Слой, гляк, макітра. Аб чым раскажуць гліняныя рарытэты Лідчыны?

20 Января 2022 2762

У Лідскім гісторыка-мастацкім музеі крок за крокам збіраецца незвычайная калекцыя глінянага посуду – каштоўная спадчына нашых продкаў, якая адлюстроўвае гісторыю ганчарнага промыслу на тэрыторыі Лідскага раёна.

Кожны з рарытэтаў па-свойму ўнікальны. Пакуль налічваецца каля 50 экспанатаў. Гэта вельмі стары посуд, які даўно выйшаў з паўсядзённага ўжытку. Але глянуўшы на яго, немагчыма адвесці вачэй ад гэтых вытанчаных формаў. Чаму гліняны посуд такі прывабны? У чым сакрэт яго прыцягнення?

– Вазьміце ў рукі гаршчочак, патрымайце. Што вы адчуваеце? – задаецца пытаннем навуковы супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага музея Ірэна Клімовіч. – Канешне, цяпло, нейкія зусім нечаканыя прыемныя адчуванні, стан камфорту і ўтульнасці. Па маім меркаванні, уся справа – у гліне і ўнікальных уласцівасцях гэтага прыроднага матэрыялу. А яшчэ – ва ўсведамленні часу, даўніны. Калі звярнуцца да гісторыі, то ганчарнае рамяство ў нашай краіне дасягнула росквіту ў XVI-XVIII стагоддзях. Але з цягам часу яно становіцца пераважна сельскім, інакш кажучы, народным мастацкім промыслам. Адсюль, я ўпэўнена, такія энергія, цяпло! У многіх вёсках Панямоння ў канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. працавалі адзін-два ганчары, што абслугоўвалі патрэбы аднавяскоўцаў і бліжэйшага наваколля. Цэнтры ганчарства размяркоўваліся ў Гродне, Дзярэчыне, Жалудку, Лідзе, па суседстве – у вёсках Морына і Крывічы Іўеўскага раёна – і далей. У Заходняй Беларусі перад вайной ганчарствам займаліся індывідуальна, выраблялі пераважна гаспадарчы посуд простых формаў. Пасля вайны ў ганчарных асяродках былі створаны арцелі, якія ў 1950-я гады закрылі, а ў 1960-х гадах на іх базе стварылі дзяржаўныя прадпрыемствы.

Слой (ад слова “слоік”) – самы вялікі экспанат калекцыі. Ужываўся для засолкі агуркоў, яблыкаў, іншай агародніны і садавіны

Сыравінай для ганчарства з'яўлялася гліна, з якой спосабам працяглай пластычнай апрацоўкі рыхтавалі фармовачную масу. Вылепленыя ўручную або сфармаваныя на ганчарным крузе вырабы сушылі і абпальвалі ў печы на працягу паўсутак. Упрыгожвалі гліняны посуд досыць сціпла: прамымі і хвалістымі лініямі (паяскамі), кропкамі, рысачкамі, радзей – кветкамі. Адзін з прыкладаў – гаршчок, аздоблены вадкім растворам тонка змолатай глiны iншага колеру. Называлася такая размалёўка ангобнай. Канцэнтрычныя кольцы, прамыя і хвалістыя паяскі, разеткі, раслінны ўзор, кропкі наносілі пэндзлем ці ражком (каровін рог з дзіркай на канцы) у працэсе вытворчасці посуду на ганчарным крузе.

Вось і навуковы супрацоўнік музея з гонарам паказвае збан з ангобным малюнкам. Сярод кветак і лісткоў ёсць лічба 4. Верагодна, майстар указаў аб'ём посуду. Сам ганчарны выраб прыцягвае ўвагу сваёй формай. Мала дзе ўбачыш у збаноў ручку зверху!

Форма простая, фарбы – натуральныя

Гаршкі, збанкі, гладышы, слоікі, макітры, глякі… Увесь посуд нашых продкаў адрозніваўся простай формай, яркім натуральным колерам чарапка. У ім трымалі прадукты, гатавалі ежу, падавалі на стол, насілі абед у поле. Менавіта таму кожны гаршчок напаўняўся пахам таго прадукту, для якога ён быў прызначаны. Першапачаткова ганчары не карысталіся глазурай, над вырабамі “працавалі”, як казалі нашы продкі, тры стыхіі: Зямля, Вада, Паветра.

Гляк для пераносу вады, квасу, малака, алею. У маленькіх гляках захоўвалі топленае масла

У народным побыце жыхароў лідскага краю посуд сапраўды меў рознае прызначэнне. Напрыклад, збан (гладыш, гарлач) – посуд, у якім трымалі малако. Посуд цыліндрычнай формы – слоік (слоікам у пасляваенны час у Беларусі называлі разнавіднасць шклянога посуду). Шырокае горла глінянага слоя выраблялі з прамымі (пад накрыўку) ці расхіленымі (каб завязаць паперай або тканінай) беражкамі. Аб’ём гэтага посуду мог дасягаць 20 літраў, а вышыня – паўметра. У вялікіх слоях салілі агуркі, грыбы, капусту, мачылі яблыкі. У сярэдніх і маленькіх захоўвалі мёд, тлушч, смятану, варэнне і іншыя прадукты. Выраблялі слаі паліваныя, часам з ангобнай размалёўкай. Дарэчы, у музеі – паліваныя і іншыя.

– Гаршкі для падрыхтоўкі ежы ў печы мелі шарападобную форму. Для алею, квасу, вады прызначаўся посуд з вузкім горлам, шарападобнай формы і з адной ручкай. І называўся ён гляк, – гаворыць спецыяліст. – Два невялікіх гаршкі, злепленыя разам, з дугападобнай ручкай пасярэдзіне ўяўлялі сабой дваяшку (спарыш), у якой насілі абед жнеям або касцам у полі. Але такога экспаната ў музеі пакуль няма. А вось глякі, збаны з вузкай гарлавінай, прызначаліся для захоўвання і транспарціроўкі прадуктаў (у першую чаргу вадкасцей: вады, віна, расліннага алею і г. д.). Іх галоўнай асаблівасцю з'яўлялася тое, што ў гарлавіну можна было лёгка ўставіць затычку. Менавіта таму гляк зручна было браць з сабой у дарогу, у поле ці на сенакос. Яшчэ адзін унікальны прадмет – макітра – служыў для расцірання маку. Адсюль і назва. А вось самы распаўсюджаны посуд у калекцыі – гэта збан. Характэрнай яго асаблівасцю з'яўляецца высокае, даволі шырокае горла, якое плаўна пераходзіць у круглявае тулава. Форма горла, яго дыяметр і вышыня разлічаныя на абхват рукой. Лічылася, што малако ў такім посудзе даўжэй захоўвае сваю свежасць, а пры пракісанні дае тоўсты пласт смятаны, які зручна здымаць лыжкай.

Самым распаўсюджаным на Лідчыне лічыўся звычайны гліняны посуд, які, у залежнасці ад гатунку гліны, мог быць або зусім светлым, або чырвоным. Некаторыя віды такога посуду палівалі, пакрывалі свінцовым парашком, які пасля абпалу ўтвараў бліскучую паверхню. У залежнасці ад прымешак, прадметы быту маглі мець зялёную, рыжую або карычневую афарбоўку.

Самы стары экспанат – чорны гаршчок. Гэта пасудзіна для гатавання гарачых страў

– Цікавы ў нашай калекцыі – гэта чорны задымлены посуд. Такі эфект атрымліваўся за кошт таго, што вырабы ганчар абпальваў у наглуха закрытай печы без доступу кіслароду, – заўважыла мая суразмоўніца. – У выніку ўзаемадзеяння вокісу вугляроду (угарнага газу) са злучэннямі жалеза посуд набываў чорны колер. Адсюль і назва.

Бязмежная фантазія народная

Посуд у музеі можна не толькі ўбачыць, але і патрымаць у руках. Дарэчы, не менш цікава даведацца і пра гісторыю стварэння некаторых формаў. Чаму яны такія пышныя, а ў некаторых выпадках грацыёзныя, расказала Ірэна Антонаўна:

– Каб надаць магічную сілу посуду, яго атаясамлівалі з жывой істотай – чалавекам, – даючы адпаведныя назвы дэталям: носік, шыйка (горлачка), бакі, ручкі (вушкі). Гліняны посуд меў самыя разнастайныя формы: з шырока раздзьмутымі бакамі, з шырокім горлам, з адной ручкай або дзвюма.

Сёння музейная калекцыя глінянага посуду паступова шырыцца не без дапамогі мясцовых жыхароў, паказваючы народнае мастацтва ва ўсёй яго разнастайнасці і як своеасаблівую крыніцу духоўнасці і ведаў нашых продкаў. У цяперашні час большасць гаршкоў ужо не выкарыстоўваецца непасрэдна па прызначэнні, але іх формы сталі асновай для стварэння вырабаў з асаблівай эстэтычнай напоўненасцю. Іх можна ўбачыць у мясцовым аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры. Здзіўляцца тут не прыходзіцца. На многія пытанні адказ дае фальклор. «Зляпі мне шчасце», – папрасіў чалавек Бога. Але Бог нічога не адказаў і толькі паклаў чалавеку ў далонь кавалачак гліны.

– Усе даследаванні і разгадкі яшчэ наперадзе, – у канцы размовы адзначыла Ірэна Клімовіч. – Спадзяюся, што вынікам даследаванняў навуковых супрацоўнікаў нашай установы ў 2022 годзе стане выстаўка глінянага посуду. А пакуль што невялікая колькасць унікальных экспанатаў красуецца ў «бабіным куце», нашай пастаяннай экспазіцыі. Усе яны фарміруюць уяўленне наведвальнікаў аб форме, памеры, колеры прыроднага цуда-матэрыялу – гліны. 

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться