Гуды гудзелі! У Лідскім раёне адзначылі свята бульбы

13 Октября 2021 1663

Аграгарадок Гуды гудзеў у прамым сэнсе – тут адзначалі свята бульбы.  

– Ці каштавалі вы калі-небудзь бульбу “ў дэпрэсіі”? – пытаецца вядучая.

– Не-е-е, – адмоўна махаюць галовамі прысутныя.

– Як гэта, даражэнькія, не каштавалі? А бульбяное пюрэ? Гэта тая ж бульба, але ве-е-льмі “прыгнечаная”.

Вяскоўцы заходзяцца ад смеху.  Жарты, песні, спаборніцтвы – і ўсё на “бульбяную” тэму. У мінулую нядзелю аграгарадок Гуды гудзеў у прамым сэнсе – тут адзначалі свята бульбы.

– Люблю бываць на такіх мерапрыемствах: яны заўжды вясёлыя, душэўныя, шчодрыя на эмоцыі, – дзеліцца са мной Вольга Станкуць. – Я жыву ў вёсцы Дуброўня, але Гуды – мая радзіма, тут я нарадзілася, тут засталася мая матуля. Сёння мы з дачкой завіталі да яе ў госці, а заадно – і на свята бульбы. Цудоўна бавілі час!

«Каларадскія жукі» супраць «Бульбачкі»

Як толькі жываты гледачоў троху адпусціла ад смеху, вядучыя зноў распачалі іх весяліць. На гэты раз жартоўнымі спаборніцтвамі. Добраахвотнікаў сабралі ў дзве каманды: мужчынскую (пад недвухсэнсоўнай назвай “Каларадскія жукі”)  і жаночую (пад ласкавай назвай “Бульбачкі”). Гульцам прапанавалася прайсці ўсе этапы на шляху да атрымання ўраджаю: ад пасадкі, праполкі і баранавання бульбы да яе капання і ўзважвання. З якой самаадданасцю змагаліся паміж сабой каманды! Не шкадавалі ні абутку, ні сіл, ні голасу.Перамагло, зразумела, сяброўства.

Тут і «лель», і «скарб», і «авацыя»

Нездарма кажуць, што бульба – гэта другі хлеб для беларусаў. Колькі розных страў можна з яе прыгатаваць, іншаземец і ўявіць сабе не зможа. А мы, бульбашы, ведаем, можам і практыкуем! Стол, які Таццяна Рубава падрыхтавала спецыяльна для гэтага свята, ламіўся ад прысмакаў. На маё пытанне, колькі часу ёй спатрэбілася на такі кулінарны подзвіг (іншымі словамі і назваць нельга), сціпла адказала: “Усяго вечар”.

– Бульба ў гаршках, бульбяны пірог с грыбамі, бульба вараная, печаная з цыбуляй, модная сёння фры, – паказваючы на стравы, пералічвае гаспадыня. – Адных дранікаў аж тры віды: вялікія са шкваркамі, малыя з мясам і нават з творагам.

А чаму б не ласавацца любімымі стравамі хоць кожны дзень, калі бульбы ў жыхароў нашага краю заўжды ў дастатку? Аграгарадок Гуды ўваходзіць у склад РСУП «Саўгас “Лідскі”», якое славіцца ў раёне бульбянымі палямі. Кожны год тут збіраюць багаты ўраджай другога хлеба. Вырошчваюць пяць гатункаў бульбы: “лель”, “нара”, “маніфест”, “скарб” і “авацыя”. Усе яны былі прадстаўленыя на імправізаванай выставе.

Уся справа ў кісялі

І хаця вясковае свята не мела такога грандыёзнага размаху, як, напрыклад, гарадскія мерапрыемствы, падзівіцца тут усё роўна было чаму. Напрыклад, дзяўчына, апранутая ў арыгінальны касцюм, частавала нейкім ружовым напоем. Што гэта за персанаж, я здагадалася не адразу.

– Міс Восень? – цікаўлюся я.

 – Не!

– Віноўніца свята – бульбачка?

– Не!

– Ды гэта ж кісель! – падказваюць мне побач дзеці.

Сапраўды, пра кісель, любімы напой беларусаў (які гатуюць, дарэчы, з бульбянога крухмалу), я і забылася. Гарачы, салодкі, з водарам журавін – ідэальны напой для таго, каб сагрэцца восеньскім вечарам! Гэта вам не заморскі глінтвейн…

«Бульба сёння, бульба ўчора, а без бульбы проста гора»

Гэтыя радкі з песні падпявалі ўсёй вёскай. Трэба адзначыць, што без творчых калектываў, якія выступалі ў той дзень, свята не атрымалася б. Музычныя падарункі падрыхтавалі народны хор «Скарбніца» ААТ «Завод “Оптык”», сямейны ансамбль Парфенчыкаў Бердаўскага Цэнтра культуры і вольнага часу, а таксама спевакі Дзітвянскага, Дварышчанскага, Ганчарскага, Першамайскага  Дамоў культуры.

Страва ад шэф-повара

Такое лагоднае выдалася ў той дзень надвор'е, што адзначаць свята бульбы можна было аж да ночы. Але чамусьці думкі былі ўжо аб іншым. Справа ў тым, что ў казане заканчвала тушыцца бульба па-паляўнічы – фірменная страва арганізатараў мерапрыемства. Нарэшце, шэф-повар запрасіў да стала. Пачаставацца стравай, водар якой разышоўся па ўсёй ваколіцы, пашчасціла і мне. Здаецца, інгрэдыенты вельмі простыя, але атрымаўся сапраўдны кулінарны шэдэўр (для паважаных чытачоў нават даведалася аб рэцэпце). Вярталася дадому сытая і задаволеная. Свята бульбы – якраз той выпадак, калі можна папрацаваць і за ежу!

Рэцэпт бульбы па-паляўнічы ў казане

Бульбу пачысціць, памыць і парэзаць брусочкамі. Падсмажыць яе ў казане на посным алеі з дабаўленнем солі і размарыну. Бульбу часова перакласці ў іншы посуд, а  ў казане на тым жа алеі абсмажыць яшчэ моркву і цыбулю, нашынкаваную кольцамі. Калі агародніна гатовая, дабавіць туды два зубчыкі часнаку і некалькі лыжак аджыкі, а затым каўбаскі па-паляўнічы. Даць пратушыцца. Затым да гэтых інгрэдыентаў адправіць і падсмажаную бульбачку. Зверху пасыпаць зелянінай і накрыць накрыўкай, каб страва трохі патамілася. Смачна есці!

Для прыгатавання спатрэбяцца:

1. Бульба.

2. Каўбаскі па-паляўнічы.

3. Дзве лыжкі аджыкі.

4. Морква.

5. Цыбуля.

6. Два зубчыкі часнаку.

7. Соль.

8. Спецыі.

9. Размарын.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться