У Доме Таўлая адкрылася выстаўка карцін мінскага мастака Васіля Зянько. Гэта выстава адаптавана для людзей з праблемамі зроку

10 Августа 2021 1112


Падобнай выстаўкі ў Лідзе яшчэ не было! Днямі ў Доме Валянціна Таўлая Лідскага гісторыка-мастацкага музея адкрылася выстаўка “Паэзія кропак… Разанаў, Таўлай” у рамках інклюзіўнага арт-праекта “Паэзія кропак…” мінскага мастака-манументаліста, старшыні секцыі манументальнага мастацтва Беларускага саюза мастакоў Васіля Зянько. У дадзеным праекце ўзаемадзейнічаюць, спалучаюцца, утвараюць сімбіёз жывапіс і літаратура. На выстаўцы прадстаўлены арыгінальныя тактыльныя карціны, выкананыя ва ўнікальнай тэхніцы і даступныя для ўспрымання людзям з парушэннямі зроку. У мастацкіх работах закладзеныя тэксты беларускіх паэтаў Алеся Разанава і Валянціна Таўлая, перакладзеныя на шрыфт Брайля (у выглядзе фактурна выстаўленых кропак). Людзі са слабым зрокам і невідушчыя змогуць стаць наведвальнікамі гэтай выстаўкі і “глядзець” карціны рукамі (у адрозненне ад іншых выставак, тут карціны можна чапаць).

Ідэя праекта “Паэзія кропак…” узнікла ў Васіля Зянько два гады назад, калі да супрацоўнікаў Нацыянальнага мастацкага музея прыехалі калегі са Швецыі і вучылі іх працаваць з інвалідамі па зроку, якія таксама прагнуць сустрэч з мастацтвам. Васіля тады запрасілі ў музей, у творчую лабараторыю, ведаючы, што ён як мастак працуе ў рэльефнай, кантактнай тэхніцы і яго работы могуць “чытацца” невідушчымі людзьмі.

– Але спачатку я вырашыў праверыць, ці так гэта, у Мінскай школе для невідушчых, – расказвае мастак. – Настаўніца музыкі гэтай школы Марыя Рудко, сама інвалід па зроку, змагла “прачытаць” рукамі маю рэльефную карціну “Сланечнікі”, і тады я згадзіўся выставіць гэтую карціну ў творчай лабараторыі Нацыянальнага мастацкага музея. Потым я стварыў серыю работ, разлічаных на людзей з праблемамі зроку. Гэтыя работы былі створаныя па вершах Алеся Разанава і паклалі пачатак праекту “Паэзія кропак…”. Паўгода яны выстаўляліся ў тым жа Нацыянальным мастацкім музеі і аказаліся запатрабаваныя наведвальнікамі з парушэннямі зроку, вельмі добра імі ўспрымаліся. За два гады праект быў прадэманстраваны не толькі ў сталіцы, але і ў Бярозе (на малой радзіме Алеся Разанава), Ашмянах. Цяпер вось завітаў у Ліду. У планах – наведаць з карцінамі Гродна, Магілёў, а ў больш аддаленай перспектыве – і некаторыя гарады замежжа.

– А да нас у Ліду, – дадае куратар Дома Таўлая Алесь Хітрун, – Васіля запрасіла захавальнік фондаў нашага гісторыка-мастацкага музея Надзея Хартонік, якая пазнаёмілася з ім у снежні мінулага года, у час праходжання курсаў па павышэнні кваліфікацыі, у Музеі Максіма Багдановіча, дзе на той момант выстаўляліся яго карціны па вершах Багдановіча (дарэчы, таксама ў рамках праекта “Паэзія кропак…”). Спецыяльна для Ліды мастак стварыў рэльефную карціну “Верабейкі” – па аднайменным вершы Валянціна Таўлая, прычым гэта быў першы верш паэта і напісаны ён быў у Лідзе. Гэтая карціна будзе захоўвацца ў нашым Доме Таўлая. Знакавыя для Ліды “Верабейкі” тут упершыню перакладзеныя на шрыфт Брайля і на мову карцін.

Выстаўка “Паэзія кропак… Разанаў, Таўлай” праходзіць у рамках яшчэ аднаго праекта – “Перадай дабро па крузе”, сумеснага праекта Дома Таўлая і аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў горада Ліды. На адкрыццё выстаўкі былі запрошаныя наведвальнікі аддзялення, а таксама члены Лідскай раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў па зроку. Увазе наведвальнікаў прадстаўлена восем карцін: сем – па вершах Алеся Разанава, адна – вышэйзгаданыя “Верабейкі” – па вершы Валянціна Таўлая.

– Свой праект “Паэзія кропак…” я думаў пачаць з японскіх хоку, – гаворыць Васіль Зянько, – але пачаў з так званых “пункціраў” Алеся Разанава – “беларускіх хоку”. З творчасцю Разанава, паэта-філосафа, я знаёмы з юнацкага ўзросту. Гэты паэт блізкі мне па духу, яго “пункціры” вельмі ўдала кладуцца на мой праект для невідушчых людзей. Гэта маленькія творы, з двух-трох радкоў, яны лёгка чытаюцца такімі людзьмі і выклікаюць у іх уяўленні яркія вобразы (як, дарэчы, і японскія хоку). Я выбраў сем “пункціраў” Разанава – лірычных мініяцюр – і з дазвалення паэта стварыў сем карцін, на якіх, акрамя саміх вобразаў, знайшлося месца вершаваным радкам, нанесеным шрыфтам Брайля ў верхнім левым кутку кожнага палатна. Дапамогу ў гэтай нялёгкай справе мне аказвала тая самая Марыя Рудко з Мінскай школы для невідушчых. Да “разанаўскіх” карцін зроблены аўдыягід, які аблягчае знаёмства з імі людзям з праблемамі зроку.

Чалавек са слабым зрокам або невідушчы, знаёмячыся з гэтымі арыгінальнымі тактыльнымі карцінамі, можа спачатку прачытаць верш, а потым кончыкамі пальцаў “счытаць” яго мастацкае ўвасабленне ў аб’ёмных контурах. Такім чынам, музейны стэрэатып “Не чапайце карціны!” на гэтай выстаўцы ламаецца. Чапаць карціны – “чытаць” іх рукамі – тут, наадварот, трэба, для таго яны і выстаўленыя. Наведвальнік выстаўкі ў літаральным сэнсе дакранаецца да жывапісу і літаратуры, разівае сваё вобразнае мысленне, “бачыць” квітнеючую вішню, асу на грушы, матылька на кусце бэзу, васілёк у жыце… “Бачыць” і таўлаеўскіх верабейкаў. “Мастацтва павінна быць даступным”, – упэўнены аўтар карцін Васіль Зянько. Першыя наведвальнікі новай выстаўкі ў Доме Таўлая назвалі прадстаўленыя работы кранальнымі, лірычнымі, якраз адпавядаючымі па вобразах жніўню – месяцу, у які дзейнічае выстаўка (а дзейнічаць яна будзе да 5 верасня).

У знак падзякі за папулярызацыю творчасці Валянціна Таўлая, за стварэнне арыгінальных жывапісных работ Васілю Зянько ў дзень адкрыцця выстаўкі ад Лідскага гісторыка-мастацкага музея былі ўручаны Падзячны ліст і кніга пра Валянціна Таўлая “Этапы жыццёвых дарог”.

P. S. Трохкроп’е ў назве праекта “Паэзія кропак…” падразумявае, што ў праекта будзе працяг. Магчыма, аўтар праекта ўсё ж такі звернецца да японскай паэзіі, а таксама да рускай паэзіі сярэбранага веку. Дарэчы, у Лідскім замку мастак плануе выставіць у наступным годзе яшчэ адзін свой праект у рэльефнай тэхніцы – “Страчаныя помнікі архітэктуры”. Так што з неардынарным мастаком з Мінска лідчане яшчэ сустрэнуцца.


















Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться