Калі спявае хто на роднай мове, гучыць і льецца песня ў душы

16 Августа 2021 1785

У мінулую нядзелю ў аграгарадку Мажэйкава адбыўся адкрыты рэгіянальны фестываль песеннага фальклору памяці Земавіта Фядэцкага “Цёплыя вечары ды халодныя ранкі”.

І не толькі даніна павагі

Гэта ўжо трэці такі фестываль па ліку. Арганізатарам яго з’яўляецца ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”. А праходзіць мерапрыемства на базе філіяла “Мажэйкаўскі Дом культуры” – і не дарэмна. Справа ў тым, што Земавіт Фядэцкі нарадзіўся ў 1923 года ў маёнтку Лебяда, непадалёк ад Мажэйкава. Тут правёў дзяцінства. У 1942-1943 гадах Земавіт Фядэцкі жыў у вёсцы Феліксава. І цяжкія часіны вайны не перашкодзілі яму, акрамя другіх спраў, яшчэ і запісваць у сшытак мясцовыя песні. Амаль праз 50 гадоў слынны ўраджэнец нашай мясцовасці апрацаваў сабраны матэрыял і выдаў зборнікам пад назвай “Цёплыя вечары... ды халодныя ранкі”. У 2017 годзе было вырашана аддаць даніну павагі чалавеку, які ўсё жыццё, дзе б ні жыў, любіў Беларусь і сваю малую радзіму: на Лідчыне па ініцыятыве рэдактара газеты “Наша слова” Станіслава Судніка і ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці” быў заснаваны адкрыты рэгіянальны фестываль песеннага фальклору памяці Земавіта Фядэцкага.

Сёлетні фестываль меў свае асаблівасці. Іх адзначыў для сябе журналіст “Лідскай газеты”.

Доўгі час зборнік Земавіта Фядэцкага лічыўся адзіным зборнікам лідскага песеннага фальклору. Аднак у 2018 годзе была знойдзена інфармацыя пра тое, што Алена Іваноўская, род якой звязаны з нашай мясцовасцю, запісала ў ваколіцах вёскі Лябёдка недзе ў перыяд паміж 1905 і 1912 гадамі вялікую колькасць беларускіх народных песень. Таму прысутныя на мерапрыемстве маглі пазнаёміцца не толькі з песенным зборнікам “Цёплыя вечары... ды халодныя ранкі”, але і са зборнікам “Закуй, закуй, зязюленька рана” складальніцы Алены Іваноўскай.

Праходзіла імпрэза на адкрытай пляцоўцы ў цэнтры аграгарадка. Антураж стваралі будынкі, якія маюць сваю гісторыю, і прадуманае да драбніц абсталяванне сцэны і акаляючага інтэр’еру.

Удзел у фестывалі прымалі не толькі прадстаўнікі са ўсёй Лідчыны, Спецыяльным госцем мерапрыемства стаў заслужаны фальклорны аматарскі калектыў “Гасцінец” Ракаўскага цэнтра народнай творчасці Валожынскага раёна, які парадаваў сваёй праграмай.

Прысутныя на фестывалі змаглі атрымаць асалоду ад фальклорных твораў і стаць сведкамі конкурсу, які праходзіў у рамках мерапрыемства. А журы, у склад якога ўвайшлі начальнік аддзела культуры Лідскага райвыканкама Наталля Леўшунова, дырэктар ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці” Вольга Троцкая, рэдактар газеты “Наша слова”, часопіса “Лідскі летапісец” Станіслаў Суднік, вядучы метадыст па народных промыслах дзяржаўнай установы культуры “Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці” Андрэй Пятрук, в. а. старшыні Мажэйкаўскага сельскага Савета Аляксей Гайко, дало ацэнку выканаўцам.

Як і марыў слынны зямляк

Гартаючы кніжку песень, сабраных Земавітам Фядэцкім, звяртаеш увагу на яго адозву да чытачоў.

“Я надта добра ведаю, што я звычайны аматар, але беларуская песня мне таксама дарагая і блізкая, як і вялікаму вучонаму... Гэта кніга для людзей і для сябе. Я хачу верыць, ... што новае пакаленне зачне больш, чым раней, цікавіцца песнямі сваёй Бацькаўшчыны. І, можа, пойдзе на пошукі слаўнага сяла Феліксава. Вось кірунак – Лідчына, каля Жалудка”, – піша складальнік.

Вера Земавіта Фядэцкага спраўдзілася і памножылася, а думкі аказаліся прароцкімі.

Па-першае, з кім бы ні давялося гутарыць журналісту “Лідскай газеты” (ад членаў журы да гаспадароў свята), усе аднадушна сцвярджалі, што фальклорны фестываль памяці Земавіта Фядэцкага стаў брэндам Лідчыны. Гэта адзінае падобнага роду мерапрыемства ў раёне. Адрас, як і марыў слынны зямляк, – мажэйкаўская зямля. Зусім побач з аграгарадком – цэнтрам фестывалю – размешчаны вёскі Феліксава і Лебяда.

Па-другое, пакаленні, якія прыйшлі за пакаленнем Фядэцкага, не згубілі цікаўнасць да песеннага скарбу сваіх продкаў, а памнажаюць яго. Вось што апавядалі журналісту ўдзельнікі фестывалю.

– На мерапрыемства ў Мажэйкава прыехалі з песняй “У нашай хаце свадзьба будзе”, – казалі загадчык філіяла “Пескаўскі Дом культуры” Сяргей Барысевіч і культарганізатар Галіна Сафонава. – Гэтую песню спявала жыхарка вёскі Панямонцы. Яе перанялі мы, маладзейшыя. як і наогул рэпертуар, які занатавалі, існаваўшага да нядаўняга часу ў Панямонцах аматарскага аб’яднання “Суседзі”. Сабралі мы не толькі песні – маем запас дыялектных слоў мясцовай гаворкі.

– Удзельнічаем у фестывалі ўжо трэці раз. Такія мерапрыемствы блізкія нам. На сёлетні фестываль наша аматарскае аб’яднанне “Ульяніца” прывезла песню “Ой, аралі хлопцы ніву”, якую перадалі нам у спадчыну жыхары вёскі Масявічы, – падкрэсліла загадчыца філіяла “Ганчарскі Дом культуры” Ганна Булай. – У нашай установе культуры існуе фальклорная гасцёўня, створаны музей. Наш дэвіз: “Няма большага дастатку, чым зберагчы тое, што маем”

– А мы прадстаўляем філіял “Гудскі цэнтр творчасці і вольнага часу”, – адзначалі самыя юныя ўдзельніцы конкурсу Дар’я Валчок, Насця Сухоева, Эвеліна Бальцэвіч. – Разам з Вольгай Віктараўнай Бальцэвіч развучылі песню “Туман, туман...” са зборніка Алены Іваноўскай. У нашага гурта розны рэпертуар, больш сучасныя творы, але мы не забываем пра тыя песні, якія спявалі нашы прабабулі, і выконваем іх з задавальненнем. І ведаеце чаму? Кожная з іх жывая, напоўненая глыбокім сэнсам.

– Нам амаль па 70 гадоў, аднак мы першы раз выступаем на такім значным мерапрыемстве, – прызнаваліся Аляксандра Філіпава, Данута Жыдзіс, Зінаіда Кавалеўская з вёскі Навіцкія-2. – Пра фестываль нам расказала кіраўнік Мінойтаўскага цэнтра культуры і вольнага часу, прапанавала падрыхтавацца і прыняць удзел. А нам і рыхтавацца не трэба. Як гаворыцца, спеліся. Ды і рэпертуар ёсць. Выбралі песню “У канцы грэблі шумяць вербы…”. Яна вельмі даўнішняя, ад мамы перайшла да адной з нас – Аляксандры Міхайлаўны Філіпавай.

– Родам я з гэтай мясцовасці, а жыву ў Крупаве. Ну як было не прыехаць на такі прыгожы і патрэбны нашым жыхарам фестываль? – зазначае ў размове Ірына Кудаш. – Песню “Чырвона ружа”, якую прапанавала слухачам, спявала мая бабуля Эмілія, затым мама Гэлена, цяпер я, ведаюць яе і мае дочкі.

– Мы ганарымся, што ў нас быў такі знакаміты зямляк, што адкрыты рэгіянальны фестываль песеннага фальклору праходзіць менавіта ў нашым аграгарадку, – кажа загадчыца філіяла “Мажэйкаўскі Дом культуры” Аксана Жукава. – Наша вакальная група з задавальненнем уключае ў рэпертуар тыя творы, якія сабраў Земавіт Фядэцкі. Дарэчы, вучым іх не са зборніка, хаця ў ім ёсць і ноты. Гэтыя песні перададзеныя нам нашымі бабулямі.

Ёсць і трэці момант, які заўважыў Земавіт Фядэцкі: у Мажэйкаве цёплыя вечары. Аднак да гэтага хочацца дадаць: тут і вельмі цёплыя імпрэзы. Менавіта такая атмасфера стваралася на фестывалі ад пачутага – свайго, роднага.

Песенны скарб трымаюць наймацней

Вам цікава ведаць, хто стаў пераможцам конкурсу, які праходзіў у рамках фестывалю?

Лаўрэатамі трэцяй ступені сталі Інэса Парфенчык з аграгарадка Бердаўка і фальклорнае аматарскае аб’яднанне “Ульяніца” філіяла “Ганчарскі Дом культуры”. Другое месца журы прысудзіла Івану Каралю з аграгарадка Ваверка і Дзмітрыю Сакалову з пасёлка Першамайскі. А пераможцамі конкурсу былі названыя жаночы фальклорны гурт філіяла “Мажэйкаўскі Дом культуры” і носьбіты песеннай фальклорнай творчасці з вёскі Навіцкія-2 Аляксандра Філіпава, Данута Жыдзіс і Зінаіда Кавалеўская.















Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться