў выяву мядзведзя – герб Жмудзі.

77-ы пяхотны полк стаяў у Паўночным гарадку пад Лідай, пачынаючы з 1922 года. Па даных каталогаў, яго кааператыў выкарыстоўваў боны наміналам у 5, 10, 20, 50 грошаў і 1, 2, 5 злотых. Боны гэтага палка на аверсе маюць надчаканку з выявамі аднаго або двух мядзведзяў. Таксама яны маглі быць контрмаркіраваныя лыжкай і відэльцам, сустракаюцца манеты з літарамі. У некаторых бонах спецыяльна прабіта скразная адтуліна. Бона з надчаканкай лыжкі і відэльца, меркавана, выкарыстоўвалася для аплаты паслуг у вайсковай сталовай.

Дарэчы, у фондах Лідскага гісторыка-мастацкага музея захоўваецца 7 манет 77-га пяхотнага палка. Гэта 1 злоты са скразной адтулінай, 1 злоты з выявай двух мядзведзяў, 10 грошаў з выявай аднаго мядзведзя, 20 і 50 грошаў, а таксама 10 грошаў з надчаканкай відэльца і лыжкі. І апошняе, юбілейнае паступленне – 20 грошаў з выявай відэльца і лыжкі – зойме сваё месца ў экспазіцыях установы культуры.


Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться