«ЛьВёнок» у Лідзе спявае песні дзядоў і чытае вершы ваенных гадоў

04 Мая 2022 2326

Спявай, іграй, фестывальны май! 

Амаль на ўвесь май месяц наш горад стаў сталіцай мастацтваў для самых яркіх і таленавітых дзяцей, іх педагогаў і бацькоў: у мінулую нядзелю ва ўрачыстай абстаноўцы быў адкрыты ІХ рэспубліканскі фестываль-конкурс дзіцячага мастацтва “ЛьВёнок”. Арганізатарамі гэтага буйнога культурнага форуму традыцыйна з’яўляюцца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Галоўнае ўпраўленне культуры Гродзенскага аблвыканкама, аддзел культуры Лідскага райвыканкама, Беларускі саюз музычных дзеячаў, Беларуская асацыяцыя духавых аркестраў і ансамбляў, Лідская дзіцячая школа мастацтваў (на базе апошняй і праходзіць фестываль-конкурс).



На працягу вось ужо 14 гадоў фестываль-конкурс дзіцячага мастацтва “ЛьВёнок” (Лідскі вянок) збірае ў Лідскай ДШМ самых таленавітых дзяцей і дае пачынаючым артыстам магчымасць гучна заявіць аб сабе, раскрыць свой талент. Дзевяць гадоў фестываль-конкурс праводзіцца ў статусе рэспубліканскага. У ім удзельнічаюць юныя інструменталісты і вакалісты, харэографы і тэатралы. Ён з’яўляецца свайго роду справаздачай навучэнцаў школ мастацтваў за навучальны год. Для юных дзеячаў мастацтваў “ЛьВёнок” – яскравы, незабыўны старт іх яркага творчага шляху, ён садзейнічае развіццю іх творчых здольнасцей, з’яўляецца прыступкай да новых творчых перамог. А яшчэ “ЛьВёнок” – гэта жывыя зносіны, знаёмствы, яркія эмоцыі. Ільвяня са скрыпічным басовым ключом – “герб” Ліды для ўдзельнікаў фестывалю.

На сённяшні дзень “Лідскі вянок” – адзін з найбуйнейшых дзіцячых музычных праектаў у нашай краіне. За час існавання яго ўдзельнікамі сталі 23 з паловай тысячы адораных дзяцей, ён дапамог праявіць сябе шэрагу будучых прызнаных артыстаў і выканаўцаў. 214 лаўрэатаў фестывалю-конкурсу “ЛьВёнок” адзначаныя матэрыяльнай дапамогай спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

– Па колькасці ўдзельнікаў фестываль сёлета выйшаў на дапандэмійны паказчык – у ім удзельнічае 1815 дзяцей, – гаворыць дырэктар Лідскай дзіцячай школы мастацтваў Алена Спірына. – Сёлетняя геаграфія фестывалю – усе вобласці Беларусі. Лідчына прадстаўлена практычна ўсімі школамі мастацтваў. Удзельнікі ад нашай школы мастацтваў ёсць ва ўсіх намінацыях. У сёлетнім фестывалі, як і ў папярэднім, няма ўдзельнікаў з Масквы, Санкт-Пецярбурга, Літвы, але творчыя сувязі з тамтэйшымі школамі мастацтваў у нас захаваліся, нягледзячы на пандэмію. Спадзяёмся, Х, юбілейны, “ЛьВёнок” у наступным годзе збярэ юных удзельнікаў не толькі з усёй Беларусі. Праслухоўванні канкурсантаў на гэты раз будуць праходзіць у 33 намінацыях – па колькасці намінацый конкурс ужо не разрастаецца.

У мінулую нядзелю ў вялікай зале Лідскай дзіцячай школы мастацтваў адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця ІХ рэспубліканскага фестывалю-конкурсу дзіцячага мастацтва “ЛьВёнок”. Адкрыццё фестывалю праходзіла пад знакам Года гістарычнай памяці – канцэртныя нумары ў выкананні юных харэографаў і вакалістаў Лідскай ДШМ былі на тэму Вялікай Айчыннай вайны. З прывітальнымі словамі да юных канкурсантаў, іх педагогаў і бацькоў звярнуліся намеснік старшыні Лідскага райвыканкама Генадзь Уладыка, начальнік аддзела культурна-асветніцкай работы, мастацтваў і навучальных устаноў Галоўнага ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Сяргей Давыдзік, намеснік старшыні Беларускага саюза музычных дзеячаў Наталля Вітчанка. Благаславіў удзельнікаў творчага спаборніцтва настаяцель храма Усіх Святых протаіерэй Уладзімір Яроміч. Канкурсантам жадалі яскравых выступленняў і перамог, членам журы – справядлівага судзейства, гледачам – яркіх, прыемных уражанняў.



У той жа дзень пачаліся конкурсныя праслухоўванні. Трэба адзначыць, што ўжо першы дзень фестывалю-конкурсу быў вельмі насычаным: праслухоўванні праходзілі ў пяці намінацыях (“Харэаграфічнае мастацтва”, “Народныя спевы”, “Народны фальклорны ансамбль”, “Мастацкае слова”, “Тэатральная творчасць”), на сцэнах вялікай і малой залаў школы мастацтваў выступілі каля 800 дзяцей, 79 творчых калектываў. Гледачы мелі магчымасць дакрануцца да беларускай народнай культуры, паслухаць песні нашых дзядуль і бабуль у выкананні падрастаючага пакалення, а таксама, у намінацыі “Мастацкае слова”, вершы ваенных гадоў, што так актуальна ў Год гістарычнай памяці.


Фестываль-конкурс “ЛьВёнок” будзе праходзіць кожныя выхадныя бягучага месяца, па 29 мая ўключна. Да канца месяца найлепшыя юныя артысты з усёй рэспублікі будуць дэманстраваць свае ўменні ў розных намінацыях і ўзроставых катэгорыях. Ацэньваць іх уменні будзе кампетэнтнае журы, у склад якога ўваходзяць заслужаныя артысты, музычныя дзеячы, прафесары, дацэнты (ужо ў першы дзень фестывалю-конкурсу ў ліку членаў журы былі ажно тры заслужаныя артысты). Падтрымаць юныя дараванні можа кожны жадаючы – уваход на ўсе канцэртныя праграмы вольны.

Прыйдзіце, акуніцеся ў свет дзіцячага мастацтва і атрымайце асалоду!

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться