Хоць «Лявоніху», хоць кракавяк. На Лідчыне танцуюць усе!

23 Июня 2021 6363

Мінулыя выхадныя вызначыліся гарачым надвор'ем і былі насычаныя культурнымі падзеямі. Адной з самых “гарачых” стаў танцавальны “ЭтнаБум”, які “ўзарваў” у танцах не толькі Лідчыну, але і ўсю Гродзенскую вобласць.

Унікальны праект “ЭтнаБум” – ініцыятыва ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама – закліканы папулярызаваць традыцыйную культуру і захоўваць рэгіянальныя асаблівасці танца. Падобных праектаў дагэтуль на Гродзеншчыне, ды і ў Беларусі не было. Толькі аднаднеўныя фестывалі (напрыклад, абласны фестываль “Танцуем па-даўнейшаму” з прапіскай у Лідзе).

“ЭтнаБум”, наадварот, будзе насіць рэгулярны характар і прадоўжыцца ўсё лета. Штотыдзень на пляцоўках устаноў культуры будуць праходзіць майстар-класы па беларускіх побытавых танцах. Работнікі культуры запросяць да ўдзелу мясцовае насельніцва і навучаць танчыць хоць “Лявоніху”, хоць кракавяк, а то і “Мальвіну”, “Лысага” ці “Падэспань”.

Старт праекту быў дадзены ў мінулую суботу ў 19.00. На Лідчыне танчылі, здавалася, усе! На пляцоўках каля ўстаноў культуры аграгарадкоў амаль адначасова кінуліся ў скокі прафесіяналы і аматары танцаў. Можна не сумнявацца: у нас танчылі лепш за ўсіх!

Ад самых простых рухаў да трохкроку… Работнікі культуры ўпэўненыя: асвоіць беларускі танец можа любы жадаючы. Галоўнае – навучыцца правільна трымаць рукі, спіну, не блытацца ў кроках у час энергічных скокаў. Ну, і, вядома, рэгулярная практыка. “ЭтнаБум” – лепшая для гэтага магчымасць.

Многім удалося станчыць так, каб аж пыл ляцеў з-пад абцасаў! І не стаміцца зусім, а наадварот, напоўніцца цудоўнай энергіяй самабытнага беларускага танца.

Наступны “ЭтнаБум” чакае зацікаўленых жыхароў і гасцей Лідчыны ў бліжэйшую суботу. Актуальная інфармацыя – на сайце Лідскага раённага цэнтра культуры і  народнай творчасці, Тэлеграм-каналах цэнтра і “Культура Лідчыны”.




Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться