Старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Людміла Кебіч: «Будзем сустракацца і ў далейшым»
У рамках чарговага пасяджэння літаратурнага аб’яднання “Суквецце” пры рэдакцыі “Лідскай газеты”, якое праходзіла ў канферэнц-зале раённай бібліятэкі, адбылася сустрэча членаў літаб’яднання з дэлегацыяй пісьменнікаў з Гродна.
Гэта старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Людміла Кебіч, намеснік старшыні Дзмітрый Радзівончык, дзіцячая пісьменніца Ганна Скаржынская-Савіцкая. Пісьменнікі пазнаёмілі членаў “Суквецця” са сваёй творчасцю, са сваімі новымі кнігамі, якія выйшлі ў 2020-2021 гадах.
Нягледзячы на пандэмію каранавіруса, гэтыя гады аказаліся плённымі для пісьменнікаў Гродзеншчыны. Толькі за паўгода выйшла 19 аўтарскіх кніг членаў Гродзенскага абласнога аддзялення СПБ. Сустрэч з чытачамі ў гэты перыяд было меней, але з вясны бягучага года яны сталі праводзіцца часцей.
Яшчэ ў 2019 годзе ўбачыла свет кніга вершаў Людмілы Кебіч “Бэзавы дом”, у якую ўвайшлі вершы пераважна аб радзіме, малой і вялікай, аб горадзе Гродне, аб дзяцінстве паэтэсы. У другую прадстаўленую Людмілай Антонаўнай кнігу ўвайшлі такія вершаваныя формы, як трыялеты, тэрцыны, рандэлі. Азнаёміла паэтэса і з дзвюма сваімі новымі кнігамі для дзяцей: “У Марьяны сто фантазий” і “Про Алешку”.
Дзмітрый Радзівончык расказаў аб сваёй паэтычнай кнізе “Река безбрежная”, якую лічыць вяршыняй сваёй творчасці, а таксама аб кнізе крытычных артыкулаў “Навстречу попутному ветру”. Ганна Скаржынская-Савіцкая азнаёміла са сваімі новымі кнігамі для дзяцей: “Маме я несу букетик”, “А ў нас зорны час” (у гэтай кнізе ў даступнай і цікавай дзецям форме тлумачацца многія беларускія фразеалагізмы), “Сёма і адзінка”. Дарэчы, ілюстрацыі да сваіх кніг Ганна Іосіфаўна малюе сама.
Адзін экзэмпляр кнігі Дзмітрыя Радзівончыка “Навстречу попутному ветру” і 6-ы нумар літаратурнага альманаха “На нёманскай хвалі” былі падораны гасцямі з Гродна лідскаму літаратурнаму аб’яднанню на памяць аб сустрэчы. Прадстаўленыя кнігі пісьменнікаў у час сустрэчы лідскія паэты маглі набыць, і многія скарысталіся гэтай магчымасцю (хтосьці набыў нават некалькі кніг). Выкарысталі паэты Лідчыны і магчымасць пачытаць свае вершы гасцям з абласнога цэнтра, на месцы атрымаць кансультацыю ад прафесійных творцаў.
Гродзенскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі і літаб’яднанне “Суквецце” будуць працягваць супрацоўнічаць, і сустрэчы прадстаўнікоў аддзялення з паэтамі Лідчыны будуць перыядычна ладзіцца і ў далейшым. Госці заклікалі лідскіх творцаў наведваць сайт СПБ, удзельнічаць у творчых конкурсах і праектах грамадскага аб’яднання, па магчымасці прыязджаць у Гродна на творчыя кансультацыі.